Гаўл упершыню бачыў такую пабудову. У горадзе іх зграі хата важака была меншая разоў у пяць.
Там Акіра спынілася, азірнулася і пачакала Гаўла і ягоных ахоўнікаў.
– Каралева – значыцца уладарыня, – зірнула Акіра на Гаўла. – А гэта мой палац – заходзь.
У палац яны зайшлі толькі ўдвух – маладыя ваўкі засталіся звонку. Знутры пабудовы было вялікае памяшканне, адкуль можна было прайсці ў іншыя пакоі. Па цэнтры месцілася лесвіца на другі паверх.
– Вы будуеце шматпавярховыя хаты?
– Я ж сказала – гэта не хата, а палац. Пайшлі ў мае пакоі.
Акіра пачала падымацца па лесвіцы на другі паверх, Гаўл паспяшаўся за ёй. На вяршыні лесвіцы сядзеў яшчэ адзін стары воўк са шнарамі. Ён нізка нахіліў галаву і сказаў:
– Мая каралева, якія будуць загады?
– Нічога не трэба. Праз гадзіну прынясіце нам ежу.
– Слухаюся.
– Пайшлі, Гаўл.
Праз невялікі праём яны апынуліся ў доўгім пакоі, падлога якога была засланая скурамі зуброў. У адным з кутоў месціўся ложак са шкурак трусоў. Акіра прайшла да невялікага драўлянага стала ў цэнтры.
– Кажы, навошта Грык паслаў цябе сюды? Як вы хочаце змагацца з белымі?
– Ёсць толькі адзіны шанец перамагчы. Яны мацней нас і іх больш. Ніводная зграя ў адзіночку не выстаіць. А таму трэба аб’яднацца.
– Прапануеш, каб дзве зграі біліся разам?
– Так.
– Хочаш сказаць, Суу-Ардун запросіць нашых ваўкоў на сваю тэрыторыю, падзеліцца ежай і вадой?
– На час бойкі. Потым усё будзе па-старому. Таму я і прапанаваў склікаць сход, каб ваўкі вырашалі, ці пагадзіцца на нашу прапанову.
– Гаўл, ты так і не зразумеў? Я не важак, а каралева.
– Не ведаю, што гэта значыць. Я не чакаў, што кіраўніком зграі можа стаць ваўчыца. Аднак, калі вы пагадзіцеся на прапанову, то мне ўсё роўна.
– Каралева – не тое ж самае, што важак-жанчына. Каралеве не патрэбна згода іншых ваўкоў. Любое маё рашэнне – закон для іншых.
Гаўл разгубіўся і апусціў галаву ніжэй, чым звычайна.
– Як гэта? Такога не можа быць…
– Усё магчыма. І я не першая каралева Алык-Ачын. Да гэтага каралевай была мая маці, якая забіла апошняга важака. Пасля яе смерці ўлада перайшла да мяне ў спадчыну.
– Не разумею. Гэта ж парушае ўсе традыцыі. Мала таго, што ваўчыца стала уладаром над зграяй, дык і наступным важаком стала яе дачка, ды без бойкі…
– Традыцыі не каштуюць нічога. У нашай зграі быў выбар – загінуць у войнах з іншымі зграямі, ці цалкам змяніць тыя самыя традыцыі на новыя. Заставайся маім госцем да заўтра і я ўсё раскажу. Наконт тваёй прапановы – мы згодныя. Але каштаваць гэта будзе шмат.
Гісторыя пра ваўчыную каралеву
Мяне клічуць Акіра. Такое імя было ў маёй маці. Таму ваўкі між сабой называюць мяне Акіра Другая. Я не крыўджуся. Бо імя нічога не значыць без адносін. А мяне паважаюць.
Не буду расказваць пра апошнюю вайну. Яна, напэўна, была падобнай да любой іншай вайны – ваўкі ды ваўчыцы без шкадавання забіваюць адно аднаго. Бо так павялося ад самага з’яўлення ўсіх ваўкоў: твая зграя – гэта сям’я, а іншая зграя – ворагі.
Я раскажу пра заканчэнне вайны. Тую гісторыю, якую расказала мне маці. Ворагі Алык-Ачын адпомсцілі нам, пераможаным. Забралі ўсю ежу ды спалілі нешматлікія драўляныя пабудовы. Але не спыніліся на гэтым. Відаць, жадалі, каб тут засталася мёртвая пустэльня. А таму забілі ўсіх ваўчанят. І наша зграя, дакладней тыя шэсць дзясяткаў ваўкоў, якія ад яе засталіся, стаялі і бездапаможна на гэта глядзелі. Інакш загінулі б усе. Чужыя абшукалі кожную хату, нару ды дзірку ў зямлі і загрызлі ўсіх шчанюкоў. Іх мёртвыя целы зацягнулі да сярэдзіны горада і сышлі.
Мы злаваліся, але не на ворагаў. Разумелі, што на іх месцы зрабілі б тое ж самае. Нас не задавальняла становішча галодных і слабых. Мы хацелі жыць, як астатнія зграі, хацелі дабрабыту і міру. І ў гэты момант агульнай роспачы да мёртвых шчанюкоў выйшаў важак і стаў гыркаць: