Стары Беркут не спаў усю ноч. Раз-пораз прыкладаў халодную вялікую далонь да гарачага ілба ўнука, астужаў яго, запавольваў ашалелую кроў у маладым арганізме, ахопленым, здавалася, агнём. Хлопец неспакойна варочаўся, стагнаў у сне, мармытаў нешта незразумелае, але не прачынаўся. Скідаў з сябе коўдру, утаптваў яе нагамі ў сцяну. Дзед зноў укрываў унука, шаптаў ці не замову над ім. Калі той прачнуўся ранкам, першае, што пабачыў, – дзедавы вочы, стомленыя, але добразычлівыя. Ён ні словам не папракнў малога, запрасіў раздзяліць з ім ранішнюю трапезу і па-змоўніцку падміргнуў. Беркут падміргнуў у адказ, як падміргнуў і бацьку, калі пабачыў таго пасля вяртання дамоў, чым абяззброіў амаль да слёз непахіснага старшыню.

5. Снежань 1988 года. Горад Шахцінск. Казахская ССР

Калі Мішка, брат пакойнага мужа Ларысы, паведаміў праз тэлефанаванне пра бяду з яго бацькам і папрасіў пасядзець са свякроўю, пакуль ён не вернецца з лякарні, куды павезлі на хуткай Пятровіча, жанчына незадаволена паморшчылася. У яе былі іншыя планы на вечар, больш прыемныя і шматабяцальныя. Якраз толькі-толькі прыйшоў Андрэй, Андрэй Віктаравіч, з шампанскім і цукеркамі ў прыгожай вялікай каробцы, інжынер з завода мыючых сродкаў, на якім яна працавала падавальшчыцай. Чалавек, з якім Ларыса меркавала ўзяць неўзабаве шлюб. Вядома, ён пра яе намеры нічога не ведаў і ўпершыню аказаўся ў кватэры настойлівай супрацоўніцы, чарам якой не змог супрацьстаяць, але гэта пакуль. Ларыса не сумнявалася ў паспяховым завяршэнні задуманага. Андрэй быў чалавекам новым у горадзе. Яго перавялі на ўзмацненне прадпрыемства з вобласці як працаўніка з вялікімі паказчыкамі прадукцыйнасці працы, а ў вобласць з іншай вобласці. Так і пражыў да сарака гадоў бы перакаці-поле. Выглядаў жа ўсё ж прадстаўніча, нягледзячы на, здавалася, зацятую халасцяцкасць: высокі, з ледзь заўважнай сутулаватасцю (што, хутчэй, ад узросту, бо гады бралі сваё), чорнавалосы, без аніводнага сівенькага валосіка (бабы ў цэху жартавалі, што ён іх фарбуе, але яна ім не верыла), але, галоўнае, вусаты, і вусы яму пасавалі, як нікому. Ён нагадваў з тымі вусамі акцёра Панкратава-Чорнага, хіба што прыгажэйшага. Менавіта да вусатых мужчын Ларыса мела слабасць, напэўна, з-за таго, што тата яе насіў шыкоўныя пышныя вусы, аб якія яна малою церлася шчакою і адчувала ні з чым не параўнальнае задавальненне, зноў жа таму, напэўна, што яны належалі тату, а тата – ёй. Касцюм на Андрэю заўжды выглядаў як з іголачкі, стрэлкі на нагавіцах бездакорнай роўнядзі, гальштук завязаны ідэальна прапарцыянальна, кашуля аж хрумсцела, здавалася, чаравікі блішчэлі ідэальнай чысцінёй. Цуд, а не мужчына! Магчыма, калі б не вусы, Ларысу і не пацягнула б так шалёна да яго, бо мужчынскай увагай яна не была абдзелена. Зразумела, ёй падабаліся заляцанні, кампліменты, недвухсэнсоўныя прапановы, але сур’ёзна іх не ўспрымала і не лічыла мужчын за паляўнічых, каб здавацца ім у якасці прыза. Паляўнічай была яна. Упалявала пакойнага мужа, упалюе і Андрэя Віктаравіча, да якога адчула штосьці падобнае, што адчула да Беркута – першага кахання і бацькі яе дачкі. Зрэшты, усе Беркуты валодалі магнетычным прыцягненнем, якому хацелася скарыцца, невытлумачальнай харызмай.

Яна любіла Пятровіча. Яе незадаволенасць не распаўсюджвалася на яго, хутчэй на факт бяды менавіта з ім. Мішка не распавёў падрабязнасцей, спяшаўся. Відаць, часу сапраўды бракавала, што азначала сур’ёзнасць становішча. А Еўдакію Дзянісаўну сапраўды нельга было пакідаць надоўга адну, яна залежала ад мужа і сына як фізічна, так і маральна. Ларыса жыла бліжэй за ўсіх астатніх сваякоў, у суседнім пад’ездзе, у кватэры, якую Пятровіч выбіў на вяселле яе і яго старэйшага сына, а калі той памёр, не прагнаў, паводзіў сябе як з роднай дачкой.