З ступару Юргеля вывелі штурхялі вітаўчанаў. Іх зь Лёдзяю прымусілі падняцца і павялі ўніз, праз заднія дзьверы ў парк.

Ён азірнуўся на маёнтак без спадзеву ўбачыць яго яшчэ калі.


Ужо з здымкаў Зарфаля было зразумела, што Новая Зямля ці не йдэальна адпавядае задуме, а па першых інспэкцыйных адведках плянэты (калі Мінгайла-Азярэвіч папрактыкаваўся ў анамастыцы і тэхнічнай краналёгіі) ён пераканаўся ў тым напоўніцу. Плянэта ляжала нетурбаваная ў далёкім Заграніччы воддаль любых касьмічных шляхоў і правамоцтваў Галяктычнага Рэгістру, на самым ускрайку Незнані зь яе непазнавальным чарноцьцем.

Умовы здаваліся прыдатнымі для жыцьця, але не такімі лагоднымі, як на Старой Зямлі: Аксамітная Лілея была значна халадзейшая за Сонца, – адпаведна розьніліся сярэдняя тэмпэратура паветра і іншыя кліматычныя паказьнікі; а вандроўныя цёмныя плямы на чырвоным карліку часьцяком пакідалі плянэту безь сьвятла на колькі хвілінаў. Найлагоднейшым кантынэнтам з трох была палесістая Куканія, найсуворайшым – вульканістая Зямля Чорнае Лопаўкі.

Такія ўмовы, на думку галавы ККД, гартавалі б характар пераходняў і не дароўвалі гультайства і бязьдзейнасьці. А халодныя бяззорныя ночы (часамі было відаць хіба сузор’е Ганчакоў) зь мёртваю Марэнаю ў нябёсах мусілі нагадваць новазямельцам пра найвышэйшую абыякавасьць Сусьвету, мацуючы іх мужнасьць і звычку спадзявацца адно на сябе самых.

Скорым часам рэчаіснасьць выправіла найбольш утапічныя часткі пляну Мінгайлы-Азярэвіча. Валянтэраў для Пераходзінаў на Новую Зямлю ён гэтым разам вырашыў набіраць выключна зь беларусаў: то бок тых, хто лічыў сябе ідэйнымі нашчадкамі напаўмітычнага народу. Такія, на дзіва, знайшліся ня толькі сярод спалечнікаў псыхіятрычных лякарняў.

Паводле задумы, стрыжнем новага чалавецтва мелі стацца сьведамыя навукоўцы і людзі творчых прафэсіяў. Але на заклік пакінуць родны кут дзеля невядомае плянэты, зьмяшчэньне якое трымалася ў таямніцы, пагадзіліся ня толькі і ня столькі яны. (Хоць бы трапляліся сярод валянтэраў рамантыкі і пасіянарыі, этнакасмолягі, філёзафы Нябытнасьці, дыяхранічныя мовазнаўцы, пісьменьнікі-краністыя, ксэнабіёлягі, этнографы Даўнажыўнае эры, нават дастасоўныя дэтэрміністыя).

Бальшыню ж, як і ў папярэднія разы, складалі размаітыя дысыдэнты, вечныя мармылі, прымітывістыя з сэкты Простых рэчаў, злачынцы і маніякі, прагісторыкі-рэваншыстыя, вайдэлёты Касьмічнага зьнічу, палеарэканструктары, уцекачы і выгнанцы, шматлікія чальцы мізантрапічных асацыяцыяў, экацэнтрыстыя Добрага ладу, блазны і вар’яты, акультныя нэапаганцы, рызыканты, кансьпіратолягі, ашуканцы, пасьлядоўнікі Яшчара і Вялёны і многія-многія іншыя.

Зь ненадрукаваных нарысаў Дэзыдэрыюша Клішэвіча, нябёснага мудрагеля

Стары Дымша падштурхнуў Юргеля ў сьпіну, прымусіўшы адвесьці пагляд ад Выгоднага Котлішча. Двухпавярховы будынак складаўся з трох знаёмых флігеляў: грыдня для пакаёвай прыслугі, кніжніца з чытальняю пад вежай і жылы дом. Флігелі наліліся выгаралаю баграю ў прамянёх Аксамітнае Лілеі.

Вітаўчане вялі іх углыб парку, у бок Вяльлі. Не дайшоўшы да стайні, спыніліся. Пад разгалістым старазямельскім дубам, дзе на ўсё горла сьпявалі гжагжулкі, за жываплотам хавалася сярэдніх памераў аэрабарліна. Яна была добра наладаваная харчамі, у якіх Юргель безь зьдзіўленьня пазнаў панскія прыпасы з каморы. Там месьціліся ня толькі ласункі прыемнае аптэчкі, але і крупы, мука, кіўбасы, сыры, іншае едзіва. Акром таго, ён угледзеў багата пуздэркаў з тэрыякам, які варыла Касюта і лекавала ім ці ня ўсе мажлівыя хваробы.

Тамсама ляжала і цела Грынькі.