Трэба сказаць некалькі слоў пра партрэты Тэадора Нарбута, якія адлюстроўваюць асобу гісторыка падчас жыцця ў Шаўрах.
Адам Кіркор у 1854 г. пісаў: «З радасцю паведамляю, што партрэт гэтага заслужанага ветэрана нашай гісторыі неўзабаве будзе выдадзены ў Варшаве, у вялікім зборніку сп. Фаянса. Вялікія заслугі Нарбута, яго вялікая праца і адданасць навуцы яшчэ больш прывабліваюць нас да яго незвычайнай сціпласці, адсутнасці фанабэрыі і чароўнай прастаты»34. Класічным партрэт Тэадора Нарбута, пра які паведамляў Кіркор, выканаў вядомы мастак Максіміліян Фаянс (1827—1890). Першы раз яго надрукавалі ў 1857 г. у альбоме «Вобразы Польшчы» («Wizerunki polskie»)35. Літаграфія зроблена паводле фотаздымка, дзеля якога гісторык двойчы спецыяльна ездзіў у Вільню да мастака-дагератыпіста. Двойчы таму, што першая фатаграфія здалася варшаўскаму выдаўцу «недакладнай». Але ў выніку атрымаўся хрэстаматыйны і самы вядомы партрэт Тэадора Нарбута.
Таксама добра вядомы партрэт-літаграфія нашага гісторыка зроблены Юзафам Азямблоўскім (1805—1878) паводле малюнка Адольфа Піварскага (1817—1870). Азямблоўскі быў сталым ілюстратарам твораў Нарбута. Гэтая літаграфія з'явілася каля 1840—1841 г. па ініцыятыве Антонія Марціноўскага, выдаўца шматтомніка Нарбута «Гісторыя літоўскага народа», калі ішла падрыхтоўка да друку дзясятага, апошняга, тома твора, які так і не выйшаў. Партрэт павінен быў быць размешчаны ў кнізе побач з біяграфіяй аўтара.
Абодва партрэты пацвярджаюць апісанне гісторыка зробленае сваячкай і суседкай Камілай Юрэвіч з Нарбутаў: «Меў і знешнасць ліцвіна: светлы бландзін з вялікімі блакітнымі вачыма і лагодным выразам твару. Ад прыроды меў моцнае цела і спадзяваўся дажыць да 100 гадоў»36.
Партрэт Нарбута, зроблены незадоўга да яго смерці, здаецца, добра адлюстроўвае ўнутраны сусвет старога і мудрага чалавека.
Вільня і дарога ў Вільню, Нарбут у вёсцы
Запрашаючы да сябе свайго сябра Аніцэта Рэніера, гісторык пісаў: «Прыязджай, шаноўны пан Аніцэці, прыязджай да мяне. Даехаць зручна, па добрай дарозе, па якой мае фурманкі возяць прадукты, таму – сам у адной, рэчы ў другой і трэцяй – у яе можна паставіць куфар з усім неабходным. Пісар, які будзе з фурманкамі, атрымае ад мяне неабходны загад. Калі зараз не можаш, дык праз некалькі тыдняў мае фурманкі зноў павязуць прадукты [у Вільню]»37.
Тэадор стала дасылаў фурманкі з прадуктамі сваёй гаспадаркі на продаж у Вільню. Канешне ж, для яго гэта было больш выгадна, чым прадаваць іх цераз перакупшчыка, у гэтым сэнсе маёнтак Шаўры меў добрае становішча. Пра продаж тавараў у Лідзе Тэадор нават і не згадваў, што цалкам зразумела – Ліда была далей, чым Вільня і мела больш слабы рынак. Але нашы дарогі з-за сваёй якасці часта не злучалі людзей, а наадварот, разлучалі іх. «Пасля доўгага бездарожжа, прыйшоў час, калі можна выслаць некалькі фурманак ў Вільню, каб купіць неабходнае»38, – пісаў гісторык 21 студзеня 1843 г., калі дарогі ўжо скаваў мароз. І праз 10 месяцаў таго ж года: «Высылаю па ўжо трошкі замерзлай зямлі фурманку з жытам у Вільню і, каб не страціць аказіі, пішу гэты ліст»39.
Позні партрэт Тэадора Нарбута
Калі я наведаў Шаўры, падумалася – якое ж гэта добрае месца, як блізка да Вільні, дзе жылі яго сябры і аднадумцы – пэўна Нарбут вельмі часта наведваў гэты горад. Аднак, у рэальнасці ўсё было не зусім так. «Не магу выбрацца ў Вільню, заўсёды нешта перашкаджае. Але калі я ў Вільні, дык цяжка вярнуцца дахаты, бо мяне дома немагчыма без гаспадара»