Ён якраз стаяў зь дзьвюма бутэлькамі ў руках, ня ў змозе зрабіць выбар паміж лікворам зь пялёсткаў альзорыі ды настойкаю на лунявых грыбох, як ззаду зарыпела масьнічына.

Калі грушаватая фігура Старога Дымшы зьявілася ў разнасьцежаных дзьвярох, бутэлькі ўжо стаялі на сваіх мясцох у шафцы. Юргель павярнуў да аканома свой рухавы твар з выразам сьвятое нявіннасьці і пайшоў у наступ:

– Вашэць таксама пачуў земляных крабаў? Аж так тут шуравалі, што вырашыў спусьціцца праверыць. Але хваляцца няма аб чым: ужо папаразганяў усіх па норах.

Стары Дымша непрыемна пахмыляўся і глядзеў на зьвязак ключоў у яго на пасе.

«Гэтага круцяля так проста не абвесьці».

– Эх, Юргелю-Юргелю. Такі малады, а ўжо сапсуты. І гэтак ты дзячыш Пану за клопаты? Ласуешся ціхачом ягонымі прыпасамі?

Юргель адмахнуўся рукою ад недарэчных папрокаў, але аканом працягваў:

– То вось чаму вакол незамужкі ўсё ўвіхаешся. Яна ж удвая старэйшая! Я ўжо думаў быў… – Стары Дымша зрабіў няпэўны гэст. – А тут – ключыкі. Ну круцяка. Аджа мяне заўжды сьмех бярэ, толькі ўяўлю, як вы з гэтай сухадрэвінай адно аб аднаго касьцямі грукаецеся, калі…

– Добра-добра, – перапыніў Юргель, якому не падабаўся кірунак размовы, дый Касюту за такую ўжо сухадрэвіну ён не лічыў, – можам дамовіцца наступным парадкам: вашэць ня бачыў мяне тут, а я ня чуў вашэцевы размовы зь сябручкамі ў панскіх пакоях. Згода?

Пахмылка зьнікла з Дымшавага твару. Ён хітра прыплюшчыўся і прасіпеў:

– Пагаворма пра гэта наверсе. З маімі сябручкамі.

Аканом ветліва прапусьціў Юргеля наперад і пайшоў наўсьлед. На лесьвіцы Дымша моцна ўзяў яго пад локаць і павёў у курыльню. Пераступіўшы цераз парог, Юргель зьнерухомеў.


Як чалавек практычнага складу і страшэнны цынік, Зарфаль адразу сьцяміў, што за панадны кавалак трапіўся яму ў рукі. Замест таго, каб ляцець на Папілюс у Крэсах і паведамляць пра сваё адкрыцьцё ў Галяктычны Рэгістар, зь якім у яго была заключаная стандартная дамова, ён скіраваўся на станцыю Альдрэма ў Блізкіх Сьветах. Там у галоўным аддзеле Карпарацыі Касьмічных Дасьледаваньняў без зацяжак запатрабаваў сустрэчы з галавой, падмацаваўшы сваё жаданьне параю здымкаў з Новае Зямлі (тады яшчэ Зарфаліі). Ужо празь якую гадзіну галава ККД зрабіў Зарфалю прапанову, ад якой той ня змог адмовіцца. За каардынаты плянэты і падпіску пра неразгалашэньне ён атрымваў такія грошы, на якія мог заможна жыць да скону дзён у Блізкіх Сьветах ці на Крэсовых плянэтах, ня кажучы ўжо пра Загранічча.

Баніхват Мінгайла-Азярэвіч паходзіў з Старое Зямлі і казаў усім, хто слухаў, што ён ёсьць прадстаўніком старажытнага вялікакняскага роду і можа прасачыць свой радавод на колькі тысячаў гадоў. Але слухаў мала хто. Бо той быў летуценьнікам і трызьніў увесь час напаўмітычнаю краінаю «Беларусьсю», ад якой да нас дайшлі адно няўцямныя тэксты, ды былымі стагодзьдзямі ейнае славы, што даўным-даўно прамінулі. Былі такія, хто прыпушчаў гіпатэтычнае існаваньне падобнае дзяржавы ў прагісторыі, але і іх пужала апантанасьць летуценьніка: ён хацеў знайсьці плянэту, на якой можна было б з нуля стварыць ідэальную краіну мары адпаведна сваім рамантычным уяўленьням, улічыўшы да таго ж абмылы мінуўшчыны. Мінгайла-Азярэвіч нават распрацаваў быў падрабязны плян гэткага сацыяльнага экспэрымэнту на пяцістах старонках. Праз свае лятункі ён уклаў усе айчызныя грошы ў стварэньне ККД, якую і ачоліў у спадзеве знайсьці аднойчы тую самую «Беларусь». Двойчы экспэрымэнт пачынаўся на новых плянэтах і збоіў, але гэтым разам усё выглядала на лепшы вынік.

Зь ненадрукаваных нарысаў Дэзыдэрыюша Клішэвіча, нябёснага мудрагеля