Бацька сапраўды непакоіўся за Беркута. Ён не сумняваўся, што сын вярнуўся дахаты, бо слова яго было законам. Дапускаў, што мог пакрыўдзіць сына, але не сумняваўся, што меў на тое права, бо ўсё ж заставаўся бацькам і чалавекам з вялікім жыццёвым вопытам, якому больш відаць, што трэба і чаго не трэба дзесяцігадоваму падшыванцу. Магчыма, крыху перагнуў палку, але не да сантыментаў было, яшчэ дзякуй скажа, што своечасова спыніў… І вельмі здзівіўся, што не знайшоў Беркута ў ложку, маючы намер пагаварыць з ім як мужчына з мужчынам, відаць, надышоў час растлумачыць што да чаго. Усю дарогу дадому ён дакараў сябе за жорсткасць, бо любіў адзінага сына і не хацеў яго крыўдзіць, прыдумваў патрэбныя словы прабачэння перад ім такія, якія б і яго аўтарытэт старэйшага не пахіснулі, і малога зноў не абразілі. Але Беркута дома не аказалася. Бацька перавярнуў хату, нібы стол, дагары, аднак сын не выкуліўся ні з якага кута і закутка. Пабудзіў і прымусіў дочак і жонку шукаць зніклага сына, да якога пачаў адчуваць раптоўную злосць, а сам рушыў да свайго бацькі, спадзеючыся заспець там Беркута. У дзеда з унукам была непарыўная сувязь, стары не мог надыхацца Беркутам, як паветрам, таму, хутчэй за ўсё, той да дзеда і пабег. Аднак бацьку зноў чакала расчараванне, бо дзед ні сном, ні духам пра ўцёкі ўнука не ведаў. У тое, што Беркут мог праігнараваць довады старэйшага і ўсё ж гародамі ды лесам кінуцца да чыгункі, бацька не верыў. Адчуваў: стоадсоткава недзе паблізу хаваўся ўшавэлак, назіраў і смяяўся ў кулачок. І гэта раз’юшвала не ў меру гарачага старшыню надзвычайна. Ён перастаў сябе стрымліваць і выгукваў у паветра нядобрыя словы ў адрас сына, шкадаваў адразу, але інакш не мог. Дзед супакойваў яго, раіў апамятацца і не псаваць паветра брыдкімі словамі. Тады бацька закрычаў і на дзеда, абвінавачваў яго ва ўцёках Беркута, у дрэнным уплыве, у дрэнным уплыве праклятых кніг з дзедавай бібліятэкі зрынутых арыстакратаў, якія і пасля смерці аўтараў тлумяць светлыя галовы пралетарскай моладзі. Начытаўся рознай рамантычнай лухты хлопец і вырашыў, што паўсядзённае жыццё ў сяле не для яго, што яно соннае і сумнае, без прыгод і подзвігаў, выключна дзеля якіх ён і быў народжаны, вось і збег па подзвігі, д’Артаньян-недаростак!.. Дзед усміхнуўся ў бараду і паправіў старшыню, што Беркут не д’Артаньян, а, хутчэй, капітан Нэма, бо клічуць яго не шпагі свіст, а бяскрайнія марскія абшары, і гэта нармальна ў яго ўзросце. Бацька яшчэ пабурчаў дзеля прыліку, але мусіў пагадзіцца з высновамі дзеда, хоць і не напаказ. Тым часам Беркут, які ўважліва прыслухоўваўся да размовы старэйшых з гарышча і не прапусціў ніводнага слова паўз вушы, моцна чыхнуў. Ён заціскаў як мог раздражнёны саламяным пылам нос і далонямі, і пальцамі, і рукавом, але нястрымнае жаданне чыхнуць не праходзіла, а, здавалася, наадварот, узмацнялася з кожным разам яго адцягвання. Беркут чыхнуў, умомант пачырванеў у спалоху выкрыцця, аберуч заціснуў і нос, і рот заадно, каб больш не выдаць сябе, ды затаіўся, нават не дыхаў. Бацька з дзедам адначасова ўтаропіліся позіркамі ў столь. Вачыма дзед папрасіў старшыню не турбаваць хлопца ды ісці сабе памалу дадому, з унукам сам разбярэцца. Той згодна кіўнуў. Гнеў яго прайшоў. Галоўнае, сын жывы-здаровы і нікуды не ўцёк, а значыць, адна гара з плячэй далоў. Каб жа ўсе горы былі такімі лёгкімі. Дык не, паселі на яго карку банькамі, усмакталіся п’яўкамі ў плоць і смокчуць удзень і ўначы ненасытна. Бацька парукаўся з дзедам на развітанне і пашыбаваў прэч з двара. Беркут выдыхнуў праз пальцы, узрадаваны, што небяспека мінула, ды, знясілены нервовым напружаннем, не заўважыў як заснуў. Дзед асцярожна, каб не пабудзіць, зняў яго з гарышча і занёс на руках у хату, паклаў на печ, клапатліва ўкрыў коўдрай, пяшчотна правёў рукой па стрыжанаму вожыку і прысеў на тапчан каля печы. З дальняга пакоя выйшла жонка, мо, пацікавілася, трэба чаго. Дзед адказаў, што нічога не трэба, і дадаў, каб ішла адпачываць, а на яго не звяртала ўвагі. Ён з унукам пабудзе, унуку больш неабходна зараз дзедава прысутнасць.