Маці Беркута ўчапілася за бацьку, як тапелец за саломінку, бо сапраўды вакол рабілася нешта страшнае, і тое страхоцце вельмі палохала яе. Але яна і кахала бацьку.

Ды дома іх чакала яшчэ горшае выпрабаванне: Цішкоўку занялі немцы, а штаб іх базіраваўся ў маёнтку Загорскіх, гаспадар якога, уцёкшы яшчэ падчас першай, лютаўскай, рэвалюцыі, сын той Загорскай, з якой вырасла маці Беркутавага бацькі, вярнуўся разам з варожымі войскамі і нават узначальваў карны атрад супраць мясцовых партызан, (партызанскія згуртаванні, адзін з якіх узначальваў дзед, хаваліся па навакольных лясах). У душы застаючыся манархістам, дзед усё ж прытрымліваўся дэмакратычных прынцыпаў, дзякуючы, зразумела, прачытаным кнігам, але яшчэ і таму, што быў казаком, прычым сапраўдным. За яго галаву нават прызначылі ўзнагароду. Бацька і маці ўліліся ў дзедаў атрад, як ручаі ў раку.

Калі немцаў пагналі з Цішкоўкі, партызаны занялі маёнтак Загорскіх з усім яго штабам і, звычайна, гаспадаром, які прапанаваў бацьку Беркута дуэль на шпагах, маўляў, мы ж цывілізаваныя людзі. Ды бацька сказаў Загорскаму, што той не мае права на цывілізаваны фінал свайго жыцця, бо ці можна назваць цывілізаваным учынак Загорскага, які прывёў на зямлю продкаў ворага, прывёў вайну ў кожную сям’ю і хату простага чалавека, пасеяў смерць і разбурэнне, ды застрэліў яго ва ўпор з трафейнага маўзера. Як сабаку. А потым яшчэ і плюнуў на распластанае цела з прыкрасці. Не любіў ён так званую блакітную кроў; кроў ва ўсіх чырвоная, якім бы хто колерам яе ні называў і ні выдумляў розных адценняў. Сутнасці ўсё адно не зменіш. Да таго ж не сустрэўся яму за ўсё жыццё ніводзін прадстаўнік вышэйшага саслоўя, якога можна было б паважаць, хіба што ў кніжках. Іх, дарэчы, тым часам ратаваў цаной свайго жыцця, рызыкуючы згарэць у пажары, дзед Беркута. Немцы пры адыходзе падпалілі сяло, спадзеючыся такім чынам затрымаць свой пераслед хоць на некаторы тэрмін. Бацька не разумеў фанатычнай адданасці, падобнай на рабскую, друкаванаму слову, ды яшчэ напісанаму дваранскімі гультаямі. Ён ненавідзеў, здавалася, дзедавы кнігі. Хай бы яны згарэлі ўшчэнт, калі не нясуць ніякай пралетарскай праўды, але на адкрыты канфлікт не рашаўся. Адно грэбліва пазіраў, як на ворагаў народа, якім дазволена было пакуль што неба капціць. У больш сталым узросце Беркут некалькі разоў перачытваў творы Дастаеўскага, нават палюбіў творчасць пісьменніка, як ніякую іншую. Калі б усе мелі магчымасць чытаць яго раманы і аповесці, калі б своечасова прачыталі, калі б не забараняліся яны хворым розумам новаспечаных чыноўнікаў і бюракратаў ад культуры як неблаганадзейныя, непралетарскія, адсталыя, дэгенератыўныя, непатрэбныя сапраўднаму савецкаму чалавеку-рабочаму-кавалю шчаслівай будучыні, магчыма, на дваццатае стагоддзе не выпала б столькі крыві, гора і катастроф.

Пажар Цішкоўку добра патрапаў, але не знішчыў, ды мір у сяло з выгнаннем немцаў не прыйшоў. Замест яго ўварваліся дзянікінцы, несучы смерць і распырскваючы кроў па баках сваіх стомленых коней. Не паспелі пазбавіцца ад дзянікінцаў, як Цішкоўку акупавала банда Грызлова, затым махноўцы захапілі сяло, палюючы на тых жанчын і дзяўчат, якія яшчэ засталіся жывымі. Беркутаў бацька не аднаго гвалтаўніка з задавальненнем уздымаў на вілы, нават з Махно счапіўся, але той унікнуў сутычкі праз жарты ды падаспеўшыя чырвонаармейскія атрады. Уцякаў, аж пяты блішчэлі.

Пасля 1920 года, нарэшце, усталявалася мірная цішыня, якая злёгку аглушыла цішкоўцаў, прывыкшых да бясконцых выбухаў, стрэлаў ды крыкаў аб дапамозе і стогнаў параненых. Зрэшты, стан гэты доўжыўся зусім не працяглы час, бо мір патрабаваў гэтаксама, як і вайна, руху, руплівасці, энтузіязму, калектыўнай працы і агульных свят. Ствараліся рэўкамы, камбеды, розныя працоўныя ды гандлярныя таварыствы, саўгасы, калгасы. Бацька Беркута, у выніку, узначаліў Цішкоўскі калгас, адбудаваў сяло, якое да 1930-х гадоў вырасла, аднавілася і ўзнавілася да непазнавальнасці. А потым зноў вайна, нямецкая акупацыя, канцэнтрайыйны лагер для ваеннапалонных у межах сяла, у якім паўміралі тысячы салдат, зноў партызанскі атрад… Больш за ўсё ў той час уразіла бацьку Беркута колькасць мясцовых паліцаяў, якія з задавальненнем служылі вермахту, старанна і аддана, з асаблівай жорсткасцю адносячыся ледзь не да ўсіх, з кім яшчэ нядаўна жылі, працавалі, адзначалі святы ды вяселлі, гаравалі на хаўтурах. Менавіта паліцаі паказалі немцам на хату дзеда Беркута, распавялі, што той бацька партызанскага камандзіра, да таго ж камунста і былога старшыні калгаса. На світанку ўварваліся ў хату, выцягнулі старога разам з жонкай з ложка на двор, разбілі кніжную шафу, распалілі вогнішча, куды выкідалі кнігі праз акно. Стары Беркут паспеў перабіць дваім, асабліва шчыраваўшым п’янаватым і нахабным, даволі маладога веку паліцаям кадыкі, калі яго наскрозь прадзіравіла аўтаматная чарга. Мёртвага шпурнулі ў агонь, бабулю ж прымусілі жывою зайсці ў полымя і рагаталі, пакуль яна крычала, ахопленая жудаснымі пісягамі болю і смерці, затым падпалілі хату і папярэдзілі сагнаных на паказальную экзекуцыю цішкоўцаў, што так будзе з кожным, хто наважыцца падтрымліваць партызан. Пасля гібелі бацькоў Беркутаў бацька счарнеў і пасівеў умомант, зацяўся і прагнуў помсты, замест сэрца, адчуў, у грудзях утварылася чорная яма. Ён высачыў усіх удзельнікаў расправы паасобку самастойна, нікога не прасіў аб дапамозе, бо тое было яго асабістай справай, і выводзіў у лес. Тыя стагналі і скавыталі, малілі аб дараванні, аж да агіды, некаторыя пракліналі і яго, і Саветы, але не пашкадаваў ён нікога. Не меў права, дый думкі такой не меў таксама. Перарэзваў ім гарлякі, бы свінням, і назіраў, глядзеў проста ў вочы, як яны паміралі: хрыпелі, з булькатам захлыналіся крывёю, што пухірылася на сініх губах, і дрыгалі нагамі ў апошніх сутаргах. Ён хацеў, каб кожны з іх бачыў менавіта яго бязлітасны і пагардлівы позірк у хвіліну смерці.