– Гэта Крывiцкi. Так працаваць не магу, прашу дазволу на сустрэчу.

Ён хацеў крыху патлумачыць прычыну незапланаванага спаткання, але Астроўскi паспешлiва перапынiў:

– Буду на Пугачоўскай а дваццаць другой гадзiне…

Маёр Астроўскi выглядаў стомленым i старэйшым за свае сорак два гады. Невысокi, удумлiвы, ён насiў кароткiя, пад вожык валасы, меў няправiльнай формы нос, перабiты кастэтам гадоў пятнаццаць таму, калi затрымлiваў рабаўнiка. Прычоска i нос надавалi яму выгляд суровага i непрыступнага чалавека. Апошнiя днi ён не адчуваў звычайных яго характару ўпэўненасцi i душэўнай раўнавагi, з’явiлiся незразумелыя падазронасць i насцярожанасць пры прыняццi самых звычайных i простых рашэнняў. Астроўскi разумеў, што гэтая нервовая ўзбуджанасць, незадаволенасць, якая часцяком пераходзiла ў апатыю, невыпадковыя. Усё пачалося з таго моманту, калi ён узначалiў групу па раскрыццi забойства капiтана Бусла. Першае, што ён зрабiў, – пазнаёмiўся з крымiнальнымi справамi, якiмi займаўся капiтан. Прачытаўшы пра спробу крадзяжу наркотыкаў з фармацэўтычнай фабрыкi, пра забойства ў бальнiцы шафёра Кузаўкова, паспешлiвы арышт раней судзiмага Скакуна па мянушцы Князь, Астроўскi не сумняваўся, што менавiта на гэтай справе паслiзнуўся Бусел. Было не ўсё ясна з чалавекам, якi тэлефанаваў капiтану. Ён пасля смерцi Бусла нiчым пра сябе не нагадаў, як скрозь зямлю правалiўся. Адсюль i думка: а цi не спецыяльна ён так рабiў? Чаму невядомы, цi, як яго ахрысцiў капiтан, «добраахвотнiк», выбраў менавiта Бусла? Чаму не пракурора, не суддзю? I потым, не зусiм зразумелая паспешлiвасць, з якой Бусел затрымаў Князя, i ягоная ўпэўненасць, нават перакананасць у дачыненнi Скакуна да забойства Кузаўкова. Капiтан – сышчык вопытны, давяраць на ўсе сто працэнтаў «добраахвотнiку» не мог. Значыць, было нешта яшчэ, чаго ў рапартах Бусла няма. У Князя алiбi створана самой мiлiцыяй: у ноч забойства быў затрыманы ў п’яным стане на вакзале i змешчаны ў выцвярэзнiк. Ён, канечне, атрымае сваё за захоўванне зброi, але ж у раскрыццi забойства шафёра фармацэўтычнай фабрыкi i капiтана Бусла анiякiх зачэпак. I яшчэ адна акалiчнасць устрывожыла Астроўскага. На фармацэўтычную фабрыку ён накiраваў лепшых агентаў. Яны мелi неабходную адукацыю, добра складзеныя легенды, але на трэцi дзень адзiн «выпадкова» трапiў пад электракару i зламаў нагу, другi ў абедзенны перапынак выпiў бутэльку кефiру i з цяжкiм атручваннем быў дастаўлены ў бальнiцу. Канечне, усё выглядала праўдзiва, толькi Астроўскi зразумеў, што агенты рассакрэчаны i яшчэ добра адкруцiлiся, раз засталiся жывыя. I яшчэ ён зразумеў, што працуе ў правiльным накiрунку: як толькi знойдзе забойцу шафёра i тых, хто гэта задумаў, стануць вядомыя i забойцы капiтана Бусла. Хоць цяпер раскрыццём забойства Кузаўкова займаюцца iншыя людзi, маёр вырашыў весцi паралельнае следства. Але пра гэта нiхто не павiнен ведаць, ляпсус з агентамi на фармацэўтычнай фабрыцы – вельмi наглядны i не даравальны таму прыклад. Iдэя накiраваць на гарадскi кiрмаш свайго чалавека, прафесiйнага сышчыка, узнiкла не адразу. Маёр не надта спадзяваўся на поспех, але трэба было рызыкаваць. Па-першае, капiтан Бусел узгадваў у сваiх паперах кiрмаш, пра яго гаварыў «добраахвотнiк». Арыштаваны Князь таксама сцвярджаў, што купiў зброю на кiрмашы ў каўказцаў.

Астроўскi, седзячы ў кабiнеце начальнiка крымiнальнага вышуку горада палкоўнiка Качана, машынальна рабiў запiсы ў службовым блакноце. Iшло чарговае пасяджэнне, падводзiлiся вынiкi не так даўно праведзенай праверкi. Некаторыя ўставалi самi i давалi звесткi, пераканаўча спасылалiся на лiчбы. Прозвiшчы некаторых называлi, i тады пунсовыя маёры, падпалкоўнiкi таропка ўскоквалi i тлумачылi хiбы па сваiх накiрунках дзейнасцi. Астроўскi ведаў цану гэтым патрэбным для галачкi пасяджэнням. Каб ад таго, як сышчыкi валодаюць лiчбамi аб раскрытых i нераскрытых злачынствах i сапраўды паляпшалася раскрыццё, пэўна, усе толькi i займалiся б, што пасяджэннямi.