86.

І тым не менш пры канцы 1846 г. гісторык зноў пытаецца ў доктара Рэніера: «У нас кажуць, што ў кашарах, былым касцёле св. Ігнацыя, адбыліся нейкія цуды, якія вядомы ўсёй Вільні. Ці чуў пра іх? Пабожныя спевы, езуіцкая ютрань і г. д.»87.

Дзеці Нарбутаў у юнацтве. Уладзіслаў Абакановіч

Падобна, дзеці Тэадора не праяўлялі асаблівай цікавасці да гісторыі. Напрыклад, старэйшы сын Людвік Нарбут (1832—1863) маляваў карты і перапісваў старыя дакументы толькі па загадзе бацькі, а цікаўнасць да старых кніг у малодшага сына Станіслава Нарбута (1853—1926) з’явілася толькі тады, калі яго бацька даўно ўжо памёр88.

З ліста ад 3 жніўня 1845 г. даведваемся, што Тэадор Нарбут з 24 па 29 ліпеня быў у Вільні, «памясцілі Людвіся і Алеся ў п. Рачковіча, настаўніка ланкасцерскай школы. Для дзяўчат прымаем гувернантку, ужо дамовіліся ў Вільні з паннай Хоўвальд»89.

Людвісь – знакаміты сын Тэадора Людвік Нарбут. Алесь – сын Алозій-Аляксандр, (1835 г. н.) потым афіцэр арміі, удзельнік абароны Севастопаля, захаваліся яго лісты з хадайніцтвам за бацьку і маці і адказ Мураўёва-вешальніка. У 1864 г. ён выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-капітана. Далейшы яго лёс невядомы.

З жонкай Крысцінай з Садоўскіх (1813—1899) Тэадор Нарбут меў ажно адзінаццаць дзяцей, трое з якіх памерлі ў раннім дзяцінстве. Цікавая і нават сенсацыйная для тых часоў дэталь – адносіны Нарбута з Крысцінай былі афіцыйна ўзаконены толькі ў 1840 г. праз шлюб у Нацкім касцёле. У гэты час у сям'і падрастала ўжо пяцёра дзяцей (першынец Людвік нарадзіўся ў 1832 г. і да шлюбу бацькоў рос як Садоўскі)90. Тэадора Манчунская запісала аповед свайго бацькі, бачна, што гісторык меў добрае пачуццё гумару: «Нехта з гараджан ішоў каля руін Лідскага замка і пачуў адтуль галосную гаворку, а вядома было, што там часта чуліся галасы д'яблаў. Спалоханы гараджанін упаў пад мур – аказалася, што на гэты раз чутна была не размова д'яблаў, але з замка даносіўся скрыгат зубоўны, плач і лямант – новапрыбыўшы і цалкам няшчасны д'ябал, тлумачыў іншым прычыну свайго плачу: „Марачэўскі спавядаўся, а Нарбут ажаніўся“, – вось чаму д'яблы скавыталі хорам. Марачэўскі быў хлусам і бязбожнікам, а пан Тэадор ажаніўся толькі, калі меў ужо 5 дзяцей. І страціўшы такіх грэшнікаў, д'яблы ўпалі ў роспач»91.

Заўважу, што Тэадор Нарбут хоць і любіў пагаварыць пра духаў, але быў вернікам і больш за ўсе іншыя святы, «шанаваў і вельмі любіў дзень св. Казіміра, у гэты дзень, ён адзначаў і свята роду Ягайлавічаў. Звычайна ў гэта свята над палямі ўжо бачылі жаўрука. Бацька купляў для нас абразкі гэтага святога бо ў яго сэрцы жыла любоў да св. Казіміра. Кожны год у гэты дзень я мусіла чытаць яму ў голас жыццяпіс і казанні, напісаныя кс. Скаргам. Потым я была моцна ўражана, што гэтага святога не вельмі добра ведаюць ва ўсім каталіцкім свеце»92. Што не дзіва, бо св. Казімір – патрон гістарычнай Літвы, ён вельмі шануецца ў нас і мала вядомы ў астатнім свеце.

Пэўна, Тэадор і Крысціна Нарбуты ўзялі шлюб да кастрычніка 1840 г., бо з ліста ад 27 кастрычніка 1840 г., даведваемся пра ахмістрыню Шаўроў, якую завуць Юстынай (зразумела, што гаспадыняй дома раней была Крысціна): «Я нідзе не быў. Пасля гэтых дажджоў заняты фабрыкамі. Вечарам з серады на чацвер у мяне быў прыпадак. З боку сада, злодзей выбіў шыбу і ўлез у пакой. Ён скраў са стала падсвечнікі, бо думаў, што яны срэбныя, насамрэч яны толькі маюць пакрыццё. Юстына пачула шум, падумала, што кот разбіў шкло, загадала падаць агонь, і кот на двух нагах, але без хваста ўцёк праз тую ж дзюрку, у якую ўлез. Не магу зразумець, адкуль узяўся такі смяльчак. Бо такога ў нашых краях ніколі раней не было»