– Гаўл, уся зграя трывае твае выбрыкі. З дзяцінства ты быў дурным ваўком. Не гуляў з іншымі шчанюкамі, не паляваў з дарослымі, а калі лавіў труса, то не дзяліўся з іншымі. Мы маглі пакараць ці выгнаць цябе, але ж ты наш брат па крыві. Аднак сёння ты перасягнуў сам сябе. Яшчэ адна памылка – станеш выгнаннікам. Як дзікі драпежнік будзеш хавацца ад сваіх і чужых. Таму добра падумай, перш чым пачаць гаварыць.
– Зразумеў, Грык. Не буду апраўдваць свае паводзіны, бо не за гэтым прыйшоў. Я хачу гаварыць пра белых.
– Мы не на сходзе, не трэба пытаць дазволу, каб нешта сказаць.
Гаўл нахіліў галаву яшчэ ніжэй у знак згоды.
– Біцца з белымі – самагубства. Аўчылак і яму падобныя з лёгкасцю пойдуць на гэта. Аднак мне хочацца жыць далей, паляваць, а ў будучыні выхоўваць сваіх ваўчанят.
Аўк ціха рыкнуў. Ніхто з ваўчыц не пагодзіцца мець агульных шчанюкоў з Гаўлам – адзінцом і вырадкам.
– Я не хачу біцца дзеля бойкі. Я хачу перамагчы. Колькі б там ні было белых, якімі б моцнымі яны нам не здаваліся, іх можна забіць.
– Якім жа чынам ты хочаш перамагчы?
– Колькі ваўкоў зграі могуць біцца? Дзвесце, трыста? Нас павінна быць больш, чым зараз.
– І гэта твая прапанова? Прымусіць ваўчыц нараджаць шчанюкоў? У нас не хопіць ежы, каб іх пракарміць. Ды й белыя не стануць чакаць некалькі гадоў, каб малыя выраслі.
– Не. Нашай зграі не патрэбны лішнія пашчы. Я хачу дамовіцца з іншай зграяй і прасіць дапамогі.
Аўк загыркаў і падняўся на ногі. Тое, што прапанаваў Гаўл, было непрымальным.
– Гэта немагчыма, дурань. Ніколі адна зграя не будзе дапамагаць іншай. Ні ў якім разе. Такога не было за ўсю гісторыю. Мы не кантактуем, а калі бачым іншых ваўкоў на мяжы – ігнаруем іх. Аб чым ты гаворыш, якія перамовы?
– Свет змяняецца. Нам не выжыць адным.
– І гэта кажаш ты, воўк-самотнік? Калі не выжывем самастойна – загінем, як зрабілі сотні зграй да нас.
– Я не хачу паміраць. Нам трэба аб’яднацца.
– Як толькі воўк Суу-Ардун пяройдзе мяжу – пачнецца вайна. Хочаш, каб з поўначы нас грызлі белыя, а з поўдня – шэрыя?
– Чакай, Аўк. – Грык выглядаў зацікаўленым. – Гаўл, ты сапраўды лічыш, што іншыя зграі захочуць дапамагчы?
– Так. На поўдні мы мяжуем з трыма зграямі. У кожнай па трыста-чатырыста ваўкоў, якія могуць біцца. Калі аб’яднаць сілы, можна выставіць армію ў больш за тысячу ваўкоў. І хай нас усё роўна будзе менш, з’явіцца шанец на перамогу. А калі паспяшацца і запрасіць іх на дапамогу ў будоўлі сцяны, шанцы стануць роўнымі.
– А навошта ім гэта трэба?
– У іх, як і ў нас, няма выйсця. Яны альбо загінуць, альбо будуць ваяваць разам з намі.
– Не будзе гэтага! – Поўсць на спіне Аўка ўздыбілася, хвост наструніўся, нібы стары воўк рыхтаваўся да атакі. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, ён быў у паўтары разы большым за Гаўла і лёгка б яго перамог.
– Супакойся, Аўк. Ты не важак, не табе вырашаць. А ты, Гаўл, калі выказаў такую ідэю, то сам і пойдзеш на перамовы. Аднак папярэджваю – мяжу не перасякаць. Рабі ўсё згодна з традыцыямі. Мы маем права пайсці на іх тэрыторыю толькі па запрашэнні. Нам не трэба яшчэ адной вайны.
– Я згодны, уладар. Дазволь ісці?
– Ідзі.
Як толькі Гаўл выйшаў на вуліцу, Аўк рыкнуў на Грыка.
– Што ты робіш? Навошта слухаеш гэтага адзінца? Усё жыццё ён пляваў на зграю. Чаму ты вырашыў, што зараз нешта змянілася? Ён хоча зацвердзіцца на нашым горы!
– Аўк, я раблю тое, што павінен. Шукаю лепшае выйсце для зграі. Прапанова Гаўла дае нам шанец на выратаванне.
– Я заўсёды стаяў побач з табой. Скажы, раіў я калі-небудзь дурное?
– Не, ты быў добрым дарадцам.
– Дык і зараз паслухай мяне. Адмоўся ад глупства. Пакліч баламута назад і выгані са зграі. Ты што, не бачыш небяспекі ў яго паводзінах?