«Колькi Калеснiк спагонiць з мяне? – адразу падумала Ядзя пра грошы. – Пэўна, нямала… А раптам захоча забраць усё? Ён не зялёны лейтэнанцiк з мiлiцыi, якi падчас вобыску не заўважыў схованку ў секцыi. Гэты знойдзе i вытрасе ўсё да апошняга рублiка…»
Але Ядзя памылялася, Калеснiк нават не заiкнуўся пра грошы i наогул у першую сустрэчу паводзiў сябе падкрэслена суха, нават афiцыйна, быццам нiчога агульнага iх не звязвала. Гэтая сухасць нават ранiла Ядзiна самалюбства, але як толькi яна даведалася пра прычыну нечаканага вiзiту, забылася на ўсё i ледзь не кiнулася да былога каханка з пацалункамi. Ён прапанаваў ёй працаваць на гарадскiм кiрмашы. Ядзя адразу зразумела перавагi новай работы, тым больш на пасадзе намеснiка дырэктара, i не хавала радасцi. Яна нават пачала какетнiчаць з Калеснiкам, некалькi разоў узгадала пра ранейшае сумеснае жыццё, але былы каханак зрабiў выгляд, што не разумее яе даволi шчырых намёкаў. Ён пакiнуў Ядзi вiзiтоўку дырэктара кiрмаша Валасевiча i хуценька, унiкаючы Ядзiных позiркаў, развiтаўся.
Цяпер Ядзi было не да адпачынку. Яна здала бiлет на самалёт у касу i на другi дзень пасля сустрэчы з Калеснiкам была ў Валасевiча. Дырэктар выглядаў гадоў на пяцьдзясят, быў невысокi, шыракатвары, з тоўстым, як дуля, носам i маленькiмi шэрымi вочкамi, што хiтра пазiралi з-пад густых чорных броваў.
– Пiшыце заяву, – пачуўшы, хто раiць Ядзю, сказаў ён, пранiзлiва агледзеў будучага намеснiка з ног да галавы i задаволена кашлянуў у кулак: вiдавочна, яна яму падабалася.
– Адразу заяву? – не паверыла вушам Ядзя.
– Вы прыйшлi працаваць цi задаваць пытаннi? Калi ставiць пытаннi, то трэба ўладкоўвацца ў мiлiцыю, – твар дырэктара расплыўся ва ўсмешцы, ён быў задаволены сваiм жартам. – Мне рэкамендавалi Вас, Ядвiга Станiславаўна, як адукаванага, а галоўнае, надзейнага работнiка. Спадзяюся, мы паладзiм…
4
Алесь Крывiцкi вось ужо тыдзень ацiраецца на мiнскiм кiрмашы, сноўдаецца без усялякай справы, засунуўшы рукi ў кiшэнi. Даўгаваты брыль чорнага скуранога капелюша прыкрывае лоб, вочы. Сярэдняга росту, хударлявы, у пацёртых джынсах i зацыраванай у некалькiх месцах скураной куртцы, ён нiчым не вылучаецца ў шматлюдным гурце. Шэрыя пранiклiвыя вочы пазiраюць з-пад брыля падкрэслена бесклапотна i сумна. Усiм сваiм выглядам ён паказвае абыякавасць да кiрмашнай мiтуснi. Калi назiраць за iм, то можа здацца, што хлопец прыйшоў сюды толькi дзеля цiкаўнасцi, ад няма чаго рабiць. Але гэта не так, Крывiцкi – iнспектар крымiнальнага вышуку, i ён на рабоце. Праўда, каб хто спытаўся, што за работа, якiя абавязкi, Крывiцкi, пэўна, не змог бы адказаць, бо i сам дакладна не ведаў.
Два тыднi таму яго, iнспектара крымiнальнага вышуку Шаркаўшчынскага аддзела мiлiцыi, што на Вiцебшчыне, адкамандзiравалi ў Мiнск, у групу маёра Астроўскага. Гэта было нечаканасцю, асаблiва для начальства. Для ўсiх засталося незразумелай, амаль невырашальнай таямнiцай: чаму менавiта Крывiцкага? Ёсць лепшыя сышчыкi, а ён толькi год, як скончыў акадэмiю мiлiцыi, i яшчэ не мае патрэбнага вопыту. Але ж хто рызыкне даваць парады сталiчнаму начальству? Крывiцкi адразу для ўсiх стаў «адрэзаны акраец». Хтосьцi з зычлiўцаў выказаў здагадку, што ў лейтэнанта ў Мiнску засталася дзяўчына, дачка нейкай мiнiстэрскай «шышкi», i зразумела, што за камандзiроўкай будзе i перавод. Iншых версiй не было, i ўсе пагадзiлiся з хуткiм Алесевым жанiхоўствам. Крывiцкага ж больш здзiвiла не плётка пра нявесту, а тое, што да яго адразу ўсе пачалi звяртацца толькi на «Вы», нават начальнiк мiлiцыi…
Сам Алесь успрыняў камандзiроўку як належнае: што нi кажы, а за мiнулы год ён разблытаў некалькi рабаванняў, чатыры крадзяжы, затрымаў узброенага злачынца, таму з гонарам лiчыў, што яго заўважылi. Але маёр Астроўскi падчас першай сустрэчы астудзiў, збiў з Крывiцкага пыху. Маёру патрэбны быў сышчык з «глухой перыферыi», якога ў сталiцы нiхто не ведаў, а Васiль Мiрончык, сябрук па мiлiцэйскай акадэмii, параiў яго, Крывiцкага.