Думка пры выраб цукру не пакідае інжынера Нарбута. Тут трэба адзначыць, што да таго часу ў Вільні, у выдавецтвах, з якімі супрацоўнічаў і наш гісторык, выйшлі як найменей дзве кнігі пра буракі і выраб цукру з іх, што кажа пры цікаўнасць да гэтай тэмы55. 27 кастрычніка 1840 г. ён зноў нагадвае сябру: «Памятай, што трэба пагаварыць з тваім братам, у якога я хацеў бы папрасіць парады, нават дапамогі і супрацоўніцтва ў справе пабудовы цукровай фабрыкі, якую патрабуе мой добры ўраджай буракоў. Я такі чалавек, які калі нешта задумаў, дык распачынаю справу разважліва, а калі яна пачынае атрымлівацца, актыўна бяруся і заканчваю. Зараз гэта фабрыка ў маёй галаве, і я хачу знайсці знаўцу гэтай справы. На бяду з табой і тваім братам мы не жывём у адным горадзе, але спадзяюся, што справа атрымаецца», – у тым жа лісце ён перадае прывітанні сябру сваёй сям'і і распавядае пра цікаўнасць старэйшага сына Людвіка да біялогіі: «Калі гэта пішу, прыйшла маленькая Ёгалька56, а потым Крысціна57 спытала, ці пішу я зараз пану доктару? Адказваю: „Так“, – „Тады вельмі прашу яму кланяцца і дзякаваць, што ўзяў Эдварда пад сваю апеку і робіць яму дабро“. Ёгалька таксама робіць рэверанс і просіць кланяцца. Людвісь усё памятае і скардзіцца, што матылі памерлі. Меў тры прыгожыя вусені, з якіх ён расціў матылёў, але два ўцяклі са шклянкі, трэці ператварыўся не ў матыля, а ў ляльку, і ён бядуе, што яна непрыгожая і мёртвая. Сказаў яму, што ўвесну з яе будзе матыль, але ён не верыць, што з мёртвага можа паўстаць жывая істота»58.
Тэадор Нарбут увесь час займаўся ўдасканальваннем свайго маёнтку. Паляпшаў сістэму вырошчвання тэхнічных культур (лёну, канопляў і іншых), а таксама працаваў над пераводам гаспадаркі на прамысловы лад. Заснаваў вінакурню, заснаваў цукроўню і некалькі майстэрняў. Заняпалая падчас вайны 1812 г. гаспадарка ўзнімалася і разгаліноўвалася. Перадусім заквітнела хатняе рукадзелле, задавальняючы ўсе патрэбы дому, як гэта было ў большасці тагачасных гаспадарак. Вельмі пашырылася вырошчванне ільну і канапель (за вырабы з ільну Нарбут атрымаў медаль), адначасова да такой ступені развілося ткацтва, што ткацкія вырабы дому Нарбутаў мелі славу выключных.
Шаўры паволі ператвараліся ў мястэчка. Мелі піва і ўласную гарэлку, якая не абкладалася акцызам і перараблялася на знакамітыя літоўскія старкі, вядомыя ва ўсім краі і за яго межамі. Вуллі давалі мёд, які таксама перарабляўся на гаспадарцы: з яго выраблялі воцат і настойкі. Ураджаі хлебу на палях часцей за ўсё былі дастатковымі. Лясы, амаль некранутыя, давалі будаўнічы матэрыял, паліва, дзёгаць і смалу. Аборы і хлявы адзявалі і кармілі. Сады славіліся садавіной, а ставы рыбай.
Шаўры мелі ўласных рамеснікаў: цесляроў, дахаўшчыкаў, сталяроў, гарбароў, рымароў, ткачоў, краўцоў. Кравец Караль, які абшываў усю сям'ю Нарбутаў з тканін, вырабленых ў гаспадарцы, быў сапраўдным майстрам сваёй справы. Ваколічныя модніцы замаўлялі ў яго свае ўборы. Кухар Юрак мог дагадзіць самым вытанчаным кулінарным густам, а яго «свянцонае» славілася на ўвесь Лідскі павет. У тагачасным эканамічным жыцці кожны грош не лёгка пакідаў гаспадарскую кішэнь і гэтак жа цяжка ў яе патрапляў, бо сельскагаспадарчыя прадукты былі вельмі танныя.