«Добра ўсё ж, што Касюта сьпіць і ня бачыць, што тут адбываецца».
– Як думаеш, Юргелю, – нязмушана спытаўся Стары Дымша, – што скажа пан Анцута, калі даведаецца, як ягоныя лёкаі з ахмістрыняй абчысьцілі маёнтак і зьбеглі? Пэўна ж, не парадуецца. Але, відаць, пахваліць мяне за пільнасьць, бо каб я – стары верны служка – ня спудзіў вас учас, нарабілі б большае шкоды. Але, зрэшты, ты гэтага не пачуеш.
«Не такі ты стары і верны, – прызадумаўся Юргель, – аджа ў Выгодным Котлішчы зьявіўся пазьней за мяне, усяго з год таму. Іду ў заклад, ня першы маёнтак вы абабралі падобным парадкам».
– Мяркую, цяпер гэта найменшая зь ягоных праблемаў, – па-філязофску зацеміў Барада.
– Твая праўда, Прокша.
– Без імёнаў тут, – спахмурнеў Прокша-Барада. – Сам не заўважыш, як аднойчы скажаш больш, чым трэба, там, дзе ня трэба.
Ён забраўся ў пярэднюю частку аэрабарліны і ўхапіўся за штурвал пад празрыстым брылём, а Шнар сеў ззаду, ля Юргеля і Лёдзі, якіх упіхнуў перад сабой. Кодаўб быў пазавальваны прыпасамі, і яны прыладзіліся на борце, прыткнуўшы ногі туды, дзе знайшлося хоць троху месца.
Стары Дымша памахаў на разьвітаньне і пасьпяшаў у бок аканомскага дамку з скруткам, які яму перадаў Шнар. Тымчасам той дастаў з-за пазухі нейкую паперчыну, што йльсьнілася ў лілейных прамянёх, і варушыў губамі, водзячы па ёй пальцам. Прокша надосталь азірнуўся і, відаць, застаўся ўсім задаволены.
На сёньня ня так шмат інфармацыі пра эпоху Выправы засталося ў базах Крэсовых плянэтаў. Але дзякуючы новазямельскім крыніцам нашым прагісторыкам удалося аднавіць прыкладную карціну.
З Альдрэмы ў Блізкіх Сьветах выправіліся тры заркалёты: віціны «Палямон» і «Князь Гедзімін» і лыжва «Вітаўт Вялікі» з самым Баніхватам на борце. Як толькі заркалёты выйшлі ў Загранічча, пераходні настойлівым парадкам прымусілі яго расказаць пра таямнічую плянэту і ўмовы жыцьця на ёй у дробязях. З аповеду вынікала, што яна зусім не была Выраем і мала паходзіла на першапачатковае апісаньне, якім іх прывабіў быў Мінгайла-Азярэвіч.
Той спрабаваў запярэчыць, што гэта ўсяго-ткі ягоная візія, якая стацьме явай, варта адно ўсім разам прыкласьці пэўныя намаганьні. Але такая схалястычная пазыцыя не знайшла будзь-якога водгуку. На «Вітаўце» выбухнуў бунт. Апошняю кропляю сталася сьціплае прызнаньне Мінгайлы-Азярэвіча, што на першым прыстанку Пераходзінаў сабе ён адводзіў турботную і незайздросную ролю Панплянэтнага князя Баніхвата І. Ад гэтага моманту ягонае зьнявечанае цела працягнула шлях у міжзорнай прасторы без дапамогі фатонных рухавікоў.
Кіраваньне караблём перайшло ў рукі бессаромнага лотрыка Ёшкі Курдупля – махляра, якому на Старой Зямлі пагражаў перасьлед і анігіляцыйнае пакараньне (гл. GR. S.M. №54672 Архіву Галяктычнага Рэгістру), – ды ягоных спасьпешнікаў. Ёшка выйшаў на сувязь з «Палямонам» і «Гедзімінам», якія ляцелі ў зададзеным бартавым кампутарам кірунку, і сьцісла абрысаваў сытуацыю. Паязджане не ўхвалілі непапраўных дзеяньняў на «Вітаўце», выказаўшы пэўныя анталягічныя ўвагі што да маральна-этычнага боку пазбаўленьня жыцьця, і нагадалі пра немінучасьць кары, адпаведнай злачынству. Ёшка, аднак, не пажадаў ублытвацца ў мэтафізычныя спрэчкі.
Калі «Вітаўт» дапаў да арбіты Новае Зямлі, ён зьмяніў курс і прызямліўся ў Чорнай Лопаўцы, у той час як віціны кіраваліся ў Куканію, пільнуючыся арыгінальнага пляну. Але і іхныя экіпажы пасьпелі пасварыцца міжсобку праз пытаньні новага ладу, падлегласьці і агульных узаемін, таму прызямліліся ў розных канцох кантынэнту: «Гедзімін» – на захадзе сучаснае Вялікалітвы, на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора (сёньня там месьціцца Вільня); «Палямон» – далёка на ўсходзе, на ўзьбярэжжы Кружніку – акіяну Новае Зямлі (сёньня там ляжыць Полацак – сталіца Крывіі).