– Сорак дзве пяцьсот, – не вытрывала малая.
– Правiльна, – Вусцінавіч здіўлена пагледзеў на калькулятар, потым на дзеўчыну, потым зноў на калькулятар.
– Ты глядзі! – войкнула Мар’я. – У цябе, Вусцінавіч, две вышэйшых адукацыі, а ў малой ні воднага, а як хутка падлiчыла. Не тое што твая тэхніка!
Вусцінавіч прамаўчаў. Працягнуў грошы і знiк са скрынямi недзе ў цемры сарайчыка.
Мар’я i кампанiя накiравалiся далей.
Машка з Ангелiнай зноўку пасмейвалiся. На гэты раз з Вусцiнавiча.
– Прыемшчык знайшоўся! – здзiўлялася малая. – Два інстытута скончыў, а з калькулятарам падлічыць не можа.
– І шкарпэткі дзіравыя, – дадавала Машка. – Хіба зашыць некалi?
– Мо i некалі, – уключалась у размову Мар’я. – Увесь дзень ягады прымае.
– Мог бы і новыя купіць, – раіла Ангеліна.
– У яго на новыя грошай няма, – жартаваў Кастусь. – Каб былі, дык ягады не прымаў.
– Вось нарэшце і датупалі, – Мар’я з палегкай уздыхнула. – І ці думала я, што дажыву да такога часу? Тры пакаленні ў лес адразу ходзяць. І калі такое бывала?
– А што гэта вы з пустым посудам вярнулiся? – па-за плотам з’явілася галава суседа Мiколы. – Дзе ж вашы ягады?
– У лесе засталіся, – ў тон суседу адказала цетка.
– У лесе! – недаверлiва хмыкнуў Мiкола. – Ведаем мы гэты лес! Няйначай да Вусцiнавiча адразу панеслi. А вось Людка больш за ягады дае.
– Да Людкі яшчэ поўвескі топаць, – адмахнулася Мар’я. – I грошы ў яе не заўседы бываюць. А тут ля самога лесу. Поўны сервіс.
– Ваша справа, – Мiколава галава знiкла за плотам.
Скiнулi боты, пераапранулiся. Мар’я з Вольгай занялiся абедам. Кастусь, каб забавiць час, сеў у цяньку разблытваць маток лескi, знойдзенай па дарозе. Машка з Ангелiнай, пакуль старыя былi пры справе, збеглi на сяло.
Назаўтра зноў усей кампанiяй падаліся ў лес.
Праходзячы міма Вусцінавічай хаты, Кастусь кiнуў позірк на сарайчык. Паперкі на ім не было.
– Няўжо прымаць перастаў? – спалохана прамармытала Мар’я.
– Пэўна нулі прыпісвае, – ўсміхнуўся Кастусь.
– Мо і так.
Кінулiся на ўчарашнее месца, але да iх хтось тут ужо папоўзаў. І хаця на кусціках там-сям вiднелiся буйныя ягады, збіраць іх па адной не было нiякай ахвоты. Кінуліся ў другое месца – і там таксама абзбірана.
– Людзі не спяць, – заклапочана пакачала галавой цетка. – Павыбралi ўсе.
– Нiчога, – не трацiў надзеi Кастусь. – Наша нам застанецца.
Прайшлі крыху далей. Але і там ягад было не шмат.
– Дурны дзень! – войкала Мар’я. – Посуду набралі, а ягад няма. Вольга, што ты там поўзаеш? Пайшлі адсюль! Няма тут ягад!
– А мне хапае, – Вольга па адной кiдала ягады ў вядро.
– І што гэта за інтарэс па адной ягадзiне збіраць? – дзiвiлася цетка. – Я так не ўмею.
– Гэй! – пачуўся неадкуль з боку кастусевы голас. – Ідзіце да мяне! Тут ягад процьма!
Накіраваліся ў бок Кастуся. Той сядзеў амаль ля самой дарогі і жменямі шоргаў ягады ў вядро.
– Анічога сабе! – Мар’я ўзрушана ўзмахнула рукамi, ўбачышы некранутыя кусцiкi чарнiц. – Вось дурні! Усе ў лес лезуць, куды падалей, а тут ля прыхаду іх відзьмо-нявідзьмо.
Паправiўшы хустку, закiнуўшы вядро за спiну, цетка шпарка пачала ссыпаць у назбiрку буйныя, як на малюнку ягады. Вольга намагалася не адставаць ад яе. Нават Машка з Ангелiнай, не гледзячы на недасып i на адсутнiчанне жадання хадзiць у лес, кiнулiся наперагонкi збiраць лясныя дары.
– Ніколі не збірала чарніцы жменямі, – пасмейвалася Вольга, перасыпаючы ягады з назбiркi ў вядро.
– Толькi ела, – дадаў Кастусь.
Вольга хацела агрызнуцца ў адказ, ды яе перабiла праходзячаяя мiма магазiншчыца Нiнка.
– А што гэта вы тут ля дарогі робiце? – здiўлена запытала Нінка. – Хіба вам у лесе месца мала?