– Я ўсё разумею, Аўк. Зразумей і ты: традыцыі зніклі са з’яўленнем белых. З дапамогай Гаўла я зразумеў, што таксама не хачу гінуць. Хай ён ідзе да іншых зграй, размаўляе з імі. Калі пашэнціць, нас стане шмат. А калі не – то яны самі заб’юць гэтага самотніка.
4.
Макс разглядаў у люстэрку чырвоныя адзнакі на скронях. Пасля ўчарашняга здарэння ён праспаў больш за дваццаць гадзін. З самай раніцы палез у сеціва, каб высветліць, што гэта за гісторыя пра ваўкоў. І не знайшоў нічога. Запыты “гісторыя пра ваўкоў”, “белыя ваўкі” і нават “Суу-Ардун” нічога не далі.
“Відаць, незнаёмка выдумала брыдоту пра разумных ваўкоў. Але навошта гэтая тройца хоча пачуць ад мяне працяг? І які? І як яны зрабілі гэта?”
Хлопец дакрануўся да адмецін. Яны ўжо не балелі, але выглядалі так, быццам ён перажыў электрашокавую тэрапію.
За некалькі гадзін у сеціве Максім знайшоў толькі адну падказку – на форуме пра жывёл ананім распытваў пра злых белых ваўкоў з поўначы. Хлопец напісаў невядомаму паведамленне ў прыват і яны дамовіліся сустрэцца ў цэнтры горада.
“Да чаго дайшоў – спатканні незнаёмцам прызначаю”, – пасмяяўся сам з сябе Макс. На ўсялякі выпадак паклаў у заплечнік кухонны нож і выйшаў з кватэры.
***
Інтэрнэт-ананімам аказалася шаснаццацігадовая дзяўчына Ася са светлымі валасамі і блакітнымі вачамі. Яна сама падсела за столік Максіма.
– Ну прывітанне, ці што?
Хлопец не ведаў што адказаць, таму ў адказ кіўнуў галавой.
– Дык і будзеш маўчаць? Калі так, то я пайду, – прамовіла яна з выклікам.
– Чакай, я пра ваўкоў хачу пагаварыць.
– Ведаю, ты пісаў. Інакш я б і не прыйшла да незнаёмага мужыка. Што хочаш ведаць?
– Ты пісала пра белых ваўкоў з поўначы. І яны мяне вельмі цікавяць.
– А я табе навошта? Ідзі да біёлагаў.
– Слухай, мяне цікавяць не звычайныя белыя ваўкі, а гісторыя… Гісторыя, як белыя ваўкі прыйшлі з поўначы і… І забілі астатніх ваўкоў.
Дзяўчына з палёгкай выдыхнула.
– Фух, дзякуй богу. А то мямліш нешта, я нават напружылася. Табе таксама нехта расказаў гэту казку?
– Так, а пасля…
– А пасля прыйшлі трое – чарнявы, бялявы і лысы. Прапанавалі расказаць працяг.
– Усё так. Скажы, што гэта за ваўкі такія і што мне рабіць? Як паводзіць сябе з гэтымі людзьмі?
– А я скуль ведаю, што гэта за ваўкі? Адно скажу – пагаджайся. Наконт грошай яны не падманваюць. Вось, глядзі, што я купіла, – Ася пакруціла ў руках новы айфон. – І яшчэ шмат чаго.
– І што трэба рабіць?
– Ды нічога. Воўчыя сны бываюць у цябе? Гэта і ёсць гісторыя. Не ведаю, пад гіпнозам яны сняцца, ці што… Мне сніліся дзён дзесяць, потым спыніліся. Тады тройца прыйшла. Сказалі, што я павінна знайсці незнаёмца і расказаць працяг маіх сненняў. Але не той працяг, які я захачу, а той, які яны скажуць.
– Каму ты расказала?
– Нейкай негрыцянцы з месяц таму. Яна сядзела на прыпынку, прыгожая. Я і вырашыла ёй дапамагчы. Упэўнена, пасля тройца і да яе прыходзіла.
– А далей?
– Далей не было нічога. Сны скончыліся, гэтыя зніклі.
– І што будзе са зграяй Суу-Ардун у канцы? Што яны загадалі расказаць?
– Хто такія Суу-Ардун? Я расказвала пра іншую зграю. Яна загінула. А-а-а, – Ася шчоўкнула сябе па лбе. – Ты вырашыў, што я тваю гісторыю пераказваю? Усё не так – мы працягваем тое, што нам расказаў папярэдні апавядальнік. Не ведаю, як гэта працуе. Містыка нейкая… О, бачу да цябе прыйшлі “сябры”. Прабач, не хачу яшчэ раз сустракацца з імі. Бывай і памятай – з усім пагаджайся і ўсё будзе добра. І грошы атрымаеш, і сам цэлы застанешся.
Ася сышла і праз момант на яе месца сеў чарнявы з тройцы. Макс адчуў, што белабрысы з лысым стаяць ззаду.
– Табе нельга сустракацца з мінулымі апавядальнікамі. Іх час прайшоў, а твая гісторыя яшчэ не скончана. Вашы размовы могуць усё змяніць. А гэта дрэнна паўплывае на нашы дамоўленасці.