Беркутаў бацька таксама загінуў. У баі – «отвлекающем маневре» – дзеля выратавання ваеннапалонных з лагера. Не ўсім, зразумела, удалося ўцячы тады з палону, але партызанам пашанцавала ўратаваць сотні жыццяў цаною жыцця свайго камандзіра. Той адмыслова, здавалася, лез пад кулі. Загінула і маці Беркута. Яна была родам з Валыні. Вайна яе заспела там: гасцявала ў сваякоў, якія не пусцілі жанчыну дамоў, не дазволілі вярнуцца да мужа, бо лічылі небяспечным і доўгім шлях на Кіраваградчыну. Калі пачалася рэзня паміж палякамі і ўкраінцамі – маці апынулася быццам паміж молатам і кавадлам, папоўнішы і сваім целам той жудасны фарш дзеля мясарубкі смерці. Менавіта з таго часу Бандэру і бандэраўцаў называюць фашыстамі, бо гэта быццам бы ён аддаў загад на знішчэнне палякаў на Валыні. Зрэшты, Беркут даведаўся пра тое надта позна, каб рабіць нейкія лёсавырашальныя высновы Дый з бандэраўцамі не ўсё так адназначна, як іх падавалі, быццам чарцей на сподку, чэкісты і іх органы друку на стол савецкага народа. Таму ён і не пагадзіўся ў свой час на супрацоўніцтва з МГБ і адмовіўся ад камандзіравання ў Карпаты дзеля выяўлення бандфарміраванняў. Але тое ўсё яшчэ наперадзе.
У дзесяцігадовым жа ўзросце Беркут пакутаваў на зубны боль, які, здавалася, не пакіне яго ніколі і будзе суправаджаць да канца жыцця. Не ратавала анічога, хоць бійся галавой аб сценку, хоць падай плазам з вышкі ў рачную ваду. Неяк уначы боль стаў такім невыносным, што Беркут закрычаў, не ў сілах больш трымаць яго ў сабе, а слёзы пырснулі з вачэй, быццам кроў з раптам распоратага аб цвік сцягна. Ад таго болю ён нават страціў прытомнасць, тэмпература падскочыла, ахапіла ліхаманка. Маці потым казала, што сын трызніў цэлымі раздзеламі з кніг пра піратаў, ірваўся на абардаж і марыў загінуць за прыўкрасную Арабелу. Яго на руках дзед занёс на могілкі да паўшых герояў грамадзянскай вайны, паклаў на зямлю, нешта шаптаў, як шаман, зносіўся з мёртвымі, сыпаў на нерухомае цела ўнука якуюсь расталчоную ў ступе траву, расціраў яе ў яго на грудзях уперамешку з нечым ліпкім, уліваў у рот нейкую бурду, дзякаваў, годна схіліўшыся ў паклоне, усім чатыром бакам свету… Бацька не падтрымліваў дзедавы хітрыкі і зайграванні з прыродай, але яны дапамаглі Беркуту. З той ночы зубы ў яго не балелі ніколі. Яго немач назаўжды правалілася пад зямлю, і яе моцна трымалі нежывыя косці памерлых.
3. Снежань 1988 года. Горад Шахцінск, Казахская ССР
Еўдакія Дзянісаўна Беркут – жонка Беркута, на пяць гадоў маладзейшая за мужа – напружана пазірала на дзверы гасцёўні, якія чамусьці зачыніў яе сын. Тыя дзверы дзесяцігоддзямі ніхто ніколі не зачыняў. Ва ўсякім выпадку яна нічога падобнага прыгадаць не магла, хоць на памяць не скардзілася. Былі б здаравейшымі ногі, вядома, прайшла б за дзверы і высветліла прычыну дзіўных паводзін сына і суседа. Зрэшты, пры пэўных высілках, пераадольваючы боль, Еўдакія Дзянісаўна ўсё ж совалася па кватэры, але менавіта цяпер, дакладней, цягам цэлага дня ногі здаваліся быццам нежывымі і выглядалі як калоды. Дый сама яна, што ўжо там, нагадвала калоду, з-за чаго не любіла люстэркаў, якія бязлітасна пазіралі на яе яе ж вачыма, штораз гідліва адварочвалася ад іх, лічыла асабістымі ворагамі, хоць тыя, зразумела, ні ў чым вінаватымі не былі, але адлюстроўвалі праўду. Праўда ж, як вядома, не патрэбна нікому. Яна зразумела гэта даўно, дзякуючы самай праўдзівай, як дэкларавалі тое ўсе партыйныя босы СССР, газеце «Праўда» – галоўнаму рупару чэкістаў і сэксотаў. Еўдакія Дзянісаўна ненавідзела іх, ды, зрэшты, нікому пра гэта не казала, бо муж яе ідэйны партыец, яна б, у першую чаргу, падвяла яго, таго, каму, лічы, абавязана жыццём, дабрабытам і дзецьмі. За дзяцей асабліва была ўдзячна, нават за няродную ёй, старэйшую, якую Беркут прывёз ужо шаснаццацігадовай дарослай дзяўчынай аднекуль з Прыкарпацця пасля смерці яе мамы. Яны і пажаніліся толькі пасля смерці той жанчыны, бо афіцыйна Беркут быў жанаты на ёй. Еўдакія Дзянісаўна не крыўдавала на яго, кахала, бо не мела іншага выбару, бо згніла б дзе-небудзь на Салаўках ці ў казематах кіраваградскай турмы, калі б не ён. Каханне яе да Беркута аказалася мусовым, спачатку з-за ўдзячнасці, ды потым перарасло ў нешта большае пасля нараджэння дзяцей. Так бывае. Ці кахаў Беркут яе? Еўдакія Дзянісаўна дасюль не ведала, пражыўшы з ім большую палову свайго жыцця. Зрэшты, за ім яна яна як за каменнай сцяной, ёй нават не давялося працаваць і дня, хадзіць, рыхтык зомбі, на прэславутую работу і мардаваць сябе да знясілення заводскімі ці фабрычнымі цэхамі, а затым пакутаваць на абавязковых партыйных сходах ды справаздачах. Беркут вырашыў, што з яе досыць той працы, якую яна спазнала ў Нямеччыне, куды яе і яшчэ больш за сто цішкоўскіх юнакоў і дзяўчат гвалтам вывезлі фашысты. Беркута адрознівала ад усіх іншых мужчын, якіх ведала Еўдакія Дзянісаўна, гіпетрафіраванае, неўласцівае савецкаму чалавеку, тым больш партыйцу, пачуццё справядлівасці. Зразумела, суб’ектыўнае, нярэдка здавалася, што дзікае, але правільнае. Відаць, бацька Беркута перадаў яго сыну разам з крывёй. Той таксама жыў па-справядлівасці, такой, якой яна павінна быць, па яго меркаванню, не шкадуючы, калі патрабавалася, нікога, і сябе ў тым ліку. Еўдакія Дзянісаўна прыгадала Беркута-старэйшага часоў калгаснага старшынства. Ён паходзіў на ўзмыленага каня. З яго патрабавала райкамаўскае начальства казачнага багацця ўраджаю, асабліва ў 1930-я гады, калі ўраджай апрыёры немагчыма было сабраць, бо альбо прыродныя ўмовы не спрыялі, альбо не было чым засяваць палеткі, бо чэкісты падчыстую павымяталі зерне ўсіх культур з самых, здавалася, непрыкметных сусекаў. Зразумела, што гаркам і абкам не хвалявалі праблемы і перашкоды ўраджаю, бо ў іх меўся план, па якім канкрэтнае населенае месца павінна было дзяржаве столькі пудоў таго, столькі другога, трэцяга і г. д. Лічбы – упартая рэч, тым больш тыя лічбы, якія ўзялі недзе са столі кіраўнікі вышэйшага рангу, якія нават паняцця не мелі, якім чынам здабываецца хлеб, той, што яны жаруць, быццам свінні, раскідваючы крошкі па розных баках, ні каліва не шкадуючы нечую працу, бо кожная крошка – гэта чыясьці праца і жыццё. І тым жыццём адгукалася кожная крошка, дакладней смерцю. Зрэшты, што ім жыццё? Жыццё партыю не хвалявала. Яе хвалявалі толькі лічбы, выкананне плана, сляпое падпарадкаванне і ўра-патрыятызм. Еўдакія Дзянісаўна добра памятала, як Цішкоўку ачапілі чэкісты, каб сабраць з усіх хат сяла лішкі хлеба, быццам тыя лішкі на самай справе існавалі. Тых, хто супраціўляўся, стралялі на месцы, сем’ямі, а маёмасць скідалі на вазы, пустыя хаты падпальвалі і гучна дэкларавалі, што на гэтым месцы выявілі і ліквідавалі злосных ворагаў народа, якія жадалі смерці рабочым фабрык і заводаў. Чым большаю здавалася лухта, тым гучней яна вымаўлялася. Беркутаў бацька, як мясцовы прадстаўнік улады, прыгнечана суправаджаў упаўнаважаных, у бяссільнай лютасці сціскаў кулакі і бялеў пасля кожнага расстрэлу ды падпальвання пустога жытла. Усё ж не вытрымаў і запытаў: навошта падобная жорсткасць? На што ўпаўнаважны адказаў з нахабнай усмешкай: «Меней народу – болей кіслароду. Людзі, як саранча, чым больш іх нішчыш, тым яны хутчэй размнажаюцца. Так што не шкадуйце, бабы яшчэ нараджаюць». Проста ў чэкістаў быў план, дакладней смета, па якой яны павінны былі ў кожным населеным месцы ў час акцыі па канфіскацыі лішкаў хлеба выявіць і фізічна знішчыць на месцы канкрэтную колькасць чалавек, а за перавыканенне плана іх чакала гарантаваная прэмія: імянны гадзіннік і тыднёвы адпачынак у Крыму пасля «трудов праведных». Мала ім было таго, што ў злачынцы запісвалі дзяцей і шматдзетных мацярок, у кішэнях якіх знаходзілі па жменьцы зярнят. Зрэшты, знаходзілі невыпадкова. Савецкая прапаганда дамагалася ўсесаюзнага данясення адзін на аднаго: стукачество ўводзілася ў ранг найвышэйшай добродетели. Дзяцей, якія даносілі на сваіх бацькоў, узносілі на п’едэстал святасці і пазіцыянавалі як сапраўдных герояў часу, узнагароджвалі іх кніжкамі «Як гартавалася сталь» ці фотаапаратамі, каб яны і надалей неслі пільную варту ды дакументальна пацвярджалі вернасць самай гуманнай дзяржаве свету. У Цішкоўцы падобнага не назіралася. Галоўным чынам дзякуючы сям’і Беркутаў, як яго бацьку, так і дзеду з бабуляй, якія настаўнічалі ў школе і вучылі дзяцей, у першую чаргу, нягледзячы ні на што, заставацца чалавекам. Урокі мовы і літаратуры здаваліся сапраўднымі падарожжамі ў іншыя светы. Іх рэдка хто прагульваў, а калі і здаралася, то ў асноўным, па ўважлівай прычыне. Настаўнікаў хацелася слухаць бясконца, галасы іх зачароўвалі, вялі за сабой, пранікалі ў сэрцы і заставаліся там быццам піянерскія гальштукі, што амаль не здымаліся з кволых вучнёўскіх шыяк. Упаўнаважанаму не спадабаўся з першага погляду дзед Беркута, калі, лічы, гаспадаром, зайшоў да яго ў хату. Чэкісты паўсюль адчувалі сябе гаспадарамі, нават самыя дробныя з іх і нікчэмныя, тыя асабліва вылучаліся, лічылі, што кожны ім вінен за той рай на зямлі, які прынеслі шматнацыянальнаму народу, з літасці дазволіўшы далучыцца да рускага пірага, але зневажалі любую мову, калі з імі не размаўлялі па-руску. Наяўнасць вялікай колькасці кніг у звычайнай сельскай хаце не тое што абурыла ўпаўнаважанага, які да кніг прынцыпова ставіўся як да шкоднага і непатрэбнага прадмету, колькі ашаламіла і, не падумаўшы ці забыўшыся, ён патрабавальна-незадаволеным тонам заўважыў пра лішак друкаванай прадукцыі ў жылым памяшканні, калі тое памяшканне не бібліятэка, якая таксама палягае канфіскацыі, бо на сяле трэба працаваць, а не кніжкі чытаць. Стары настаўнік, вышэйшы на галаву, калі не на дзве ўсіх прысутных, моўчкі падышоў да ўпаўнаважанага, спакойны і ўраўнаважаны, як здавалася збоку, і так садануў прамоўцу кулаком у падбароддзе знізу ўверх, што той вылецеў з хаты, нібы корак з бутэлькі ад шапманскага, і глуха цюкнуўся спінай аб воз, на якім збіраўся, відаць, вывозіць дабро з аблюбаванай хаты. Ніхто не чакаў ад Беркутавага дзеда падобнага ўчынку, таму і не зрэагавалі, каб прадухіліць яго, а калі ачомаліся, упаўнаважаны ўжо брудна лаяўся і вымаў пісталет з кабуры. Бацька Беркута падскочыў тады да яго і папярэдзіў, між іншым, у чарговы раз, што яшчэ адна смерць у сяле прывядзе да вынішчэння ўсяго чэкісцкага атраду. «Пагражаеш?» – працадзіў упаўнаважаны, але больш нічога не сказаў, відаць, прачытаў у вачах старшыні Цішкоўскага калгаса суворую праўду на свой конт. Не, ён не спалохаўся, затаіўся, каб вярнуцца ў Кіраваград і распачаць асабовую справу Беркутаў па выкрыццю іх контррэвалюцыйнага нутра, хоць яны, кожны з іх, вынеслі ўсё зерне, што мелі, не пакінуўшы сабе ні жмені. У хаце Дзяніса Чубахі – бацькі Еўдакіі Дзянісаўны – чэкістам не было чым пажывіцца. Яны жылі бедна, бацька хварэў, кашляў крывёю, часта задыхаўся, атручаны газамі на фронце Першай сусветнай вайны. Маці цягнула адна дачку і сына, адзіных выжыўшых з сямёх народжаных дзяцей. Але ўпаўнаважны не верыў у тую галечу, якую пабачыў. Занадта яна тэатральна выглядала па яго меркаванню. Ён схапіў дзевяцігадовую Дусю за валасы і выцягнуў яе на двор, прыставіў да галавы дзяўчынкі пісталет, патрабуючы Чубаху вывернуць вантробы, але адкапаць хлеб адтуль, дзе закапаў. Хлеб, які патрэбен маскоўскім рабочым, што ўздымаюць з руін разбураную антантай, інтэрвентамі і белякамі імперыю, то бок маладую савецкую дзяржаву, больш за дыстрафічных чубахаў, якім і так засталося дыхаць на два харчкі. Лямант узняўся страшэнны. Дуся румзала і ад страху апісалася, маці галасіла, поўзаючы ў нагах то ўпаўнаважанага, то калгаснага старшыні, бацька харкаў крывёю, трымаючыся за атручаныя газам грудзі, і хрыпеў пра тое, што нічога ў іх няма, што апошняе аддалі яшчэ ў мінулы раз. Чэкісты іржалі, як коні, ім было весела, наставіўшы вінтоўкі на выкачаных у пыле і слязах бедалаг, гатовыя стрэліць у любую секунду без жалю. Яны былі сытыя, здаровыя, маладыя, нахабныя і злосна-радасныя, да таго ж п’яныя ад уседазволенасці і беспакаранасці.