– Месца многа, – не адрываючыся ад справы, адказала Мар’я, – ягад мала.

– Ну гэта каму як! – усмiхнулася Нiнка. – Мне мае застанецца.

– А посуду набрала! – Мар’я выпрамiлася, каб крыху размяць здранцвеўшую спiну. – Няйначай начаваць сабралася?

– А колькі набяру, столькі і набяру, – адмахнулася Нiнка.

– А Пятро дзе твой? – пацiкавiлася Мар'я. – Чаго з сабой не ўзяла?

– У Пятра другiя iнтарэсы, – сумна ўздыхнула Нiнка. – Ен больш да пляшкi ахвочы, чым да ягад.

– Ну-ну, – Мар’я перасыпала ягады з назбiркi ў вядро. – Ты там мiма Вусцінавіча iшла, паперкi не бачыла?

– Не бачыла. Я ў Людкі здаю, – Нінка звярнула ў лес і знікла паміж сосен.

– Вось будзе, калі Вусцінавіч не прымае, – заенькала Мар’я. – Куды я гэтыя ягады дзену? Калі толькі на наліўку паставіць. Ды і хто яе потым піць будзе?

– Не прападуць, – Кастусь ссыпаў апошнюю жменю ў вядро. – Ўсе! Можна і дадому ісці. Машка, Малая! Дзе вы! Дадому пайшлі!

На бацькін голас з’явіліся дзеўкі. З поўнымі ведрамі, з чорнымі ад ягад тварамі.

– А нiчога сабе! – цетка не чакала, што ўнучкi справяцца хутчэй за яе. – Гэта ж трэба —ўсе панабралi ўжо, толькi я адна засталася. Зусiм квалiфiкацыю страцiла.

Дапамаглi цетцы дабраць посуд. Нетаропка накіраваліся ў веску.

На гэты раз Мар’я пералезла праз лужыну без прыгод.

Як і меркавалi, ў Вусцінавіча сення быў не прыемны дзень. Давялося камандыраваць дзевак да Людкі. Самой ісці Мар’е не хацелася. Ногi гудзелi, ды i з Людкай былi нацягнутыя адносiны. Хай маладыя збегаюць. У іх і ногі шпарчэйшыя, і галовы святлейшыя.

– Ну што? – Кастусь выгадваў, колькі яны заробяць сення. – Заўтра пойдзем?

– Заўтра будзе заўтра, – адмахнулася Мар’я. – Ды i перадых трэба зрабiць. Ды i гарод зусiм зарос.

– Ну як? Колькi сення заробiлi? – Кастусь звярнуўся да вярнуўшыхся дачок i, пачуўшы адказ, заерзаў. – Вы як хочыце, а я заўтра зноў пайду. Такiя грошы я нават i за тыдзень на сваей працы не зароблю.

Мар’я, пачуўшы колькi атрымалi сення таксама не ўтрымалася:

– Бог з iм, з гародам, калi шаленыя грошы самi ў рукi цякуць.

Машка з Анегелiнай хацелi было паспрачацца, але прыкiнуўшы, што i iм перападзе значная частка, прымiрылiся.

I ранкам зноў пацягнулiся ў лес.

Па дарозе iх абагнала нейкая кабецiна на веласiпедзе. Прывiталася.

– А ты што, – Мар’я звярнулася да жанчыны, – Васiльеўна, ў адпачынку?

– Ды якi там адпачынак! – кабецiна саскачыла з веласiпеду i пакрочыла побач з цеткай. – Папрасiла Светку падмянiць на поўдня. У ягады збегаць. Iвончык, кажуць, учора на паўмiльена здаў.

– У Iвончыка транспарт i зяць ляснiчы – месцы ведае, – заўважыла Мар’я. – Чаму ж не здаць на столькi. Ты б у яго распытала, куды ен ездiць?

– Скажа ен! Чакай! – жанчына скокнула на веласiпед i падалася наперад.

– А нам i ў сваiм балоце ягад хопiць, – Кастусь вырашыў падбадрыць цетку. – Ну? Куды сення накiруемся? На старое месца, цi на новае?

– А дзе ягады, туды i мы, – адказала цетка, крыху пазайздросцiў таму, хто ў лес не на сваiх дваiх ходзiць.

Ну i бог з iмi! Нам i так добра. Прагуляемся. Паветрам свежым падыхаем. На прыроду палюбуемся. Спiну пагнем. Рукi выпецкаем. I дадому вернемся. Стомленыя i задаволеныя, што не трэба нiкуды ехаць, палiць бензiн, трэсцiся ў машыне. Тут i ў сваiм балоце ягад хапае. Ходзiш па старых месцах, а такое ўражанне, што ў першы раз. Быццам тыя чарнiцы за ноч адрастаюць. Яшчэ бунейшыя, яшчэ прыгажэйшыя.

У гэты раз здавалi Вусцiнавiчу. Той, пачуўшы, што людзi да Людкi пабеглi, падняў кошт ледзь не ў два разы.

Кастусь спахмурнеў:

– А каб я ведаў, то ўчора б не здавалi! Сення б удвая больш атрымалi!

– Усiх грошай не заробiш, – супакойвала яго цетка. – Iтак, дзякуй богу, за тры днi амаль на маю пенсiю здалi. Ну што? Заўтра iдзем, цi перадых зробiм?