– Галоўнае для добрага адваката – самому мець добрага адваката. Ці шмат грошай.
На правах гаспадара ён зварыў бульбу, нарэзаў агуркоў з памідорамі, разагрэў мяса з халадзільніка. І ўвесь час балбатаў – пра вучобу ў інстытуце, пра бацькоў і бабулю, ад якой засталася хата, пра хуткі яе знос і пераезд у Шабаны, пра цётку Баляславу, якую ў іх сям’і клікалі Болька і шмат пра што іншае. Рот не затыкаўся. З карыснай інфармацыі Макс даведаўся, што Філіп сапраўды адвакат і альбінос.
Размаўляць пра ваўкоў ды тройцу Філіп, не паеўшы, адмаўляўся, таму Максім чакаў. У самога кавалак у рот не лез. Выпіў кавы і цярпліва глядзеў, як хутка есць суразмоўца.
– Для мяне ежа – галоўнае задавальненне ў жыцці. А калі перабіваць яе сур’ёзнымі размовамі, то і апетыт знікне. Навошта тады жыць?
А пасля прыйшлося прыбіраць са стала – посуд памыць, у хаце падмесці, смецце на вуліцу вынесці. Пасля гэтага задаволены Філіп сеў насупраць Максіма.
– Цяпер пытай.
– Ты хто? Тваё прозвішча Гаўл?
– Не, Гаўла я выкарыстаў, каб ты мне даверыўся. А так я сапраўды Філіп і адвакат. Калі ж ты пытаеш у сувязі з апошнімі падзеямі і тваімі сненнямі, то лічы мяне наглядальнікам.
– Што значыць – наглядальнік?
– Я не ўмешваюся і сачу, каб гісторыя ішла так, як выбіраюць людзі. Без прымусаў, пагроз і іншага.
– А калі яны грошы даюць – гэта не прымус?
– Не, канечне. У цябе ж свабодная воля – браць іх ці не.
– А якое ты маеш дачыненне да гісторыі? Табе таксама некалі расказалі пра ваўкоў?
– Не, ніхто мне нічога не расказваў. І не ведаю, чаму я звязаны з вамі. Ёсць апавядальнікі – такія, як ты. Яны расказваюць гісторыю. А ёсць я – чалавек, які з дзяцінства бачыць у сне іншых людзей і ваўкоў. Я да дваццаці гадоў не мог зразумець, чаму ўсім іншым кожную ноч сняцца розныя сны, а мне – заўсёды аднолькавыя. Маці цягала мяне і да псіхолага, і да псіхіятра, і да неўрапатолага, пакуль я не паразумнеў і сказаў, што незвычайныя сны скончыліся.
– Дык табе сняцца ваўкі?
– І ваўкі, і апавядальнікі. Можа, я б ніколі не зразумеў сваё прызначэнне, каб не сустрэў аднаго з апавядальнікаў у рэальнасці. А потым пазнаёміўся з тройцай.
Пры ўпамінанні аб іх па целе Максіма прабеглі мурашы.
– Хто яны?
– Цяжка сказаць. Упэўнены ў адным – яны не людзі. Для сябе я называю іх паляўнічымі на гісторыі.
– Ты іх не баішся?
– Не. Яны намагаліся страшыць, ды я дзедаву дубальтоўку дастаў і ўсё. З таго часу тройца мяне пазбягае.
– Мяркуеш, яны спужаліся? Мая дзяўчына…
Максім змоўк. Ён назваў Насту сваёй дзяўчынай. І зразумеў: увесь час, якіо яны не жылі разам, працягваў так лічыць. Гэта адкрыццё быццам цунамі накрыла яго, і хлопец заплакаў. Гора, насычанае чорнае гора затапіла ўсе іншыя пачуцці. Філіп не кінуўся суцяшаць, сядзеў і чакаў.
– Прабач. Я…
– Не хвалюйся. Я ведаю што значыць губляць блізкіх людзей. У сне я бачыў, што твая Наста зрабіла з белабрысым.
– На ім жа нават драпіны не засталося… Няўжо дубальтоўка іх спужае?
– Галоўнае, не як ці чым ты яго раніш, а хто гэта робіць. Паміж намі – тройцай, мной і табой ёсць сувязь.
– Значыць, я параніў белабрысага, калі выштурхнуў яго з акна?
– Упэўнены ў гэтым.
– Тады наступным разам я заб’ю яго.
– Наўрад ці ты яго пабачыш. Павер, яны баяцца цябе не менш, чым ты іх.
– Раскажы мне пра ваўкоў і воўчыя сны.
– У свой час. Спачатку паслухай іншую гісторыю.
Гісторыя пра апавядальніка
Хлопчык, назавём яго Іван, жыў у Беларусі на пачатку мінулага стагоддзя. Якраз у тыя часы, калі дзяржава чамусьці вырашыла, што чалавек можа пражыць без ежы. А таму сілай забірала ўсё да апошняй бульбіны. Ды й зямля ў тых мясцінах была дрэнная – мала карыснага расло на ёй. Адзін бур’ян. Ён і выратоўваў вёску. Бо траву елі козы ды авечкі, а пасля давалі людзям мяса і малако.