Дом у Шаўрах уяўляў сабой згасаючы тып стараліцвінскіх двароў. У тагачасныя «прыгонныя» часы двор Нарбута выглядаў ідыліяй, бо акрамя пануючага паўсюдна ўціску, знаходзіліся і двары падобныя да Шаўроў, дзе хаты падданых сялян атачаліся клапатлівай апекай59.
Аднак, дачка Тэдора Манчунская пісала, што з-за недахопу сродкаў многія планы яе бацькі пацярпелі крах, хоць вёска, якую ён атрымаў у спадкі і ўласная праца, дазваляла жыць без даўгоў. Нарбут значна палепшыў гаспадарку, значна павысіў даходы, але грошай усяроўна не хапала, каб рэалізаваць планы гаспадара: «Маці казала мне, што ў маладосці бацька любіў на раніцы зрывацца з ложка, каб пешкам агледзець сад, праверыць, як скасілі луг, ці не пашкодзіў хтось прышчэпленую грушу. Потым праз поле ці луг вяртаўся і сядаў за малы драўляны столік, а вакол яго, на падлозе, ляжалі паперы і кнігі, ён пісаў, бо не меў другога стала і шафы. Пры падзеле з братам успадкаваў руіны і пусткі, але хацеў мець менавіта гэтую, а не іншую вёску. Бо карыстаўся тут блізкасцю Вільні да Шаўроў (яшчаркі па-летувіску), вёскі, якая была яго калыскай.
З-за сядзячай працы рабіў перапынкі – рэзаў на камяні, лежачы ў ложку перакладаў Дон Кіхота, смяяўся сам з сабой ці падчас чытання кніжак.
Не раз думала пра тое, як бацька мог з усім спраўляцца? Мець дастатак і дабрабыт. У мае часы ў нас ужо нічога не бракавала, меліся гаспадарчыя запасы, было быдла, коні, было ўсё неабходнае. <…> Бог абараняў працу майго бацькі, бо на працягу ўсяго яго жыцця не было ні перуна, ні граду – усе буры пачаліся толькі, калі бацька мусіў пакінуць свой дом, каб памерці, маці выслалі, аднаго брата забілі, другога саслалі ў Сібір, а я жыву ў Францыі. Пасля смерці бацькі пярун спаліў стайню, якая стаяла ў самай сярэдзіне, а зямлю вакол двара аддалі сялянам»60.
На пачатку 1841 г. Нарбут пісаў сябру-доктару: «Святы мы правялі дома. На двары доўгія завеі і буры, і ўсё бліжэй голад, таму не хочацца гучных забаў. Дзякуючы Богу, яшчэ маю трошкі здароўя»61. Праз тры тыдні: «Падобна, што гэтай зімой у Вільні не буду, бо, па-першае: гаспадарка, па-другое: пахаванне брата62 і сямейная жалоба, – усё гэта перашкаджае, да таго ж і грошай мала, бо нічога з прадуктаў не прадаў»63.
Слова «голад» неаднаразова гучыць у перапісцы Нарбута, і ён думае, як ратаваць сялян. У той час у Еўропе шырока абмяркоўваліся рэцэпты так званага «румфордскага супа», напрыклад, у 22-й главе першага тома «Капіталу» Карла Маркса знаходзім: «Пяць фунтаў ячменю, пяць фунтаў кукурузы, на 3 пенсы селядцоў, на 1 пенс (1 пенс = 1/240 фунта стэрлінгаў) солі, на 1 пенс воцату, на 2 пенсы перцу і зеляніны, разам на суму 20¾ пенса атрымліваецца суп на 64 чалавекі». Маркс прыводзіць гэты рэцэпт як прыклад таго, якімі спосабамі прагныя капіталісты імкнуцца танней пракарміць сваіх працоўных, і называе імя аўтара: «Гэта адзін амерыканкі гаварун, які атрымаў тытул – янкі Бенджамін Томпсан, ён жа граф Румфорд».
Тэадор Нарбут таксама зацікавіўся гэтым супам: «Нашы сяляне ўжо пакутуюць ад голаду. Я вырашыў паспрабаваць прыгатаваць румфордскі суп і, перабіраючы кнігі, знайшоў цэлы трактат пра гэты дабрачынны суп. Перакладаю… для Вільні: здаецца за 2 грошы кожны чалавек можна добра пад'есці. Хачу надрукаваць пра гэта брашуру і, каб лепш ведаць цэны ў Вільні, пасылаю запіску, у якую, калі ласка, у канцылярыі ратушы выпішы цэны і дашлі мне, а я хутка дашлю рукапіс»64, – пісаў гісторык 15 лютага 1845 г. Праз некалькі тыдняў ён паведаміў свайму сябру пра вынік прыгатавання супу: «Пра суп для сялян. Пробы былі паспяховымі, але я яшчэ не дапісаў рукапіс пра гэтую міласэрную справу. Зраблю кароткае апісанне і аддам у газеты. Цяжка нават уявіць, покуль сам не ўбачыш, колькі можа даць гэтае вынаходніцтва Румфорда!»