I, пакiнуўшы на пяньку прысмакi, Мар’я прыймалась за справу. Пляменнiкi таксама намагалiсь не адстаць ад цеткi. Разбрыдалiсь па ўсяму балоту. Шукалi мясцiны, дзе ягад паболей. Дзе яны буйнейшыя i спялейшыя. Гукалi адзiн аднаго, каб не згубiцца. I зноў кiдалiся ў пошукi больш ураджайных лапiн.
Вольга ўвесь час трывалася ля Мар’i. Баялася заблытацца ў невядомым месце, ды i цетчыны рассказы ей былi значна цiкавейшыя, чым мужыкова мармытанне, цi стогны дачок, калi пойдзем дадому.
– А куды гэта Кастусь з малымi падзеўся? – Мар’я прадбачлiва азiралася па баках. – Не заблудзілі б.
– Не заблудзяцца, – супакойвала цетку Вольга. – Не ў першы раз у лесе.
– Не ў першы, – пагаджалася старая. – Але можа так закруціць, што і не зразумееш, як згубішся. Вунь, на мінулым тыдні, Івончык з жонкай у лесе заблудзiлі. Ажно ў Сірацінках выйшлі. Кастусь! Ты дзе?
– Тута! – адгукалася рэхам па бару.
– Ідзі да нас! Тут ягад мора!
– Ды і тут поўна! – неслася ў адказ.
Мар’я выцірала твар канцом хусткі, схілялася долу і зноўку пачынала збiраць спелыя чарнiцы.
Сонца няспешна кацілася па небу. Станавілася горача. Посуд ўжо поўны, але Мар’я не спяшалася. Яна любіла, каб назбірана было з гарой. Пляменнiкi цярплiва чакалi пакуль цетка выпрамiцца, знiме хустку. Значыцца можна iсцi дадому. Потым чакалi пакуль дзеўкi дабяруць свой посуд. Мар’я, паставiўшы свае вядзерка на вiднае месца, бегала вакол i падсыпала ўнучкам па жменьцы. Кастусь бухцеў:
– Самi хай збiраюць! Не малыя ўжо!
Вось i ў дзевак пацiху гарушкi выраслi. Можна i дадому вяртацца.
– Дзякуй богу! Дзякуй лесу! – Мар’я падхапiла вядро з адборнымi, нiбы на малюнку, ягадамi i няспешна патупала па пыльнай дарозе ў напрамку весцы. Пляменнiкi i малыя накiравалiся за ей следам.
Iшлi моўчкi. Нагаварылiся, пакуль збiралi ягады. Машка з Ангелiнай пабеглi наперад. Вольга iшла побач з цеткай, адмахiваючы ад камароў галiнкай. Кастусь цягнуўся апошні, паабапал дарогі выглядваючы грыбы.
– Падзiвiцесь, – Мар’я спынiлася ля вялiзнай лужыны пасярод дарогi. – Цуд прыроды. Дажду бадай два тыдні не было, а лужына не высахла.
Абыйсцi лужыну можна было толькi з аднаго боку, дзе памiж ей i густым зараснiкам малiны сотняй ног была пратоптана вузенькая сцяжынка. Машка з Ангелiнай шпарка праскачылi мiма лужыны, быццам i не сцяжынка тут была, а шырокая дарога. Вольга таксама без уселякiх перашкод пераадолела перашкоду. А вось Мар’я замроілася, не ўтрымалася на нагах, падслізгнулася і з’ехаўшы са сцяжынкi ў лужыну, залямантавала:
– Ягады! Ягады ратуйце!
Кастусь кiнуўся да цеткi, лоўка падхапіў каштоўную ношу. Толькi некалькi ягад рассыпалася па зямлі чорнымi пацеркамi.
– Вось і памылася! – абуралася на сваю нязграбнасць цетка, вылезаючы з лужыны. – I лазню тапiць не трэба.
Машка з Ангелiнай цiха пасмейвалiся.
– Чаго рагочыце? – Мар’я абтрасла спаднiцу. – Дажывеце да маiх гадоў, мо не так летаць будзеце.
Пайшлi далей. Праз поўгадзiны ўжо грукалi да Вусцiнавiча.
– Гэй! Есць хто дома? Ягады прымайце!
Вусцінавіч павольна вылез са сваей схованкі.
– Ну чаго дзверы ламаеце? Пачакаць не можыце? Іш ты! Колькі вас тут! Усім кагалам у лес вырашылі? Няйначай увесь лес вынеслi.
– А што? – Мар’я прысела на лавачку ля сарайчыка. – Чаго ў хаце дарма сядзець, калі жывыя грошы ў рукі лезуць.
– Вам паасобку лічыць, – Вусцiнавiч адчынiў сваю гаспадарку, – альбо разам?
– Разам, – адказаў Кастусь.
Машка з Ангелiнай незадаволена засапелi. Яны ўвесь шлях прыкiдвалi куды патрацяць свае грошы. Але з бацькай спрачацца не сталi.
Ссыпалі ягады ў дзве скрыні. Вусцінавіч паставіў скрынi на вагі, пасунуў туды-сюды гiркi, дастаў з кішэні калькулятар, пачаў падлічваць. Памыліўся. Пералічыў. Зноў памыліўся. Зноў пачаў пералічваць.