Думкi маёра былi скiраваны да гарадскога кiрмашу, да лейтэнанта Крывiцкага, якi, канечне ж, пачынае нервавацца, трацiць кантроль над сабой. Астроўскi здагадваўся пра прычыну неспакою Крывiцкага, нават быў упэўнены, што дакладна яе ведае. Упершыню ўбачыўшы лейтэнанта, хуткага, непаседлiвага халерыка, падумаў, што ён i двух дзён не вытрымае ад вымушанай бяздзейнасцi. Аж не, лейтэнант аказаўся з характарам, тыдзень цярплiва выконваў ягоны не зусiм ясны, а таму незразумелы загад «вывучаць кiрмаш». Праз тыдзень у Крывiцкага здалi нервы, але Астроўскi быў задаволены навiнамi, якiя чуў ад лейтэнанта. Усё гаварыла за тое, што ён, даверыўшыся лейтэнанту Мiрончыку, не памылiўся, Крывiцкi – той чалавек, якi патрэбен. Калi быць шчырым, не кожны сышчык здатны на ролю, якую выконвае Крывiцкi. Ён добра ўмее абагульняць, робiць правiльныя, лагiчныя высновы i, галоўнае, у яго iнтуiцыя на ліхадзеяў, а гэта не кожнаму дадзена.
Пасля правалу на фармацэўтычнай фабрыцы Астроўскi стаў больш асцярожны, ён улiчваў, што за iм могуць сачыць. Каб пазбегнуць нечаканасцей i не правалiць явачную кватэру, ён доўга блукаў па горадзе, на вакзале ўзяў таксi, даехаў да Першамайскага аддзела мiлiцыi, зайшоў у будынак, праз запасны выхад джгануў у двор, адтуль на суседнi завулак i на вулiцу Калiнiна. Нiякiх назiральнiкаў за сабой не заўважыў, але, як кажуць, беражонага Бог беражэ.
У прызначаны час маёр быў на вулiцы Пугачоўскай. Убачыўшы ўзбуджанага Крывiцкага, Астроўскi зразумеў, што не памылiўся наконт настрою лейтэнанта. Маёр, прыхiльна ўсмiхаючыся, паздароўкаўся за руку з Крывiцкiм i, кiўнуўшы на попельнiцу, у якой высiлася гара недакуркаў, хiтнуў галавою:
– Многа курыце, калега.
Крывiцкi, вiдавочна, быў не ў гуморы i заўвагу начальнiка прапусцiў мiма вушэй. Ён выструнiўся i, як i належыць падначаленаму, не парушаючы субардынацыi, адным духам выпалiў:
– Таварыш маёр, прашу выкарыстоўваць мяне ў адпаведнасцi з займаемай пасадай. Больш бiбiкi бiць не магу, калi i надалей мае абавязкi будуць заключацца ў тым, што раблю цяпер, то лепш адпраўце дадому… Не магу дый не хачу гуляць усляпую. Удакладнiце абавязкi, i я вылузнуся са скуры, а выканаю загад, але больш «вывучаць кiрмашнае жыццё» не магу…
– Мне б гарбаты папiць, – стрымлiваючы ўсмешку, прайшоў у пакой Астроўскi. – I гарэлку не пiў, а сухач мучыць. У цябе, Алесь, так не бывае?
– У мяне iншае – кулакi свярбяць, – незадаволена буркнуў Крывiцкi i знiк на кухнi.
Астроўскi адчынiў фортку, уключыў тэлевiзар i, уладкоўваючыся ў мяккае крэсла, прыгадаў, як давялося выбiваць у гэтую кватэру мэблю: мяккi куток, каляровы тэлевiзар, секцыю. Палкоўнiк Качан тады ўпiкнуў: маўляў, маёр уладкоўвае не канспiратыўную кватэру, а бардэль…
Успамiн рассмяшыў Астроўскага, а Крывiцкi, якi ставiў на столiк паднос з гарбатай, ацанiў маёраў смех па-свойму.
– З мяне не варта смяяцца, – пакрыўдзiўся ён. – Мяне вучылi бандытаў лавiць, а не красавацца на крышталi ды пуза расцiць на мяккай канапе… З канспiратыўнай кватэры зрабiлi чорт ведама што, быццам век тут жыць… Толькi дзяўчат не хапае…
– Ты правiльна прыкмецiў, – Астроўскi зрабiў невялiкi глыток гарбаты. – Начальства мяне ўшчувала тваiмi ж словамi, – ён зноў адпiў з кубачка i жартаўлiва падмiргнуў Крывiцкаму: – А iдэя наконт дзяўчат неблагая!..
– Мне было б лепш у гатэлi, – сур’ёзна адказаў Крывiцкi i, сядаючы ў крэсла насупраць маёра, цвёрда спытаў: – Што вырашылi са мной?
Астроўскi няспешна пiў гарбату i маўчаў. Лейтэнант сядзеў непрыступны i, здавалася, праглынаў яго позiркам, але пытанне больш не паўтараў. Гэтая рыса спадабалася Астроўскаму: такi чалавек не будзе проста так мянцiць языком, узважыць кожнае слова. Ён паставiў пусты кубак на стол i ўважлiва паглядзеў Крывiцкаму ў вочы: