і масонаў – у Літоўскім нацыянальным музеі захоўваецца аздобленая масонскай сімволікай шклянка з выгравіраваным надпісам «Тэадор Нарбут» і годам – 1817.

Жыццё ў маёнтку Шаўры

Маёнтак Шаўры ў 1844 г. меў 77 прыгонных сялян, браты Нарбуты (Тэадор, Адольф і Ксаверый – сыны Яўхіма) валодалі ім разам30. Маёнтку належалі 860 дзесяцін зямлі з трыма сялянскімі вёскамі.

Усе мастацкія і навуковыя творы Тэадора Нарбута былі напісаны ў Шаўрах – у тым ліку і яго знакамітая праца «Dzieje starożytne narodu litewskiego» («Гісторыя літоўскага народа», т. 1—9, Вільня, 1835—1841). Сядзіба стала творчай лабараторыяй і месцам працы гісторыка, у ёй месцілася бібліятэка, калекцыі і збор старажытных рукапісаў. З акна свайго кабінета Тэадор бачыў Радуньскі замак, які штодзень натхняў яго на творчую працу31.

З Шаўроў Нарбут праз ліставанне абмяркоўваў самыя розныя пытанні – ад эканамічных да пытанняў вырошчвання льну і канопляў, тут ён перакладаў Гарацыя, Мігеля дэ Сервантэса і Жан-Жака Русо. Тут пісалася самабытная паэзія гаспадара сядзібы. Тут вялася вялікая навуковая праца.

Шаўры Тэадора Нарбута, як і Юршышкі Юстына Нарбута і Яшуны Міхала Балінскага – у той час былі асаблівымі, знакавымі месцамі для інтэлектуальнай часткі нашага грамадства. Гэтыя вельмі спецыфічныя маёнткі каля Ліды з'яўляліся эксклюзіўнымі інтэлектуальнымі астраўкамі, дзе жылі «абшарнікі-творцы».

Для абшарнікаў-творцаў значным быў факт валодання сядзібай, зямлёй, клопат пра ўраджай і сялян – усё гэта, разам з навуковымі заняткамі, стварала іх непаўторны быт. Бо беззямельныя частка шляхты, якая асела ў гарадах і з часам стала прафесійнай інтэлігенцыяй, была зусім іншай сацыяльнай групай. Вядома, што гісторыю пісалі таксама і сапраўдныя прафесіяналы – прафесары Віленскага ўніверсітэта. Але ў нашым выпадку Тэадор Нарбут як і яго сваяк Юстын і больш далёкі сусед Міхал Балінскі, з'яўляліся адначасова творцамі і высакароднымі абшарнікамі, яны сумяшчалі першае і другое – такіх асоб было не шмат.


Максіміліян Фаянс. Тэадор Нарбут


Уладары «творчых» маёнткаў жылі па пэўнай схеме, якую можна ахарактарызаваць як «жыццё па Гарацыю». У той час паўсюдна ідэалізавалі гэтага рымскага паэта і кіраваліся яго думкамі – не толькі чыталі і перакладалі яго творы, але і пераймалі жыццёвы шлях Гарацыя, бо абшарнікі-творцы, як калісьці і сам Гарацый у сваім знакамітым маёнтку на рацэ Тыбур (што каля цяперашняга Цівалі), таксама жылі і тварылі ў сваіх маёнтках. У сваёй сядзібе рымскі паэт атрымліваў асалоду ад адасобленага жыцця і адчуваў сапраўднае чалавечае шчасце. Творчасць заўсёды займала важнае месца ў жыцці вышэйзгаданых абшарнікаў, але іх ніколі не адпускалі і гаспадарчыя праблемы. Часам, як і Гарацый, гаспадары маёнткаў скардзіліся на адзіноту і нуду, але калі ім даводзілася пакідаць свой дом, яны вельмі хутка сумавалі па ім. Бо толькі ўласная сядзіба была тым месцам, куды творца заўсёды хацеў вярнуцца, толькі свая сядзіба заўсёды была сапраўдным прытулкам шляхціца. Як і Гарацый у маёнтку на Тыбуры, уладальнікі гэтых сядзібаў пастаянна сачылі за тым, што адбываецца па-за межамі іх асабістай прасторы. Іх сядзібы былі месцам, дзе фізічнае жыццё спалучалася з творчасцю, месцам, дзе творца ствараў для сябе аазіс духоўнага супакою і мог жыць па дэвізе Гарацыя — «Carpe diem…» («Карыстайся (кожным) днём», ці цалкам: «Сarpe diem quam minimum credula postero» – «Карыстайся (кожным) днём і як мага менш спадзявайся на наступны», лац.).

Для абшарнікаў-творцаў важным было вучэнне Гарацыя аб «разумнай любові» да радзімы. Бо рымскі паэт вучыў творцаў, як жыць у складанай палітычнай сітуацыі. Гэтым можна патлумачыць «сіндром Гарацыя» – г. зн. проста ашаламляльную колькасць перакладаў твораў рымскага паэта менавіта пасля паўстання 1830—1831 гг., калі папулярнасць Гарацыя дасягнула свайго апагею