– Мы не будзем з табой размаўляць.

– Паслухайце, гэта вельмі важна. Ад нашай размовы залежыць бяспека зграі.

– Нам усё роўна, будзеце вы жыць, ці памраце.

– Не толькі мы, але і вы таксама. Гэта агульная небяспека для ўсіх ваўкоў.

– Мы не будзем з табой размаўляць. Бывай.

– Справа ў белых ваўках. Яны да ўсіх дабяруцца і ўсіх з’ядуць.

Дэлегацыя павярнулася спінамі да Гаўла і пайшла ў свой лес. І тады Гаўл кінуўся следам.

– Чакайце, вы не можаце прыйсці сюды і адмовіцца размаўляць. Гэта няправільна.

Ён хацеў дабегчы да ваўкоў, ды не паспеў – пачуўся глухі “шчоўк” і Гаўла рэзка падкінула ўверх. Ён трапіў у пастку і боўтаўся ў сетцы. Пад ім сабралася не менш за два дзясяткі ваўкоў, якія перашэптваліся між сабой: “Няверны парушыў мяжу”, “За такое – смерць”, “Заб’ём яго і выкінем на чужую тэрыторыю, каб усе ведалі”.

– Калі зараз мяне заб’яце, то ў будучыні загінеце самі.

Ваўкі сцішыліся, агаломшаныя яго словамі. Галоўны паглядзеў на Гаўла і кіўнуў галавой.

– Забіраем яго.

***

Да горада Вый-Кло Гаўла неслі звязаным за ногі і падвешаным уніз галавой на доўгай палцы. Калі праз дзве гадзіны яны дайшлі да месца, яму невыносна балела галава, а ногі анямелі. Гаўла не занеслі ў хату, а кінулі звязаным каля вогнішча, вакол якога ўтварылася кола з ваўкоў, апранутых у незвычайную адзежу – скуры жывёл з намаляванымі на іх незразумелымі сімваламі. Некаторыя насілі на галаве чэрапы зуброў, а восем з адзінаццаці былі без хвастоў.

– Развяжыце яго, – пачуўся загад, а потым той жа голас завярнуўся да Гаўла: – Няверны, ты парушыў святую зямлю Вый-Кло. Ніколі такога не здаралася. Ваўкі, у што б яны ніе верылі, не дазвалялі сабе парушаць традыцыі. І цяпер мы не ведаем, што з табой рабіць. Адны кажуць – забіць, іншыя – адрэзаць хвост, трэція – адпусціць з мірам. Скажы нам, адзінаццаці апосталам месяца, які лёс для сябе хочаш.

Гаўл спрабаваў трымацца на нагах, але нічога не атрымалася і ён лёг на зямлю.

– Ваўкі, мне трэба размаўляць ці з важаком, ці са сходам, ці з каралевай. У мяне навіна, якая патрабуе неадкладнага абмеркавання. Гэта пра белых ваўкоў.

– Няверны, ты не маеш права гаварыць, што хочаш. І мы не будзем слухаць казкі пра белых ваўкоў.

– Гэта не казкі. І калі нічога не рабіць, хутка пабачыце белых на свае вочы.

– Нас не пужае смерць. На месяцы нам будзе добра. Таму яшчэ раз пытаю – які лёс для сябе хочаш?

– Паважаныя прарокі, – у кола ўвайшоў адзін з ваўкоў, які нёс Гаўла да горада. – Мы б не неслі яго сюды, а забілі на месцы. Аднак ён прамовіў: “Калі вы зараз мяне заб’яце, то ў будучыні загінеце самі”. А гэта дакладныя словы прарока.

– Цікавыя рэчы ты гаворыш, каб няверны… Хто можа пацвердзіць гэта?

– Усе вернікі, што былі разам са мной.

Кола ўстала і зрабіла крок у правы бок. Насупраць Гаўла цяпер стаяў іншы воўк.

– Адкуль ты ведаеш словы нашага прарока, чужак?

– Я не ведаю ніводнага ваўка з імем Прарок.

– Прарок – не імя, а прызначэнне. Калі ты не ведаеш гэтага, то альбо выпадкова прамовіў тыя словы, альбо сам месяц паслаў цябе да нас. Што ты думаеш пра гэта?

– Думаю, што пагаджуся з любой прапановай, калі выслухаеце мяне.

Кола зрабіла яшчэ адзін крок у правы бок.

– Як цябе клічуць, воўк? Адкуль ты і што хочаш расказаць?

– Я – Гаўл, саветнік важака зграі Суу-Ардун, што знаходзіцца на поўнач ад вас. І я прыйшоў прасіць дапамогі ў барацьбе з белымі ваўкамі.

– Мы чулі пра іх і думаем, што гэта казкі…

– Не, не казкі. Тыдзень таму яны былі на нашай мяжы. Яны не размаўляюць, а забіваюць шэрых ваўкоў. І ніхто не можа перашкодзіць ім. Бо яны большыя па памерах, мацнейшыя за нас… Адзіны выхад – аб’яднацца. Я заручыўся дапамогай зграі Ачын. І калі вы будзеце ваяваць разам з намі, мы пераможам захопнікаў.