(1881 г. н., сын Баляслава).

Вось такія асобы гуртаваліся вакол нашага Тэадора Нарбута.

Хачу заўважыць, што замілаванне нашай гісторыяй, ад Тэадора і Юстына Нарбутаў, сімвалічна, перайшло да яго суседа Вандаліна Шукевіча, той перадаў гэтую святую паходню пакаленню, якое групавалася вакол выдання «Лідская Зямля» (самым выбітным сярод іх быў Міхал Шымялевіч99 – лідскі радны ад Таварыства беларускай школы) і ад іх, праз выбітных краязнаўцаў, рэдактара «Лідскай газеты» Аляксандра Жалкоўскага і майго школьнага настаўніка Анатоля Куляша, перайшла да нас. Гэтак, на працягу больш за 200 гадоў, трымаецца непарыўная сувязь трох пакаленняў даследчыкаў гісторыі Лідчыны і будзе трымацца далей.


Ва ўспамінах дачкі Нарбута ёсць некалькі цікавых эпізодаў з жыцця сям'і ў Шаўрах: «Бацька не любіў палявання, не дазваляў лавіць рыбу ў ставе і рацэ, якія яму належалі, таксама не было вольным выцінаць дрэвы ў гаях, а тым больш у садзе.

Ёсць адна важкая дэталь дзяцінства, якая добра захавалася ў маёй памяці. Людвік, як звычайна, з дзяцінства будаваў умацаванні і гуляў у вайну. Маладыя браты, мая сястра і я былі жаўнерамі, а пляц для ўмацаванняў знаходзіўся ў садзе. Мы пашыхтаваліся і хутка павінна была пачацца бітва. Я не выказвала вялікай адвагі, але як больш старэйшая па ўзросце была пастаўлена на муры з саломы – сам Людвік паставіў мяне за валы фартэцы.

Вал быў вышэй за мяне на галаву, і трэба было стаяць на падстаўцы. Каб яе зрабіць, Людвік ссек сякеркай галінку бярозы. У гэты момант бацька ішоў праз алею і ўбачыў гэта. У гневе ён закрычаў на Людвіка: «Ты не мой сын», – і пакрыўджаны пайшоў да сябе. Людвік плакаў за дрэвам, а яго жаўнеры стаялі ў роспачы. Усе не смелі прасіць у бацькі прабачэння, і толькі я, заахвочаная маці, без страху пайшла ў яго пакой. Я ўбачыла яго лагодны твар, добрую ўсмешку і папрасіла прабачыць віну Людвіка.

«Прывядзі яго сюды», – сказаў бацька мне. Я стала паслом добрай навіны, але Людвік доўга не мог паверыць у такое шчасце і потым заўсёды памятаў гэтае здарэнне.

Яшчэ адна камічная прыгода адбылася, калі я ўжо была паненкай. Франусь з чарэшні кідаў мне ягады, ён заўважыў бацьку, які ішоў у сад і сканфузіўся, бо на галінцы дрэва быў у ботах (гэта нішчыла дрэва), брат пахіснуўся і галінка зламалася. Тады ён крадучыся злез на зямлю і ўцёк. А я паспяшала спаткаць бацьку і накіраваць яго шлях у іншую частку саду. Бацька схамянуўся бы ад зламанай Франусем галінкі, і ён – ужо вялікі хлопец – меў бы цяжкія хвіліны.

Бо сыноў бацька трымаў грозна і сурова. Пасля вяртання з Каўказа, Людвік не мог выехаць з дому без згоды бацькі, а мусіў працаваць, маляваць карты і абавязкова перапісваць [тэксты]. Ніхто з братоў не смеў усміхацца пры бацьку, а ні тым болей паліць тытунь ці ўзяць каня. Дочкі, і асабліва я, мелі іншыя прывілеі. Мы маглі вольна сядзець пры ім, ён браў нас на рукі і цалаваў, мы часам асмельваліся гладзіць яго бараду ці цалаваць у твар. Прывучаў нас да працы, яму спадабалася, калі мы рабілі малыя ватныя падушачкі для іголак і інш., такія малыя падарункі ахвотна прымаў ад нас і збіраў іх калекцыю. Яго заўсёдны добры гумар і сістэмнае стаўленне рабіла нас пэўнымі ў тым, што бацька нас любіць і зычыць нас дабра, але ён не цярпеў нашы капрызы і фантазіі»100.

Віленскі мемуарыст Станіслаў Мароўскі пісаў пра старадаўнія літоўскія шляхецкія правілы, якія дзейнічалі яшчэ і ў сярэдзіне XIX ст.: «Сын ёсць поўная ўласнасць бацькі. Ганьбі і карай сына калі ён дрэнны, каб стаў лепшым. А калі ён добры, ганьбі яго і карай, каб не сапсаваўся»