Урэшце рэшт Беркутаў бацька прыпыніў здзек над сям’ёй выгукам «Досыць!». Як ні дзіўна, упаўнаважаны паслухаўся яго і адпусціў малую. Яе тут жа схапіла ў абдымкі маці. Чэкісты выйшлі са двара Чубахаў і накіраваліся далей па вуліцы. На шчасце, брата Еўдакіі Дзянісаўны Пятра не было дома. Той, цалкам магчыма, не стрымліваў бы сябе, і загінуў, а заадно забраў з сабою б і ўсю сям’ю.

А ўвечар, яшчэ добра не сцямнела, Беркутаў бацька прыйшоў да Чубахаў адзін. Ён прабачыўся перад сям’ёй, затым паклікаў гаспадара хаты выйсці з ім на двор. Маці занепакоена зірнула на іх, але супакоілася пад цёплым позіркам старшыні. Той наўпрост запытаў у Чубахі-старэйшага, ці згодны ён пакараць чэкістаў, і кіўнуў у бок плота, за якім стаяла некалькі дзясяткаў аднасяльчан-франтавікоў. Але нічога не сказаў пра тое, што будзе, калі напад на чэкістаў пацерпіць няўдачу. Іх жа ўсіх разам з Цішкоўкай сатруць у пацяруху. Зрэшты, пра няўдачу ніхто не задумваўся, мужыкам карцела помсты, хто-ніхто з іх меў зброю, прыхаваную яшчэ з фронта на чорны дзень. Беркутаў бацька перастаў бы сябе паважаць, калі б дараваў упаўнаважанаму здзекі, перажытыя ім, над аднасяльчанамі. Не такой яму бачылася савецкая ўлада, якая не цаніла ані жыцця простага чалавека, ані яго цяжкую працу ў імя яе. І не такімі ўпырамі ўяўляў ён яе прадстаўнікоў. Атрымлівалася што: скінулі адных крывасмокаў, каб на карак узлезлі з нагамі другія, яшчэ горшыя за папярэдніх. Чэкісты з нарабаваным дабром і хлебам, не апасаючыся нікога і нічога, бо менавіта яны былі багамі новага рэжыму, на які мала хто асмельваўся рот разяўляць, а калі асмельваўся – шкадаваў тут жа: гільяціна рэпрэсій апускалася з смачным чвяканнем не толькі на яго самога, а на ўсіх, хто меў неасцярожнасць нават проста выпадкова кантактаваць з ім, – рушылі на ноч гледзячы дадому. А каго ім было баяцца? Бедну басоту, у якой нічога не засталося за душой, ні волі, ні характару? Менавіта такім чынам неабходна было пачынаць будаўніцтва новай краіны з самага пачатку: як шаўковыя былі б усе народнасці, што трапілі ў вялікі і магучы саюз рэспублік, вылізвалі б боты ўпаўнаважным не фігуральна і лепшых сваіх дзяўчат прапаноўвалі б на сподку з блакітнай каёмкай ў якасці падарунку і падзякі за светлае будучае, але ўпаўнаважаныя яшчэ б падумалі, ці прымаць гэткія падарункі, наладжвалі б спаборніцтвы сярод красунь дзеля выяўлення найбольш дастойных пасродкам іх майстэрства дагадзіць сапраўдным гаспадарам свету.

Ружовыя развагі ўпаўнаважанага ператварыліся раптам у чырвона-жоўта-фіялетавы калейдаскоп, што замігцеў перад вачыма з неверагоднай хуткасцю. Гэта нехта з цішкоўцаў пацэліў яму булавой у лоб. Яны падкраліся да канвоя чэкістаў ціхаю пантэрай праз лес, які ведалі змалку, які карміў і паіў іх, быццам родныя бацька і маці разам. Напад цішкоўцаў дый самі цішкоўцы нагадвалі ў тую хвіліну вольных лясных стралкоў Робін Гуда, а Беркутаў бацька якраз Робін Гудам і выглядаў. Нягледзячы на тое, што хто-ніхто з яго атраду меў агнястрэльную зброю, ён загадаў не выкарыстоўваць яе альбо толькі ў крайнім выпадку. Яны адолеюць ворага голымі рукамі, а родны лес дапаможа. Такім чынам найбольш рухавыя і спрытныя заскаквалі на коней да чэкістаў ззаду і спіхвалі тых на зямлю ці пераразалі ім гарлякі, а потым спіхвалі. Астатнія дабівалі. Ніводзін стрэл не прагучаў з абодвух бакоў. Чэкісты проста не паспявалі дацягнуцца да зброі. Упаўнаважаны так і не зразумеў, што здарылася, паваліўшыся з воза прабітай у некалькіх месцах галавой уніз да зямлі. Па ім яшчэ патапталіся коні. Трупы перацягалі ў глыб лесу і закапалі ў загадзя выкапаную глыбокую яму, зраўнялі з зямлёй і закідалі галлём. Хлеб і шмаццё ды рыззё занеслі ў бліндаж, што застаўся з вайны, замаскіраваны пад дрэвы ды кусты, там жа пакінулі зброю. Беркутаў бацька, як і астатнія аднасяльчане ведалі, што ім усім, у выпадку чаго, не жыць, таму не сумняваўся ні ў кім. Агульнае злачынства, а ён разумеў, што гэта злачынства, як бы іх учынак не выглядаў, лепш за ўсё аб’ядноўваў аднадумацаў. Коней было шкада, але ад іх давялося пазбавіцца. На мяса рэзаць не выпадала, бо пах выдаў бы ў першую чаргу. І старшыня ўласнаручна завёў іх у балота, дзе жывёліны і патанулі. Канешне, праверкі пасля знікнення канвою ў Цішкоўку зачасцілі, але ніхто так і не даведаўся з Кіраваграда – куды падзеўся канвой з хлебам. Знік, быццам Атлантыда. Цішкоўка ж выжыла, дзякуючы таму хлебу з бліндажа. Еўдакія Дзянісаўна ведала пра ўсё гэта не з чыіхсьці слоў, яна бачыла на свае вочы, як яе бацька некалькімі ўдарамі раскроіў чэрап упаўнаважанаму, а бацька Беркута аддаваў загады. Яна нячутна ішла па іх слядах і, як заварожаная, назірала за знішчэннем чэкістаў, нават памятала, як шаптала: «Так іх! Так іх, тата!..»