Гэту галерэю прыкладаў выяваў карцін Сьвятога сямейства, надрукаваных на паштовых марках, можна было б доўжыць і доўжыць. Але гэта можа зрабіць кожны ахвочы сам для сябе, падбіраючы, перш за ўсё тое, што хоць кропельку наблізіць да большага разуменьня Бібліі.
Абразы Маці Божай
Сусветная іканаграфія ведае 700 назваў ікон Багародзіцы. Марыялогія вылучае наступныя тыпы: Адзігітрыя («Шляхаводніца»), Аранта («Знаменьне»), Еляуса («Замілаваньне»), і Акафістная.
Вылучаецца асобна тып Агіёсарытыса («Нявеста Ненявестная») – Багародзіца без Дзіцяці Хрыста.
Пошты краін сьвету не ў стане адлюстроўваць усё мноства ікон і кожная краіна выбірае найбольш шануемыя і блізкія для яе народу. Так і я ў сваім артыкуле вырашыў расказаць аб найбольш шануемых абразах Маці Божай на Беларускай зямлі і аб іконах, якія адлюстравала на сваіх марках Беларуская пошта.
Спрадвеку на нашай зямлі і сярод праваслаўных, і сярод каталікоў культ Багародзіцы быў асаблівы. Маці Божая – Заступніца, Апякунка, Збавіцельніца, Міласэрная… Беларускі народ шмат прыдумаў Ёй імёнаў, у якіх – непазбыўная надзея і самая шчырая вера. Можа, таму на Беларусі столькі прыгожых і вельмі жыцьцёвых легенд аб Яе дзівосным зьяўленьні, столькі камянёў-сьледавікоў – на іх відаць адбітак зграбнай ступні, і лічыцца, што такія сьляды пакінула Багародзіца, ходзячы па нашай зямлі, столькі цудатворных ушаноўваемых ікон…
Маці Божая Жыровіцкая на марцы фірмы ZAZZLE
Ікона—акно ў духоўны сьвет, у яе свая мова, праз якую перадаецца духоўная інфармацыя непасрэдна ў патаемныя глыбіні сэрца чалавека. Ікона – гэта сьвята для вока, бо Сьвятыя на вобразах увасабляюць унутраны слых і занатаваньне пачутага Божага Адкрыцьця.
Звыш 300 гадоў Вастрабрамская Божая Маці зьяўляецца асаблівай Заступніцай літоўскіх, беларускіх і польскіх земляў. Прыгожае адлюстраваньне Найсьвяцейшай Марыі Панны са зьлёгку схіленай галавой у арэоле з дванаццаці зорак і шматлікіх праменяў схіляе да роздуму і малітвы.
Далікатная стройная постаць Багародзіцы з прыадкрытымі вачамі і скрыжаванымі на грудзях далонямі абуджае любоў і давер. Несамавітая лагоднасьць, задуменнасьць, асалода і адначасова глыбокая павага выпраменьваюцца з гэтай выявы. Ікона была прывезеная ў Вільню з Крыма з Корсуні Вялікім князем Літоўскім Альгердам. Ён падараваў яе сваёй жонцы, якая ў сваю чаргу прынесла яе ў дар Сьвята-Троіцкай абіцелі, што ўзьнікла на тым месцы, дзе загінулі сьвятыя мучанікі Антоній, Ян, Яўстафій. У 1498 годзе адбылася закладка новай сьцяны і брамы з вялікай вежай у Вострым канцы Вільні. Пабудаваная брама атрымала назву Вострая Брама. У капліца над Вострай Брамай зьмясьцілі цудоўны абраз Вастрабрамскай Божай Маці.
Пошта Летувы адлюстравала цудадзейны абраз на марцы ў 1990 годзе
Каля 1671 г. выява Маці Міласэрнасьці была закрыта срэбранай пазалочанай сукенкай. Сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам: «Падзяку Табе складаю Божая Маці за тое, што Ты выслухала мае просьбы і прашу Цябе, Маці Міласэрнасьці, будзь ласкавая да мяне», які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза – гэта вота з 1849 г. Галаву Божай Маці аздабляюць дзьве кароны. Адна – у стылі барока для Каралевы Нябёсаў, другая – у стылі ракако – для Каралевы Польшчы. Вострая Брама зьвязана таксама з культам Божай Міласэрнасьці. Абраз Божай Міласэрнасьці быў намаляваны ў Вільні і выстаўлены для публічнага агляду менавіта ў Вострай Браме (26 – 28 красавіка 1935 г.). Тут таксама Сьв. Фаўстына мела аб’яўленьне трыюмфу абраза Божай Міласэрнасьці. Гэтае аб’яўленьне зьдзейсьнілася. Вуснамі тысяч пілігрымаў з усяго сьвету можна сказаць: «Я схіляю галаву, аглядаючы Цябе, Каралеву ўсяго Сусьвету, і прашу Твайго благаслаўленьня».