– Я хачу зразумець, што адбываецца. І хто вы такія…
– Не трэба нічога разумець. Ты сам адчуеш, калі прыйдзе час. Атрымаеш свае грошы, мы – сваю гісторыю. І ўсё.
– Хопіць з ім няньчыцца, – другім заўсёды пачынаў гаварыць бялявы. – Трэба правучыць, каб ведаў сваё месца. Тады і думкі дурныя ў галаву не палезуць.
– Не. Ён разумны чалавек, – мычанне лысага Макс мог бы пазнаць сярод тысяч іншых галасоў. – Ён усё зразумеў, так? А зараз нам трэба пабачыць працяг. Ты дазволіш?
Максім успомніў, як ён у мінулы раз пагадзіўся на такую прапанову і прачнуўся на наступны дзень.
– Не хачу!
Усхапіўся з месца і пабег да бліжэйшага прыпынку. Тройца не кранулася з месца.
***
Максім памятаў, як яны лёгка адшукалі і зайшлі ў яго кватэру з зачыненымі дзвярыма. А потым гэтак жа лёгка адтуль сышлі, а дзверы так і не адчыніліся. Яны ведалі дзе ён жыве, значыць, ехаць дадому было нельга. Макс вырашыў схавацца тамм, дзе яго ніколі не стануць шукаць.
Наста засталася жыць у кватэры, якую раней яны здымалі разам – аднапакаёвая хрушчоўка ў Серабранцы. Дзяўчына выставіла яго за “абыякавасць” і “адсутнасць планаў на будучыню”. Як потым расшыфравалі гэтыя словы сябры, гэта азначала, што яна хацела замуж. А ён, ёлупень, не здагадаўся.
Пасля расставання яны працягвалі мець зносіны. Тры-чатыры разы на месяц спісваліся ў сацсетках, двойчы сустракаліся ў кавярнях, а аднойчы ў кіно пайшлі. Праўда, той раз скончыўся вялікай сваркай, бо Максім спрабаваў прасіць прабачэння і прапанаваў зноў сысціся. На гэта Наста запыталася: “А як ты бачыш нашы адносіны?” Ён і выпаліў першае, што ў галаву прыйшло:
– Будзем жыць так, як хочаш ты. Хочаш – ажэнімся, хочаш – як раней жыць будзем. Мне ўсё роўна.
– Атрымліваецца, табе ўсё роўна на нашыя адносіны. Абы б жанчына была пад бокам і ежа на стале. Ідзі ты ў дупу!
Пасля яны два тыдні не спісваліся. Максім думаў, што на гэтым іх адносіны канчаткова пахаваныя. Але цяперашнія абставіны вымушалі хапацца нават за такі варыянт.
Перад дамафонам Макс зразумеў, што не патэлефанаваў. І калі Насты не будзе дома, прыйдзецца бадзяцца па горадзе. На шчасце, праз два гудкі дзяўчына адказала.
– Слухаю, хто там?
– Наста, гэта я, Максім.
– Што табе трэба?
– Мне вельмі патрэбна твая дапамога. Калі ласка. Абяцаю, буду паводзіць сябе добра.
Маўчанне. Хлопцу падалося, што дзяўчына кінула слухаўку
– Добра, заходзь.
У пад’ездзе Макс адчуў, што быццам вярнуўся дахаты – родны пах, знаёмыя зялёныя выцвілыя сцены, сарваныя паштовыя скрыні. Падняўся на трэці паверх, дзе ў дзвярах чакала Наста – дзяўчына, якую ён кахаў настолькі, што пасварыўся з бацькамі, сябрамі і ледзь не кінуў вучобу. Здавалася, што цяпер ад тых пачуццяў нічога не засталося.
Яна стаяла ў хатнім халаце, непрычасаная і без касметыкі. Менавіта такой Наста падабалася Максіму больш за ўсё – сапраўднай і хатняй.
– Прывітанне.
– Прывітанне. Чаго прыйшоў?
“Груба, нават не пасміхнулася. І глядзіць на мяне не са злосцю, як падчас сварак, а з абыякавасцю. Няўжо гэта і ёсць сапраўдны канец адносін?”
– Наста, мне трэба некалькі дзён пажыць у цябе.
– Што?! Ты з глузду з’ехаў? Не хачу я з табой жыць. Гэта нейкая методыка пікапераў, ці што?
– Калі ласка, мне пагражае небяспека. Ты – маё адзінае выратаванне.
– Дык едзь да маці ў Навінкі.
– У маці ды бацькоў будуць шукаць у першую чаргу.
– Ты думаеш у былых каханак шукаць не будуць?
– Гэтыя не будуць. Напэўна. Прабач, што я так прыпёрся. Мне сапраўды патрэбна дапамога.
– А што ты нарабіў? Забіў каго? Цябе міліцыя шукае?
– Не, не міліцыя. Я не ведаю хто. Бандыты нейкія, а чаму – не ведаю. Глядзі, што зрабілі, – ён рукой задраў валасы і паказаў свае скроні з чырвонымі плямамі.