4. 1930 год. Сяло Цішкоўка. Украінская ССР

Беркут не сумняваўся ні каліва, кім хоча стаць, і ведаў дакладна, куды паступіць пасля школы. Ён быў зачараваны раманамі пра марскія прыгоды і не ўяўляў свайго будучага без капітанства на марскіх судах. Так, ён бачыў сябе менавіта капітанам – марскім ваўком – якому падкорацца ўсе моры і акіяны. Неяк нават хацеў уцячы з дому, каб трапіць юнгам на борт якога-небудзь судна, сабраў рэчы, неабходныя для паходу, запасся запалкамі ды соллю і рушыў у бок чыгункі, што праходзіла за дваццаць пяць кіламетраў ад Цішкоўкі. На жаль, на выхадзе з сяла яго перастрэў бацька, які вяртаўся з нейкага чарговага пасяджэння. І чаго Бекркут пайшоў тою дарогай, па якой хадзілі ўсе? Мог жа напрасткі гародамі і праз лес! Спадзяваўся на вечаровы морак, нават перадначны? Дый бацьку сустрэць ні ў якім разе не спадзяваўся і не разлічваў. Той, як адчуваў нешта, марудзіў вяртацца дадому, ішоў няспешна, курыў у смак. Беркут, калі ўбачыў бацьку, але яшчэ не разгледзеў, бо цёмна, думаў праскочыць паўз, схаваўшыся ў каўняры, ды той адразу пазнаў сына і, відаць, здагадаўся, куды выправіўся падшыванец, таму доўга не разважаў, імпэтным рухам выцягнуў папругу і выцяў ёю некалькі разоў па плячах нашчадка, каб мазгі таго, пакаламучаныя рамантычнай бздурай, на месца пасталі. І ўсё моўчкі. Адно чуваць было, як шумна выдыхаў і ўдыхаў паветра носам, раз’юшаны не на жарт. Давялося бегчы, ратавацца, але куды? Вакол цемрадзь і восеньская слота, а Беркуту ўсяго дзесяць гадоў. Гнеў бацькі палохаў больш за гнеў усіх багоў разам узятых, якіх адмяніла савецкая ўлада, быццам з-за адмены тыя ўзялі і раптам зніклі, быццам іх і не было ніколі. Таму дамоў нельга: заб’е. Дый дзе той дом? Беркут ад страху ці ад шоку, бо ніколі раней бацька на яго рукі не падымаў, разгубіўся і не пазнаваў мясцовасці, у якой нарадзіўся і вырас. З вачэй пакаціліся здрадлівыя слёзы. Ён жа нікому не хацеў зрабіць нічога дрэннага, наадварот, працаваў бы і дасылаў грошы сям’і, бо меў упэўненасць у знаходцы скарбаў на востраве скарбаў, куды і імкнулася яго душа, якая, на вялікі жаль, была прывязаная да цела і без цела злётаць адна на той востраў не магла. Няўжо так цяжка зразумець? Аднак разумець не было каму, бо ён жа не растлумачыў бацьку прычыну свайго ўчынку, а ўцёк, як ружовы трус. Добра, хай сабе і не ружовы, ды ўсё адно сутнасці тое не мяняе. Беркут ненавідзеў сябе за асэнсаванне таго, што адбылося, і за факт прызнання сябе баязліўцам, бо баязліўцам не быў на самай справе. Наадварот, характар меў бацькаў.

Ногі прынеслі да дзедавага падворка, але ў хату Беркут не зайшоў, хоць і ведаў, што дзед зразумее яго, калі распавесці тому пра сваю мару, і абавязкова падтрымае. Не хацеў хваляваць? Не. Хутчэй не хацеў нікога бачыць пакрыўджаны на бацьку. Па драбінах знадворку падняўся на гарышча, праслізнуў мышшу праз драўляныя аканіцы і шуснуў у салому, утрамбаваную ім жа зусім нядаўна. Карцела разраўціся, не ўголас, зразумела, але Беркут змахнуў здрадлівыя слёзы і прымусіў сябе супакоіцца, каб ніколі больш у жыцці не дазволіць слязам зганьбіць яго. Ён ніколі больш не заплача і не пакажа слабасці. Свет бачыў Беркутавы слёзы ў апошні раз.

Калі ўжо задрамаў, пачуў бацькаў голас, устрывожаны, занепакоены, усхваляваны, але не азваўся, адмыслова не азваўся. Няхай бацька патурбуецца і пахвалюецца. Пра тое, што ў выпадку выкрыцця яго схову, зноў можа атрымаць папругі, Беркут не думаў. Ахоплены пачуццём помсты, прымітыўнай і несправядлівай па праўдзе кажучы, ён не хацеў паставіць сябе на месца бацькі і паслядоўна разабрацца ў прычыне ўчынку таго ў дачыненні да сына, ды і ў сваім таксама не жадаў калупацца, як пальцам у носе, бо вінаватым ні ў чым сябе не лічыў. Гэта яго не разумелі, яго прынізілі, дык вось вам за гэта, атрымлівайце!