– Добры дзень, – пачаў чарнявы, які выглядаў за галоўнага.

Макс спыніўся, бо не мог паскорыць крок і збегчы ад непрыемнай кампаніі. Тройца падрыхтавалася – малы стаяў каля ўваходу ў пад’езд, а лысы зайшоў ззаду. “З такімі лепш не сварыцца” – вырашыў хлопец.

– І вам прывітанне.

– Мы цябе чакалі.

– Мяне? Навошта? Цыгарэт няма, бо не палю. Грошай таксама – усё на банкаўскай картцы.

– Грошы нам не патрэбны. Мы хочам пачуць гісторыю.

– Што? Якую яшчэ гісторыю?

– Гісторыю пра ваўкоў.

– Што за глупства, якія ваўкі?

– Учора ты сустракаўся з дзяўчынай. Яна расказала пра ваўкоў. Нам патрэбны працяг.

– Вы з глузду з’ехалі? Нічога я расказваць не буду. Самі прыдумвайце.

– Мы не можам. Гісторыя належыць табе. І мы хацелі б яе… арандаваць.

– Прабачце, не разумею. Як можна “арандаваць” гісторыю?

– Што тут незразумелага? – ініцыятыву перахапіў белабрысы. – Ты расказваеш нам працяг, а мы за гэта пакідаем цябе ў спакоі.

– Не пужай, – прамовіў лысы. – Вас Максімам клічуць? Дык вось, Максім, калі зробіце, як мы прапануем, то атрымаеце грашовую падзяку. Скажам, сто тысяч. Падумайце над нашай прапановай. Заўтра прыйдзем па вашу згоду.

Яны расступіліся, даўшы праход.

***

Макс зайшоў у кватэру і зачыніў дзверы на ўсе замкі. Нават на верхні, якім не карыстаўся з самага пераезду.

“Што гэта за хрэнь? Глупства нейкае. Ваўкі, гісторыі, грошы… Зразумела, што справа ў той дзяўчыне. Можа, нехта са знаёмых вырашыў паздзекавацца, ці блогеры свой нейкі флэшмоб ладзяць? Ды й сама тройца – нешта неверагоднае. Ніколі не бачыў такіх розных людзей разам. І што мне рабіць з гэтым? Ай, пайшло яно ўсё! Дзе піва? Не выйду заўтра нікуды з хаты. Паглядзім, што яны зробяць. О, учора ж новая серыя “Вядзьмара” выйшла, трэба глянуць”.

***

Тройца сядзела каля пад’езда. Яны не размаўлялі, не варушыліся, не дыхалі і не міргаліь. Васковыя твары замёрлі, а вочы глядзелі ў адну кропку. Быццам мадам Цюсо выкінула тры экспанаты са сваёй вялікай калекцыі і цяпер яны чакаюць свайго калекцыянера.


Воўчы сон

Грык сядзеў на ўзвышэнні, побач ляжаў Аўк. Тры сотні ваўкоў зграі Суу-Ардун – усе дарослыя, хто мог хадзіць – стаялі насупраць і моўчкі чакалі. Бо закон зграі – пакуль важак гаворыць, астатнія сядзяць ціха.

– Браты і сёстры, думаю вы ўсе чулі навіны з поўначы, якія прынеслі ваўкі зграі Агыр-Санан. Тысячы белых ваўкоў, якія не разумеюць мовы і лічаць нас ворагамі, праз месяц прыйдуць на нашу зямлю, – Грык адразу перайшоў да галоўнага. – Я склікаў сход, каб вырашыць – што нам рабіць. Белыя мацней, іх больш і з імі немагчыма паразумецца. Мабыць, яны як і дзікія звяры, не маюць розуму. Таму трэба вырашыць – будзем змагацца з імі, прайграем і нас з’ядуць, альбо пойдзем на поўдзень, на землі іншай зграі, дзе нас таксама заб’юць, але пахаваюць па ваўчыных звычаях. Я сказаў.

Пасля апошніх слоў шэрая маса пачала падвываць і перагаворвацца. А гучней за ўсіх – маладыя ваўкі, кожны з якіх марыў некалі заняць месца Грыка. Зараз ён іх не баяўся, бо ў чэснай бойцы мог перамагчы любога са сваёй зграі.

– Ціха, цяпер я хачу слухаць вас.

Зграя супакоілася. Кожны, хто хацеў выказацца, мог выйсці наперад і гаварыць. Першым да Грыка падышоў Аўчылак, малады высокі воўк з шэра-зялёнымі вачамі.

– Уладар, мы разумеем, што навала з поўначы можа скончыць зямны век нашай зграі. Але бегчы ад небяспекі, як баязліўцам, нельга. Любы воўк лепш загіне ў бойцы, чым будзе чакаць, каб воўк іншай зграі перагрыз яму глотку. Таму лічу: мы павінны змагацца.

– Я цябе пачуў, Аўчылак. Хто яшчэ хоча гаварыць?

Астатнія маўчалі. Нікому не хацелася бегчы са сваёй зямлі.

– Калі ўсе маўчаць, то скажыце, як нам змагацца з белымі. Аўчылак, кажы ты.