Думаю, што інжынер Нарбут, чалавек з добрай матэматычнай адукацыяй, валодаў дастаткова нескладанымі метадамі вызначэння дакладнага часу па сонцы і мог сам карэктаваць свае гадзіннікі. Тым больш, што з успамінаў яго дачкі я з задавальненнем даведаўся, што Тэадор па-сапраўднаму цікавіўся астраноміяй і нават меў невялікі тэлескоп: «Ужо ў старым узросце, бацька, узброены падзорнай трубой, вечарам сядзеў на ганку і глядзеў на зоркі. Белая, доўгая барада і цёмны шлафрок рабілі яго падобным на нейкага астролага з малюнка»48.
У лісце ад 2 кастрычніка 1840 г., Тэадор Нарбут паведамляў Рэніеру, што ўчора быў першы дзень без дажджу – «тры тыдні стаялі халады, і ішоў дождж, на нізінах небывалая паводка, пасеянае збожжа не расце, а запозненыя снапы гніюць. Няма ні восеньскай гародніны, ні насення кветак», – і далей: «Раз ты так ласкава ставішся да мяне, я прашу знайсці час і паглядзець мэблю, якая прадаецца па аб'яве ў дадатку да „Кур'ера“. Хачу купіць з дзесятак крэслаў, вялікую парадную канапу і дзве маленькія канапы ці шэзлонгі ў гасцёўню, два столікі, каб паставіць перад імі, і, можа, яшчэ што-небудзь такое. Каб даведацца пра кошт і дамовіцца, а можа і заплаціць – перш за ўсё за крэслы і канапу, пан Марціноўскі будзе ласкавы даць вам грошы ці гарантаваць аплату»49. Праз два тыдні гаспадар маёнтка Шаўры тлумачыць: «Мэбля мне патрэбная, аднак у віленскіх сталяроў яна занадта дарагая, я ўжо знайшоў сталяра і вясной змагу яго наняць. Аднак было б добра купіць мэблю на танным аўкцыёне, але прашу купіць яе толькі, калі будзе па-сапраўднаму танна. Адну канапу ці сафу, з тузін лёгкіх крэсел, маленькі, нізкі камод чырвонага дрэва, два шэзлонгі і больш нічога»50, – як бачым, гісторык заўсёды быў гатовы эканоміць на бытавых рэчах, да якіх, здаецца, ставіўся абыякава.
Гаспадар Шаўроў імкнуўся ўдасканальваць сваю гаспадарку, 20 кастрычніка 1840 г. ён пісаў: «На сваёй гаспадарцы я зрабіў дзіўнае назіранне, што белыя цукровыя буракі (ці шлёнскія), на маёй зямлі ў Шаўрах пастаянна незвычайна добра родзяць. Ужо некалькі гадоў, як быццам на пробу, сею іх і штогод атрымліваю добры ўраджай. Напрыклад, у гэтым годзе яны нідзе не ўрадзілі, а ў маім нізкім агародзе, у вельмі вільготнае лета, сабралі 5 бочак з паловы гарнца насення, але, па-праўдзе, буракі былі малыя. Раскажы свайму брату пра гэта. Ці можна мне з ім паразмаўляць самому, можа мы закладзём якую цукровую вытворчасць? […] Ты казаў мне, што твой брат ведае, як мураваць прамысловыя будынкі, напрыклад ёмістасць для бровара. Папрасі яго, каб даслаў мне інфармацыю з малюнкамі пяром ад рукі пра тое, як вымураваць дужую ёмістасць. Добра было б зрабіць гэта за тыдзень. Бо, буду мураваць, а маразы ўжо блізка», і дадае: «Не паверыш, якую шкоду нарабілі нам дажджы. Лугі пазаліваныя, сена няма, гародніна, авёс, гарох, грэчку – з поля гнілымі звозілі. Бульбы мала сабралі. Будзе голад у нашых сялян. Трэба запасацца хлебам, прадаваць няма чаго»51.
Недарма Нарбут згадвае бульбу – наш другі беларускі хлеб. У 9-м томе сваёй «Гісторыі літоўскага народа» ён пісаў: «Бульба ў Літве стала вядомай толькі ў другой палове XVIII ст., паводле інвентара маёнтка, у маёй вёсачцы садзіць гэтую расліну ў агародзе першы раз пачалі ў 1763 г., і, падобна, што так было ва ўсім Лідскім павеце»52. Дадам, што раней лічылася, што ўпершыню бульбу да нас завёз кароль Ян III Сабескі пасля перамогі над туркамі ў бітве пад Венай у 1683 г. Але гісторык Анастасія Скеп'ян знайшла, магчыма, першы ўспамін пра бульбу – «bulbos americanos» – сярод апісання 1623 г. агарода пры віленскім палацы полацкага ваяводы Януша Кішкі, дзе некалькі яе кустоў раслі на адной градцы