Пераз стагодзьдзі флёра і фаўна, прывезеныя з Старое Зямлі, пасьпяхова суіснавалі і спаборавалі з эндэмікамі Куканіі. Спаборавалі і людзі. Пераходні парасьсяляліся па ўсім кантынэньце асобнымі групамі, часьцяком варагуючы міжсобку. Выточная вялікая задума Мінгайлы-Азярэвіча пра краіну-мару Беларусь разам з панплянэтнаю беларускаю моваю і агульнаю валютаю талерам, вядома, ня спраўдзілася. Хіба не адзінымі местамі, дзе захаваліся рэшткі пачатнага пляну і сякія-такія тэхналёгіі, былі Вільня і Полацак – самыя месты ўзьніклі вакол віцінаў. Воддаль іх любыя тэхналёгіі пазастыгалі на роўні Даўных дзён, і ня дзіва: насельнікі дзіказем’я больш клапаціліся аб уласным выжываньні, ня дбаючы пра будзь-якое разьвіцьцё навукі.

Працяглая ізаляцыя, крэўнае скрыжаваньне, генэтычныя адхіленьні і псыхічныя вычварэньні ўва многіх каленах спрычыніліся да таго, што нашчадкі выгнанцаў і дысыдэнтаў у стане заўсёднае канфрантацыі стварылі сама размаітыя супольнасьці зь дзіўнымі звычаямі. І з часам адрозьненні між супольнасьцямі адно павялічваліся. Ужо праз тысячагодзьдзе, у сёньняшнюю эпоху Роскіду, Куканія ўяўляла сабою стракатую цераспалосіцу недадзяржаваў, вольных местаў, аўтаномных анкляваў і нічыйных земляў з рознымі мовамі, ладамі і забабонамі. Суседзі мала калі мелі зносіны адныя з аднымі звыш сама неабходнага.

Раскіданаму па Сусьвеце чалавецтву зьмяшчэньне Новае Зямлі да апошняга часу заставалася невядомае. На ўскрайку Незнані не зьяўляліся заркалёты, з выняткам хіба што пірацкіх учанаў. Ахінутая млявасьцю плянэта жыла сваім дзівачным старасьвецкім жыцьцём, якое нам падалося б пякельным жахам. Але на чужынскія пагляды новазямельцы не зважалі. Куканія не стамлялася спараджаць усё новыя формы сацыяльнага жыцьця, якія паўставалі насуперак імавернасьці і здароваму глузду. Зямля Чорнае Лопаўкі сталася між тым запраўдным кантынэнтам-вязьніцай, дзе нашчадкі лотрыкаў зь «Вітаўта» ўтрымвалі і нагадоўвалі рабоў, час ад часу папаўняючы свой статак.

У адным Мінгайла-Азярэвіч меў рацыю: плянэта загартавала сваіх насельнікаў як мае быць. Калі б ён убачыў, чым абярнулася ягоная мара, дык жахнуўся б, як жахнуліся мы, калі прыляцелі ў Куканію.

З дакладу інвэстыгатара Бартрама Ардо Першаму рэгістратару Галяктычнага Рэгістру

Зь Цёмналесься ў Аўціму

«Учора было ўчора, а сёньня – гэта сёньня».

З такою думкаю Юргель адкінуў прэч шкадаваньні і вырашыў, што яму не застаецца нічога, як адшукаць Вільню. Ён разьмяў зацёклыя цягліцы, зарыентаваўся, адкуль устае Лілея, і пайшоў лесам у адваротны бок.

Новы дзень абяцаўся быць цёплым і ясным.

Смагу Юргель спатоліў бярозавікам, а вось голад даймаў мацней і мацней. Ён усё шукаў, дзе б чаго пакласьці на зуб, калі ўбачыў на паляне ці то куст, ці то траву, што аплятала павалены камель. Шматлікія сьцябліны падымаліся да роўню пасу і былі ўшпіляныя белымі ягадамі.

«Чорт з голаду й мухі еў, – пастанавіўшы так, паклаў у рот ягадку. – І смак нішто сабе».

Падсілкаваўшыся, Юргель паўдня прадзіраўся скрозь густы падлесак. Неаднойчы яму прывялося скарыстацца клёпкаю ад паўбачэнку: адбіваўся ад зьвяроў, што нагадвалі пудзілы з Трафейнага пакою Пана. Яны відавочна ня зналі людзей і сьмела падыходзілі да яго наўсутыч – але, атрымаўшы па пысе, хутка ўцякалі.

Па паўдні Юргель выйшаў на чысьцядзь, дзе раскінулася прымітыўная вёска з прысадзістых хатаў, напалову закапаных у зямлю. Каржакаватыя брудныя людзі разворвалі зямлю на гародах, калолі дровы, нешта цягалі ў мяхох зь лесу. На падворках сядзелі брыдкага выгляду бабкі, варожа разглядалі яго і перашэптваліся.

Угледзеўшы тубыльца, які ня быў заняты справаю і йшоў сабе вуліцай, ловячы мух, Юргель падышоў і ветліва павітаўся: