Зграя Андрэй Андрыеўскі

Андрэй

Андрыеўскі


Зграя

Аповесць сноў


1.

Гэта гісторыя пачалася ў звычайнай кавярні на ўскрайку горада. Максім Строцаў, такі ж звычайны, як і кавярня, жыхар Мінска, сядзеў за столікам у цёмным кутку з келіхам светлага піва і перапісваўся з дзяўчатамі ў сацыяльных сетках. Калі б не алкаголь, ён бы зараз не пісаў нікому. Але два праміле разганялі кроў і галава не паспявала кантраляваць учынкі. Так ён праводзіў усе пятніцы з тых часоў, як яго кінула Наста. Да закрыцця заставалася хвілін сорак і хлопец не спяшаўся. Наперадзе былі доўгія выхадныя, на якія ён нічога не планаваў. А насамрэч – не хацеў планаваць.

“Наста, я вельмі моцна сумую. Даруй за ўсё, давай паспрабуем яшчэ раз. Я стану іншым. Абяцаю” – набраў ён паведамленне для былой. Але не паспеў адправіць – выратавала цемнаскурая незнаёмка, якая села насупраць. Яе рукі падрыгвалі, з рукавоў курткі сцякала вада. Ад нечаканасці хлопец толькі і вымавіў:

– Прывітанне. Усё добра?

І адразу зразумеў сваю памылку: "Што за дурное пытанне? Відаць жа, што не ўсё ў парадку". Але незнаёмка не заўважыла пытання.

– Хочаш выпіць? Я пачастую…

Дзяўчына маўчала. Макс захацеў сысці – такое знаёмства не наўрад ці гарантавала добры працяг вечара. Яго рука пацягнулася ў кішэню па гаманец, калі яна загаварыла.

– Мяне завуць Алена і я распавяду табе гісторыю пра ваўкоў.

Макс здзівіўся добрай беларускай мове ад дзяўчыны замежнага выгляду. Хацеў сказаць камплімент і не здолеў. Ён праваліўся ў аповед.


Гісторыя пра ваўкоў

Сусвет бясконцы, і існуе бясконцая колькасць іншых бясконцых сусветаў. І ў адным з іх, які вельмі падобны на наш, самымі разумнымі жывёламі сталі ваўкі.

Яны жылі разам, палявалі, вырошчвалі і выхоўвалі шчанят. Аднойчы ваўкі зайшлі так далёка на поўнач, што ежы стала не хапаць. Тады ўся зграя падзяліліся на пары – ваўкоў і ваўчыц, – якія разышліся па планеце. У іх з’явіліся свае краіны, а ў іх – зграі. Ваўкі адной зграі паходзілі ад двух агульных продкаў. Традыцыі забаранялі пераходзіць межы чужой тэрыторыі, нават калі ад гэтага залежала жыццё. А калі нехта парушаў межы – пачыналася вайна.

Сусвет ваўкоў быў не дрэнным і не добрым. Яго гаспадары жылі, як ўмелі і маглі. Але некалькі гадоў назад на поўначы іх свету з’явіліся ваўкі з белай поўсцю. Яны былі ў два разы большымі па памерах, злымі і не ўмелі размаўляць са звычайнымі ваўкамі. Белыя нападалі на зграі сваіх шэрых братоў, забівалі ўсіх – да апошняга шчанюка і зжыралі іх.

Белых было шмат. Яны лёгка перамагалі адну зграю за другой. А калі нехта з шэрых заставаўся жывы і шукаў выратавання на зямлі іншай зграі, яго альбо праганялі, альбо забівалі свае ж, шэрыя ваўкі. Бо такая была традыцыя.

Здавалася, рана ці позна белыя спыняцца. Заваююць столькі зямель, што там змогуць жыць мільёны ваўкоў. Аднак яны ішлі і ішлі далей на поўдзень. Зграі змагаліся і гінулі, а на іх месцы пачыналі жыць белыя ваўкі. Яны нічога не стваралі, не будавалі, не гадавалі шчанюкоў. Толькі разбуралі свет.

За чатыры гады белыя захапілі палову планеты. І ніводная зграя не магла перашкодзіць ім. Бо ніхто не ведаў, як з імі біцца і як перамагаць.

Наступнай на іх шляху на поўдзень была зграя Агыр-Санан. Яна жыла сярод высокіх лясоў, дзе вадзілася шмат жывёл. Кожны год з поўначы на поўдзень праз іх землі мігрыравалі зубры, а з захаду на ўсход два разы на месяц перасоўваліся антылопы. Ежы было шмат. Да таго ж, ваўкі Агыр-Санан навучыліся захоўваць мяса так, каб яно не псавалася шмат месяцаў. Гэта сакрэт яны аберагалі ад іншых зграй. Як і іншыя зграі, яны пазбягалі любых кантактаў з чужымі ваўкамі, жылі замкнёна і не цікавіліся: што робіцца за межамі іх тэрыторыі. І пра белых яны даведаліся, калі тыя прыйшлі і сталі забіваць іх ваўчанят.

Агыр-Санан біліся з жарсцю. Але што могуць зрабіць чатырыста ваўкоў супраць дзесяці тысяч? Шэрыя схаваліся за сценамі горада. Са сваімі запасамі ежы яны маглі вытрымліваць асаду на працягу года. Але драўляная брама не спыніла белых. Яны грызлі яе, з разбегу кідаліся целамі, білі галовамі нібы таранам. І за колькі гадзін прабілі дзірку. Як толькі першы воўк з белай поўсцю прабіўся ў горад, лёс Агыр-Санан быў прадвызначаны. Выратавалася шэсць шэрых ваўкоў. Яны збеглі на поўдзень, на зямлю іншай зграі.

Белыя спыніліся, каб адсвяткаваць перамогу – жэрці целы шэрых ваўкоў. Гэтага хопіць ім на месяц, а потым яны пойдуць далей. На іх шляху ляжаць землі зграі Суу-Ардун. Іх тэрыторыя – вузкі перашыек, які злучае два кантынента. Калі белыя пераадолеюць яго, то адкрыецца шлях да паўднёвых зямель. І яны заб’юць усіх, чый колер поўсці адрозніваецца ад іхняга.

***

– Я не ведаю, што будзе далей. Даведайся працяг і раскажы наступнаму апавядальніку.

Максім сядзеў аслупянелы. У галаве пракручваліся жудасныя сцэны – ваўкі разрываюць адно аднаго, усюды ліецца кроў, белая поўсць становіцца чырвонай. Гісторыя дыяфільмам пракручвалася перад ім.

Праз хвіліну ён ачуняў. Цемнаскурая незнаёмка сядзела на сваім месцы. Ён успомніў апошнія яе словы.

– Працяг? Ну…

– Не, ты яшчэ не ведаеш. Пачакай крыху. І прабач мяне.

– Прабачыць? За што? Ты казала, цябе Алена завуць? Можа, сустрэнемся на тыдні?

Дзяўчына моўчкі паднялася і сышла. Максім пасміхнуўся і здзівіўся сам сабе – з чаго б яго захапіла недарэчныя гісторыя пра нейкіх ваўкоў? Дый дзяўчына не адпавядала ягоным густам. Ён дапіў піва, пакінуў грошы па рахунку і пайшоў дадому.


Воўчы сон

Грык з адчаем думаў пра будучыню. Белыя былі на самай мяжы і наўрад ці спыняцца. Калі верыць аповедам палонных, у іх не было мэты – толькі голад. Яны нікога не шкадавалі, не ішлі на перамовы – адразу кідаліся ў бойку.

На мінулым тыдні шэсць ваўкоў са зграі Агыр-Санан перайшлі мяжу і расказалі ўсё, што ведалі пра белых: яны ў некалькі разоў большыя па памерах, б’юцца да смерці, не адчуваюць боль, а іх поўсць і тоўстую скуру немагчыма пракусіць. Белыя не проста забівалі шэрых ваўкоў, а адразу ж іх жэрлі. І выратавання няма, бо нават самая вялікая зграя ў свеце налічвае менш за восем соцень ваўкоў, а белых – тысячы.

Гнеў пазбавіў Грыка страха, але воўк ведаў, што гэта ненадоўга. “Адкуль яны ўзяліся? Нават з трусавымі фермамі адзін паляўнічы надзел не можа пракарміць тысячу ваўкоў. А яны прыйшлі з поўначы, дзе па легендах немагчыма гадаваць жывёл, можна толькі паляваць. Ды й на каго? Паданні гавораць, што там жывуць белыя мядзведзі, якія самі каго хочаш з’ядуць”.

У хату зайшоў Аўк – былы важак зграі. Ён саступіў сваё месца Грыку, калі зразумеў, што састарэў і ў чэснай бойцы за ўладу не адолее свайго саперніка.

– Аўк, што нам рабіць? Праз месяц ці хутчэй белыя прыйдуць на нашу зямлю. Нас чатыры сотні разам са старымі і шчанюкамі. А іх – тысячы. Мы не пераможам.

– Не ведаю. За ўвесь час, што я кіраваў зграяй, галоўнай праблемай была міграцыя зуброў. Мы шмат гадоў не ваявалі з іншымі зграямі, не пашыралі тэрыторыю і не галадалі. Трэба набіраць войска, хаця б невялікае – сорак-пяцьдзясят моцных ваўкоў. Хай ахоўваюць мяжу. Яшчэ б трох-чатырох я адправіў на выведку. Трэба ведаць, калі белыя пойдуць на нас.

– Войска… Адкуль мне ўзяць столькі вольных ваўкоў? Усе працуюць ці на фермах, ці ў горадзе, ці палююць. Добра, калі дзесяць знайду. Ды й яны нават разам не адолеюць хаця б аднаго з тых…

– Пабудуем сцяну. Яна спыніць белых.

– Ведаю, ужо даў загад. Ды не паспеем. Ты ж чуў пра іх памеры. А значыцца, і сцены павінны быць вышынёй больш за чатыры галавы, інакш пераскочаць. А за месяц мы добра калі паспеем палову ад такой вышыні збудаваць. Прасцей канал прарыць, які б аб’яднаў заходняе і ўсходняе мора.

– Хопіць вышыні ў дзве галавы. Адразу ўсе пераскочыць сцяну не паспеюць. І калі адны скокнуць на тэрыторыю горада, а іншыя будуць рыхтавацца, мы першых паспеем забіць. Потым адаб’ём другую хвалю, трэцюю… Пакуль не пераб’ём усіх.

– Нават калі так будзе і ніхто з нашых не загіне ў першай бойцы, мы зморымся. Яны перамогуць колькасцю. А калі і паспеем сцены да канца збудаваць, ежы ў горадзе хопіць на тыдзень. А потым што? Саміх сябе жэрці будзем?

– А можа не ўсё, што нам расказалі – праўда? Верыць ваўкам чужых зграй – апошняя справа.

– Аўк, мы ж забілі іх. Думаеш, яны б сталі ілгаць, ведаючы пра немінучую смерць?

– Забілі, бо гэтыя ваўкі прыйшлі на нашу зямлю без дазволу і парушылі ўсе традыцыі. За такое альбо выгнанне, альбо смерць.

– Гэта мяне і пужае – яны пагадзіліся памерці, абы не трапляць у кіпцюры белых.

Аўк лёг на падлогу і паклаў галаву на лапы. Так ён паказваў – размова скончана.

– Грык, я не важак. Парады мае ты пачуў. Вырашаць табе. Што, ты лічыш, нам трэба зрабіць?

– Нічога. Самае лепшае – перайсці на тэрыторыю іншай зграі і памерці. Так нас хаця б пасля смерці не з’ядуць, а пахаваюць.

– Ты не зробіш гэтага.

– Чаму ж? Мы ў любым выпадку загінем. Якая розніца, хто нас заб’е – свае ці чужыя?

– Ты ўладар, аднак мая парада – склікай агульны сход зграі. Трэба ўсім паведаміць, што нас чакае.

– Добра, Аўк. Склікай усіх.

Стары воўк выйшаў з будкі і праз хвіліну пачулася выццё. Яно разнясецца на дзясяткі кіламетраў, і кожны воўк са зграі паўторыць яго. За ўсю тысячагадовую гісторыю гэты гук застаўся нязменным і азначаў адно – час збірацца разам, вырашаць агульныя праблемы і ратавацца ад ворагаў. Кожны воўк Суу-Ардун, чым бы ён не займаўся, прыйдзе ў горад, каб слухаць важака.