83.

З ліста ад 30 жніўня 1842 г. даведваемся пра падзеі, якія ў той час абмяркоўвала ўся Літва: «У нас расказваюць пра празарліўцу пані Грасыльду, некаторыя ездзілі і казалі пра цуды. Што пра яе ў вас кажуць?»84.

Да гэтай тэмы Нарбут зноў вяртаецца праз паўтара года, вось фрагмент з ліста ад 7 снежня 1843 г.: «У вясковым грамадстве ідуць размовы пра празарліўцу Грасыльду Наркевіч, якую заможны Эйсмант прывёз у свой маёнтак пад Гародню і заняўся яе справамі. І з таго часу адбываецца цуд за цудам. Але падумай і скажы сваім разумным калегам-лекарам, што і раней былі празарліўцы, хоць нікому і не сніўся жывы магнетызм (гіпноз – Л. Л.). Паглядзіце толькі запісаны і надрукаваны ў Нясецкага („Гербаж Польскі“ Т. IX. С. 162—170.) вынятак з жыцця Зоф'і Тамінскай з Тыліцкіх (памерла ў Торуні 8 лістапада 1633 г.). Калі выключыць перабольшванні, наведванні д'ябла, вядзьмарства і дзіўнае бачанне сітуацыі яе біёграфам езуітам Бжэхвам, дык усяроўна яна будзе сапраўднай празарліўцай, якая з'явілася нам і сёння. Рэч вартая ўвагі. І добра было б знайсці кніжачку Бжэхвы, тытул кніжкі ёсць у Нясецкага, і яна мусіць быць недзе ў бібліятэцы якога з віленскіх кляштараў. Вось, каб хто пашукаў! Бо Нясецкі перадаў толькі змест, а можа і сам нешта прыдумаў»85, – як бачым Нарбут дастаткова сур'ёзна ставіўся да «празарліўцы» і пры яго эрудыцыі, ведаў падобных, знаных у гісторыі, асоб.

Аднак артыкул у «Гарадзенскай губернскай газеце» ад 16 сакавіка 1844 г. у раздзеле ўрадавых абвестак, паставіў кропку на лёсе гэтай «празарліўцы»: «З некаторага часу сярод жыхароў Віленскай і Гарадзенскай губерняў, дзякуючы незвычайнай эфектыўнасці лячэння хвароб, якое на кожны маладзік рабілася падчас магнетычнага сну, стала вядома імя празарлівай шляхцянкі з Ашмянскага павета Віленскай губерні Грасыльды Наркевіч. Яна некаторы час жыла ў Гарадзенскай губерні ў мястэчку Воўпа. Найвышэйшым загадам з Пецярбурга быў прысланы адукаваны медык і пасля яго самых старанных назіранняў і доследаў, а таксама сумесных назіранняў разам з мясцовымі лекарамі на працягу двух маладзікоў, было выяўлена, што шляхцянка Наркевічова, якая перыядычна пакутавала нярвовай хваробай, не валодае ніякімі ўласцівасцямі празарліўцы і што прычынай распаўсюджвання чутак пра яе цуды была з аднаго боку народная схільнасць верыць ва ўсё звышнатуральнае, а з другога зацікаўленасць мужа гэтай жанчыны, які зарабляў грошы на наведвальніках. У выніку некалькіх незвычайных, але лёгкавытлумачальных выпадкаў з ёй і пайшлі пагалоскі пра цуды. Таму мясцовая ўлада, каб не дапусціць распаўсюду неабгрунтаваных чутак, выдала пастанову, якая забараніла збор цікаўных у Наркевічовай падчас яе нервовых прыступаў»86.

І тым не менш пры канцы 1846 г. гісторык зноў пытаецца ў доктара Рэніера: «У нас кажуць, што ў кашарах, былым касцёле св. Ігнацыя, адбыліся нейкія цуды, якія вядомы ўсёй Вільні. Ці чуў пра іх? Пабожныя спевы, езуіцкая ютрань і г. д.»87.

Дзеці Нарбутаў у юнацтве. Уладзіслаў Абакановіч

Падобна, дзеці Тэадора не праяўлялі асаблівай цікавасці да гісторыі. Напрыклад, старэйшы сын Людвік Нарбут (1832—1863) маляваў карты і перапісваў старыя дакументы толькі па загадзе бацькі, а цікаўнасць да старых кніг у малодшага сына Станіслава Нарбута (1853—1926) з’явілася толькі тады, калі яго бацька даўно ўжо памёр88.

З ліста ад 3 жніўня 1845 г. даведваемся, што Тэадор Нарбут з 24 па 29 ліпеня быў у Вільні, «памясцілі Людвіся і Алеся ў п. Рачковіча, настаўніка ланкасцерскай школы. Для дзяўчат прымаем гувернантку, ужо дамовіліся ў Вільні з паннай Хоўвальд»