– Ты чытаў некралог па капiтане Буслу?
– Чытаў, – асцярожна прамовiў Крывiцкi i таксама паставiў кубак з недапiтай гарбатай на стол, адразу зразумеўшы, чым будзе займацца.
– Капiтан Бусел працаваў над раскрыццём забойства шафёра фармацэўтычнай фабрыкi Кузаўкова. Па падазрэннi быў затрыманы раней судзiмы Павел Скакун па мянушцы Князь. Праўда, даказаць вiну Скакуна капiтан не змог, а хутчэй за ўсё, не паспеў, але Князя арыштаваў за захоўванне зброi. Вось гэты Князь увесь час ацiраўся на гарадскiм кiрмашы, як кажуць, кармiўся з яго. Версiю капiтана Бусла мы павiнны дапрацаваць, не дае спакою ягоная ўпэўненасць у тым, што Скакун i ёсць забойца Кузаўкова. Цяпер разумееш, чаму ты апынуўся на кiрмашы?
Крывiцкi згодна кiўнуў. Астроўскi выцягнуў з кiшэнi партманет, дастаў фотаздымак i паклаў перад лейтэнантам. Крывiцкi зiрнуў на здымак i адразу ўскiнуў здзiўленыя вочы на маёра.
– Я не ведаю чалавека, якi са мной сфатаграфаваны, – пацiснуў плячыма лейтэнант i, узяўшы здымак, паднёс блiжэй да вачэй. – Праўда, першы раз бачу.
– Усё правiльна, гэта фотамантаж, – задаволена пацiраючы рукi, зазначыў Астроўскi. – На здымку ты i арыштаваны Князь. Вось цяпер наспеў час сур’ёзна пагаварыць, што i як ты павiнен рабiць, каб раскрыць забойства.
– Я гатовы, – рашуча ўскочыў на ногi Крывiцкi.
– Сядзi, Алесь, у нас размова доўгая, – Астроўскi схаваў партманет, фотаздымак застаўся ў Крывiцкага. – Мяне цiкавяць хлопцы, якiх ты ў рапартах называеш рэкецiрамi. Вiдавочна, яны верхаводзяць на кiрмашы i, мабыць, прамышляюць не толькi вымагальнiцтвам. Думаю, арыштаваны Князь – адзiн з iх.
– Калi я правiльна зразумеў, мне трэба больш прыгледзецца да рэкецiраў?
– Наша задача – укаранiць цябе ў злачынную групу, ты павiнен стаць для iх сваiм.
– Стаць членам банды?!
– Так.
– А закон?! – не верачы пачутаму, разгубiўся Крывiцкi. – Мне ж прыйдзецца яго парушаць…
– Закон я ведаю не горш, – спахмурнеў Астроўскi. – Канечне, без нейкiх парушэнняў не абысцiся, але ж, па вялiкiм рахунку, iсцi на гэта трэба. Iнакш можа стацца, што Кузаўкоў i Бусел – не апошнiя ахвяры. А можа, ты па нейкiх iншых прычынах сумняваешся ў правядзеннi такой аперацыi?
Крывiцкi спадылба зiрнуў на маёра i, натыкнуўшыся на адкрыты, далiкатны позiрк, сумеўся.
– Не падумайце нiчога кепскага, – таропка пачаў апраўдвацца лейтэнант, – я не баюся, але раптам прыйдзецца разам з бандай учыняць цяжкiя злачынствы? Адмовiцца нельга i зрабiць таксама. Як тады быць?
– У кожным канкрэтным выпадку будзем разважаць пра ўсё i вырашаць разам, – супакоiў лейтэнанта Астроўскi. – Адзiн на адзiн з iмi не застанешся, буду асабiста падстрахоўваць. Цяпер давай пакумекаем, як правесцi аперацыю па ўкараненнi ў злачынную групу. У мяне ёсць задумка…
Маёр устаў i нейкi час, засяроджана разважаючы, хадзiў па пакоi, потым зноў сеў у крэсла, пацягнуўся па цыгарэты. Крывiцкi таксама закурыў. Шызы дым паволi пацягнуўся пад столь i адтуль палоскай да адчыненай форткi.
– Скажы, Алесь, цi не было выпадку, каб рэкецiры зводзiлi з кiм рахункi?
– Было такое, – не разумеючы, куды хiлiць Астроўскi, сказаў Крывiцкi. – Днi чатыры таму гуртам наляцелi на мужчыну, быццам знарок. Бiць – не бiлi, а тавар ягоны: мяса, сала, каўбасы – усё iмгненна апынулася пад нагамi. Стаўклi ў гразь i нават палiлi нечым смярдзючым, ацэтонам, цi што.
– Чаму яны так зрабiлi?
– Думаю, чалавек адмовiўся плацiць цi мала даў. А яшчэ раней бачыў не кiрмашных рэкецiраў. Яны ў аўтааматараў забiралi запчасткi, каму што трэба, а нашыя толькi насмiхалiся, брывом не павялi, што хтосьцi iншы гаспадарыць на iхняй тэрыторыi. Канечне ж, дамоўленасць памiж iмi была. I яшчэ, – Крывiцкi нейкiм вiнаватым позiркам паглядзеў на Астроўскага, – у мяне склалася ўражанне, што i з мясцовай мiлiцыяй у iх сяброўскiя адносiны, i з падатковымi iнспектарамi. А пра кiрмашнае начальства нават гаварыць не прыходзiцца, рэкецiры перад iмi – сама дабрачыннасць. Бачыў некалькi разоў, як яны размаўляюць з дырэктарам, быццам салдаты з генералам.