Тым часам рускія войскі шукалі дэзерціраў. Чуйнае вушка Клямусі з непакоем прыслухоўвалася да ўсіх чутак. І аднойчы яна прыбегла з весткай пра набліжэнне казакаў. Сіўка стаяла каля ганка пад сядлом, але казакі ўжо ўязджалі праз браму. Вершнік адным скокам пераадолеў плот і паскакаў да лесу. За ім пагналіся казакі – яны сыпанулі ўздагон градам куль. Некалькі куль патрапіла ў Сіўку, і яна звалілася каля зарослага густым чаротам возера. Тэадор схаваўся і перасядзеў тут да ночы, але кулі яшчэ доўга свісталі над чаротам.

Калі ўсё сціхла і начны змрок ахінуў зямлю, Нарбут выйшаў са схованкі і асцярожна скіраваўся да бліжэйшай плябаніі. Ксёндз-пробашч сам адчыніў яму дзверы і правёў унутр. Потым пераапрануў Тэадора парабкам і, пасадзіўшы як вазніцу на вазок, загадаў, як быццам везці ксяндза да хворага. Праз некаторы час яны стаялі перад леснічоўкай. Ксёндз паставіў Святы Сакрамант на стол, паклікаў усю сям'ю лесніка і загадаў ім прысягнуць, што яны не здрадзяць таму, каго ён прывёз, схаваюць і зберагуць яго ў сябе. Прысягнулі ўсе.

У лясной глушы сярод сумленных людзей Нарбут адчуваў сябе ў бяспецы. Было дамоўлена, што калі Тэадор пойдзе кудысьці з хаты, а ў яе прыйдзе нехта чужы, дык на знак небяспекі будуць вывешаны белыя хусткі. Кавалеўская піша, што менавіта тут, у лясной цішы, Тэадор Нарбут і задумаў напісаць свае будучыя тэксты і пачаў збіраць стараліцвінскія легенды і паданні.

Час ад часу леснічоўку наведваў спадар Прот Нарбут, а яго дачка выкупіла ў казакаў шкуру Сіўкі і загадала пашыць з яе доўгі дарожны куфэрак, у якім гістарыёграф Літвы потым усё жыццё захоўваў свой французскі мундзір, лісты герцага Басано, загады Напалеона і іншыя сувеніры тых часоў.

У наступным годзе цар Аляксандр І абвясціў амністыю для ўсіх удзельнікаў ваеннай драмы. Нарбут звярнуўся па ласку манарха і атрымаў звальненне са службы і пагашаную за ўвесь час адсутнасці на службе грашовую запазычанасць.

Менавіта згадка пра гэтыя грошы, атрыманыя за той час, калі Нарбут служыў Напалеону а потым хаваўся, дадае веры ва ўсю гэтую гісторыю, робіць больш яе сапраўднай і жыццёвай. Гэтага не прыдумаеш, а калі захочаш напісаць гісторыю пра «сапраўднага героя», дык не будзеш узгадваць, што ён узяў грошы за той час, калі служыў супраць таго, хто іх выплаціў. Тут усё па-нашаму – «б'юць – бяжы, даюць – бяры».


Пасля амністыі Нарбут вярнуўся ў Шаўры.

А калі падраслі дзеці, гісторык з-пад страхі часам выцягваў куфар са шкуры сваёй Сіўкі, у якім стары прыхільнік Напалеона хаваў памятныя рэчы тых часоў, паважна вымаў іх і ўзрушана раскладваў вакол сябе. Дзеці з вялікім хваляваннем пачціва маўчалі і слухалі бацьку, а потым нават падносілі да вуснаў яго скарбы. Найбольш хваляваў Тэадора стары мундзір, сукно на ім паблякла, але ўсё яшчэ бліскучыя эпалеты будзілі прывіды 1812 г. – часоў яго маладосці і надзеі. «Старога прыяцеля», як называў ён свой мундзір, гісторык нават ушанаваў вершам, які пачынаўся гэтак:

Калі я ўсё страціў падчас краёвых бур,
Ты адзін са мной застаўся, мой стары мундур!
Ты блішчаў на мне ў часы,
калі Край быў у патрэбе,
Я ж рызыкоўна падстаўляў пад кулі сябе і цебе.
Зніклі мае прыгожыя дні,
як дым у начных ценях знікае,
Але той усё ж шчаслівы, хто ўспаміны мае.

Тэадор Нарбут жыў гэтымі ўспамінамі і мацаваўся імі да позняй старасці, пры гэтым часта паўтараў: «О, лёс! Хто меў цябе ў нашым краі…»28.

Такога кшталту расказы Зоф'я Кавалеўская магла пачуць ад дзяцей Тэадора Нарбута, і дадатковую веру ў верагоднасць усіх гэтых прыгод у 1812 г. дадае аўтэнтычны верш Тэадора пра мундзір.


Пікантнамі рысамі жыцця маладога Нарбута ёсць яго ўдзел у дзейнасці таварыстваў шубраўцаў