Бальшыня тэхнічнага абсталяваньня захоўвалася на лыжве. Сярод яго былі і аэрабарліны, і праменевікі, і партатыўныя гісэрні, і машыны для тэрафармаваньня. Але ж усе прылады для рольніцтва і натуральнае гаспадаркі, еміна, збожжа, флянсавыя дрэвы і насеньне з Старое Зямлі заставаліся на віцінах. Вітаўчане апынуліся ў нявыкрутцы і неўзабаве сутыкнуліся з голадам. Лягічным выйсьцем для іх сталіся наскокі на дзялянкі палямонічаў і гедзімінічаў на суседнім кантынэньце.
З дакладу інвэстыгатара Бартрама Ардо Першаму рэгістратару Галяктычнага Рэгістру
Аэрабарліна бясшумна ўзьнялася ў вечаровае паветра над Ніжнімі Панарамі і паляцела па-над Вяльлёй.
Халодны марцовы вецер зьверху набраў моцы, і Юргель ад холаду апрытомнеў. Скінуў зь сябе апатыю. Разгледзеўся. Зразумеў, што яны ляцяць на паўднёвы ўсход: за сьпінаю Аксамітная Лілея прыпала да гарызонту, заліўшы віленскі краявід насычанаю ірдзеньню. Водбліскі гулялі на палатне нульгравітацыйнае чыгункі і палосцы Балтыцкага мора ўдалечыні.
Над Вільняю ўздымаўся ў неба мэталічны сьпічак вежы Гедзіміна – будыніны, нібыта зьлепленай з пап’е-машэ і фольгі прыдуркаватым малым. Некаторыя казалі, маўляў, гэта старчма стаіць той самы карабель, на якім прыляцелі першыя гедзімінічы. Але за прамінулыя з тых часоў стагодзьдзі вежу столькі разоў надбудоўвалі і лапілі, што, калі адпачатку яна ўзапраўды і была караблём, ад арыгінальнага выгляду мала што засталося.
Пад імі вывівалася Вяльля. Аэрабарліна набірала хуткасьць. Вось ужо зьнізу Юргель убачыў мохавы дах Раскошнае Бусьлянкі ў Вярках, дзе слугаваў раней, Даўгі Барок, Шаліцкі Перавоз і Лындову Лінію. Сумневаў не засталося – яны трымалі курс на Зямлю Чорнае Лопаўкі.
Калі віленскія перадмесьці й вёсачкі зьмяніліся густымі лясамі, Шнар прыўзьняўся, пацягнуў Грыньку за нагу і скінуў ягонае цела за борт. Юргель зачаравана глядзеў, як тое зьнікла за барвовым дываном вяршалін. Лёдзя не зварачала на гэта ніякае ўвагі.
Апошнім месцам, якое пазнаў Юргель, былі Ваўкавішкі. Там, у Прытульнай Бабравіне, пан Анцута, пэўна, папіваў кестранк, мацаў Струмілавых пакаёвак і не здагадваўся, што вітаўчане аблупілі яго як ліпку. Далейшыя землі заставаліся Юргелю невядомыя. Хіба што, прыгадваў, на ўсход ад Віленскага ваяводзтва ляжыць Смаленскае. За ім – Амсьціслаўскае. А яшчэ далей, за гарамі й морамі, – страшэнная Чорная Лопаўка. На тым ягоныя геаграфічныя веды і скончваліся. Ён нарадзіўся ў Яшунах, што ў Троцкім ваяводзтве, а большую частку жыцьця прабавіў у Віленскім павеце, дзе наймаўся лёкаем да чарговага пана, пакуль яго не выганялі за чарговую правіну.
Юргель вылаяў сябе за тое, што змарнаваў столькі часу на бязьдзейнасьць, і памеркаваў, як можна выйсьці зь незайздроснага становішча. Зрэдку яны міналі невялікія паветраныя выспачкі, і ў Юргеля, які сядзеў на борце, абхапіўшы нагамі паўбачэнак, каб ня ўпасьці, узьнік які-ніякі плян. Трэба было адно чакаць.
Ён глядзеў на Лёдзю побач і спрабаваў падаць ёй знак, але ўсё марна. Ахмістрыня была па-ранейшаму зьвязаная, яе матляла з боку на бок; яна не зважала ні на што, у тым ліку на Юргеля.
Шнар побач не зьвяртаў на палонных асаблівае ўвагі, прысьвячаючы яе краявіду пад імі і паперчыне ў руках. Калі-нікалі ён перакрыкваўся з Прокшам наперадзе і нешта выкрэсьліваў алоўкам.
Пэўнага моманту Вяльля засталася справа – Юргель зразумеў, што яны ўзялі курс проста на ўсход. Пасьля падняліся ў паветры – наперадзе выткнуліся горы. Ён ледзь не адубеў на вышыні, але неўзабаве яны прамінулі граду і зноў паляцелі над лесам.
Як і чакаў Юргель, калі вакол сутонела і апошнія прамяні Лілеі асьвятлялі адно йрванае пярыстае надхмар’е над галавой, аэрабарліна скінула хуткасьць. Марэны ў небе не было. Зямля ўнізе падавалася чорным прасьцірадлам, накінутым на непрыбраны бяседны стол. Шнар запаліў налобны ліхтарык, а Прокша – скіраваныя наўскасяк да зямлі фары.