– Ваша права. Потым не трэба бегаць і скаргі з апеляцыямі падаваць. Зараз да вас прыйдзе адвакат. Можа ён дасць вам правільную параду.
– У мяне ёсць адвакат? Я ж не наймаў.
– Значыць, нехта іншы наняў.
Яго адвакатам быў дзіўнаваты бялявы альбінос з зачэсанымі назад валасамі. На скуры снежнага колеру не было ніводнай зморшчынкі, а вочы свае ён хаваў за круглымі чорнымі шкельцамі акуляраў.
– Прывітанне, Максім. Мяне завуць Філіп Гаўл і я буду вашым адвакатам.
Максу падалося, што яго падманвае слых.
– Паўтарыце, калі ласка, ваша прозвішча?
– Гаўл. Спадар следчы, дазвольце перамовіцца са сваім кліентам сам насам?
Калі яны засталіся адны, Філіп нізка нахіліўся да Максіма і зашаптаў.
– А цяпер слухай: я ведаю ўсё і пра цябе, і пра ваўкоў. Нам трэба збегчы адсюль, інакш трое тваіх блізкіх сяброў хутка прыйдуць у госці. А з-за кратаў ты далёка не збяжыш. Таму выконвай усё, што я скажу.
Адвакат разарваў падкладку пінжака, дастаў адтуль крэм, адкрыў і пачаў намазваць твар Максіма.
– Не варушыся, усё сапсуеш.
Следам за тварам Філіп абмазаў рукі Максіма. Затым зняў з сябе валасы, якія аказаліся парыком, і начапіў яго на галаву хлопца. Тое ж самае зрабіў з акулярамі і пачаў распранацца.
– Скідай адзежу. Зараз ты ператворышся ў мяне, а я некалькі гадзін пабуду табой.
Пасля пераапранання адвакат зрабіў яшчэ некалькі мазкоў крэмам.
– Цяпер слухай, часу мала. На выхадзе пакажаш мой пропуск, на вуліцы чакае таксі. Кіроўца ведае куды ехаць. На месцы выходзь і ідзі ў хату.
– А калі мяне зловяць? І што будзе з табой?
– Ні аб чым не хвалюйся.
***
Усё атрымалася, як і сказаў Філіп. Ніхто не спыніў Максіма, нічога не спытаў. Міліцыянер нават на пропуск не глянуў. Таксі адвезла яго не за горад, як думаў хлопец, а да адной са старых, цудам не знесеных хат на Грушаўцы. Знешне яна выглядала закінутай, але знутры падавалася, што гаспадары сышлі хвіліну назад. Пасярод адзінага пакоя стаяў стол з нарэзаным мясам і гароднінай. На куце стала ляжаў ліст:
”Максім, частуйся, адпачывай, чакай мяне. Праз гадзіны тры сустрэнемся”.
Макс сеў за стол і апусціў галаву на рукі. Пасля смерці Насты ён выцягнуў з яе грудзей нож і глядзеў на мёртвае цела да прыезду міліцыі. Толькі зараз, у пустой хаце, ён адчуў як накатвае гора, па шчоках паліліся слёзы. Упершыню за апошнія дванаццаць гадоў ён плакаў і не мог спыніцца. Ці сапраўды ён любіў Насту, ці гэта было звычайнае юнацкае захапленне, якое ніколі б не перарасло ў нешта іншае? Ён пра гэта ўжо не даведаецца.
“Такое адчуванне, што гэтую тройцу ніхто не бачыць, акрамя мяне. Не, яшчэ бачыла дзяўчына Ася. І Наста таксама. Такім чынам, яны не прывіды. Аднак і людзьмі іх назваць нельга. З шыі таго малога і кропля крыві не ўпала. Што ж яны такое?”
Воўчы сон
– Чакай, Гаўл. Вельмі шмат навін для аднаго дня. Хочаш сказаць, іх важак – ваўчыца?
– Так. Толькі не важак, а каралева. Доўгі час кожны новы важак-воўк не мог вырашыць – як выратаваць зграю ад голаду. Тэрыторыя, на якой яны жывуць – гэта сапраўдная пустэльня. Там вельмі мала жывёл, а таму стагоддзямі яны жылі ў голадзе. Нават зубры, калі мігрыруюць на поўдзень, мінаюць іх землі. І пасля чарговай вайны, калі зграя Алык-Ачын пацярпела паразу і варожыя ваўкі забілі ўсіх іхных шчанюкоў, адна з ваўчыц забіла важака. І, згодна з традыцыямі, заняла яго месца. Яна змяніла зграю.
– Якім чынам?
– Ваўчыца нараджае ад трох да васьмі шчанюкоў. Гэта немагчыма кантраляваць. З-за гэтага зграя Алык-Ачын не магла сябе пракарміць. А таму… Мне цяжка гэта гаварыць і яшчэ цяжэй у такое паверыць. З аднаго прыплоду, якім бы вялікім ён ні быў, яны пакідаюць двух ваўчанят, самых здаровых і моцных – астатніх забіваюць. А калі ўсе малыя ды кволыя, што іншы раз бывае, калі ваўчыца нараджае восем шчанюкоў, могуць забіць усіх.