74.

Думаю, што Тэадор Нарбут, як і большасць творчых асоб, адчуваў, для чаго ён жыве, разумеў, што павінен зрабіць, ведаў, што ніхто акрамя яго гэтага не зробіць і ён павінен займацца тым, для чаго прыйшоў на гэты свет, павінен выканаць свае жыццёвае прызначэнне. Падобнае разуменне ўласціва творчым асобам, яно дапамагае ім жыць і ратуе іх ад жыццёвых нягодаў.


Зразумела, што Тэадор Нарбут працаваў не ўвесь час, з перапіскі можна даведацца і пра яго адпачынак. У архіве яго дачкі ёсць верш Нарбута пра казіно ў Лідзе (пераклад верша гл. у дадатках), напісаны ў 1823 г., дзе ён без сумнення бываў на кантрактах ці з іншай нагоды75. Рускі афіцэр Андрэй Розен у свой час апісаў адпачынак у гэтай лідскай установе ў 1821 г.: «У Лідзе ў святочныя і нядзельныя дні арганізоўваліся забавы […]. Для павелічэння танцавальнай залы разабралі сцяну і злучылі два сумежныя пакоі. У выніку, у сярэдзіне залы ўтварылася невялікая ўпадзіна, і мы, танцуючы вальс, уздымаліся ўверх і ўніз, але гэта не перашкаджала танцам і весялосці пад музыку яўрэйскага аркестра і пры святле сальных свечак. Як заўжды танцы скончыліся на світанку…»76.

Верагодна, у той час ужо немалады і глухі гісторык не надта цікавіўся танцамі, але Тэадора Манчунская падае ў сваім рукапісу яго вершаваны тэкст на матыў паланэза77 (пераклад верша гл. у дадатках), які Нарбут танчыў сам і любіў больш за ўсе іншыя танцы: «Любімай музыкай майго цалкам пазбаўленага слыху таты быў паланэз. З-за слыху ён цалкам перастаў чуць музыку, хоць раней сам граў на скрыпцы. У яго памяці засталіся толькі такты паланэза, і ён часта яго спяваў, пры гэтым пытаўся ў нас, ці не фальшывіць? Паказваў нам, як раней танчылі, як раней здымалі шапку перад дамай, прыкленчваючы пры гэтым і абапіраючыся на карабелю78, і ні адны імяніны ў нас ці збор гасцей не абыходзіліся без таго, каб наш бацька не загадваў граць паланэз. Ён не чуў музыку, але вёў даму ў першай пары праз усе пакоі і ў апошнім паварочваў»79.

Тэадор Нарбут усё жыццё пісаў вершы, частку з якіх пакінула ў сваім архіве яго дачка Тэадора Манчунская, але пісаў «для сябе» і не лічыўся добрым паэтам, яго дачка ўспамінала: «Мой бацька нарадзіўся яшчэ пры падзелах, а яго лютня нарадзілася ў 1798 г. ва ўзросце 14 гадоў, хоць яе і немагчыма параўнаць з лютняй Адама [Міцкевіча]…»80, – верагодна свой першы верш Нарбут напісаў у 14 гадоў.


Для гісторыка, як і для іншых асоб, перапынкамі ў бытавой нудзе былі розныя здарэнні, пра якія ён таксама пісаў свайму сябру. 30 жніўня 1842 г. Нарбут паведаміў доктару пра дзіўную падзею, якая раней адбылася ў Лідскім павеце: «Жыхар Лідскага павета Якімовіч узяў у арэнду па-францішканскі кляштар і жыве там ў келлі гвардыяна. Ён хацеў перарабіць спальню і за старой абіўкай знайшоў лацінамоўны рукапіс, напісаны вельмі старым почыркам, у якім меўся рэцэпт нейкага таямнічага спірту. Можа гэта быў рэцэпт алхіміка Твардоўскага ці Парацэльса? Захацеў паспрабаваць. Самым цяжкім было знайсці дзяўчыну. Знайшоў, наладаваў апарат, на які ў пэўнай позе села дзяўчына з нейкімі зёлкамі ў руках і з вянцом з зёлак і пёраў птушкі савы на галаве. Справа адбывалася ў поўнач. Тым часам апарат нагрэўся, колбы і рэторты ўзарваліся і разарвалі дзяўчыну на кавалкі. Сам Якімовіч атрымаў апёкі, ад якіх памёр, кляштар ледзь уратавалі. Гэта адбылося ў Лідскім павеце, у ліпені, у кляштары Шайбакполе»81. Інфармацыю пра падзеі ў Шайбакполі гісторык прасіў перадаць аптэкару Савіцкаму.

Пра гэты выпадак, Нарбут напісаў у сваёй кнізе82. Са спасылкай на Нарбута, паведамляў пра яго і Міхал Шымялевіч: