– Чым гэта яны?

– Не ведаю. Не памятаю. Але калі зловяць, наступным разам будзе горш.

Дзяўчына з хвіліну глядзела з задуменнем на былога каханка.

– Добра. Сёння і заўтра. А ў панядзелак пойдзеш на працу і не вернешся. Раскладанка ў кладоўцы. Спаць будзеш на кухні. Толькі абяцай, што не будзеш чапляцца.

– Абяцаю.

– Заходзь.


Воўчы сон

Гаўл стаяў на мяжы і чакаў. Згодна з традыцыямі, зграі маглі размаўляць толькі так – стоячы кожны на сваёй тэрыторыі. Воўк завываў тройчы, аднак дагэтуль ніхто не прыйшоў. Альбо ўсе ваўкі іншай зграі далёка і не чуюць, альбо не хочуць размаўляць.

“Буду чакаць, колькі трэба. Хто-небудзь павінны прыйсці. Ці каб размаўляць, ці каб забіць. Шляху назад няма, інакш Аўк з Грыкам з радасцю прагоняць мяне са зграі”.

Зграя Алык-Ачын, на мяжы якой сядзеў Гаўл, ніколі не была добрым суседам. За апошнія сорак гадоў яна тройчы ваявала з іншымі зграямі. Аднаго разу і з Суу-Ардун. Але вінаваціць ваўкоў Алык-Ачын у гэтым нельга. Іх зямля – пустэльня, дзе зусім мала ежы, вады і немагчыма збудаваць добрую ферму. З-за гэтага іншыя зграі не хацелі захопліваць гэту тэрыторыю – каму патрэбны камяні ды пыл? Цікава, што апошнія пятнаццаць гадоў Алык-Ачын не ваявалі.

Гаўл завыў яшчэ раз і ў гэты ж момант з лесу выбеглі чатыры вялікіх ваўкі. Трое маладых ашчэрылі зубы, выйшлі наперад. Чацвёрты, старэйшы, застаўся ззаду, ягоная пыса шчэрылася ва ўсмешцы. Гаўл не мог яго добра разгледзіць. Ён падціснуў хвост, але не сышоў з месца. Секунды ператварыліся ў хвіліны, а потым адзін з сапернікаў засмяяўся.

– Я вырашыў, што Суу-Ардун пайшлі на нас вайной. А яны нейкага калеку падаслалі. Што табе трэба, воўк? Спадзяюся, ты не па сваім жаданні сюды прыйшоў, а па ўказанні важака. Інакш жывым не сыдзеш.

– Мяне паслаў важак. Я хачу размаўляць з уладаром Алык-Ачын. А лепш выказацца на сходзе зграі.

Малады воўк ашчэрыў зубы ва ўсмешцы.

– Ты мне падабаешся. Наш важак – Акіра. Скажы сваё імя.

– Я – Гаўл.

Гаўл расслабіўся. Па традыцыі, калі воўк гаворыць сваё імя, ён не будзе нападаць.

– Гаўл… Мы ведаем цябе. Наша выведка добра працуе. Ты – адзінец.

– Пад гэтай мянушкай мяне ведаюць у зграі.

– І ты хочаш, каб мы паверылі, што Грык накіруе ў якасці пасла такога, як ты?

– Яму не шкада, калі мяне заб’юць.

– Можа і так. І што хоча нам сказаць зграя Суу-Ардун?

– Я буду размаўляць альбо з важаком, альбо на сходзе.

– Калі так, то можаш гаварыць, – малады воўк азірнуўся на застылага ззаду іх старэйшага. – Акіра – важак Алык-Ачын. Нам крыўдна, што ў вас гэтага не ведаюць.

– Там – ваш важак? І ён прыйшоў на мяжу пад аховай трох ваўкоў? Гэта ж самагубства.

– Ты так лічыш? Павер, нават калі б тут было дваццаць вашых ваўкоў, перамога была б на нашым баку. Гавары, важак не хоча бавіць з табой шмат часу.

– Белыя ваўкі падышлі да межаў нашай тэрыторыі. А праз месяц ці менш яны змятуць нас і прыйдуць да вас.

Малады воўк пабег да старэйшага. Той стаў сур’ёзным. З яго пысы знікла ўсмешка. Малады хутка вярнуўся і сказаў:

– Белыя. Мы чулі пра іх. Аднак не ведалі, што яны настолькі блізка. Добра, Гаўл, праходзь на нашу тэрыторыю. Табе дадзены дазвол. Між іншым, ты станеш першым ваўком за дзвесце гадоў, які прыйшоў да нас не з вайной.


5.

Макс прачнуўся ад кухонных гукаў – сквірчэнне алея, стук патэльні, пасвістванне чайніка. Ён раскрыў вочы і пабачыў Насту, якая пякла бліны. Яна паглядзела на хлопца.

– Без мяне звыкся спаць да дванаццаці гадзін?

– З табой я падымаўся раней, бо было чым раніцай заняцца.

– Не хочаш расказаць, што ў цябе здарылася і хто гэтыя бандыты? – Наста праігнаравала яго словы.

– Хачу, ды не ведаю як. Сам яшчэ не ўсё зразумеў.