Біблейскія гісторыі Новага Запавету, ілюстраваныя паштовымі маркамі. Развагі над зьместам Бібліі Лявон Карповіч

© Лявон Эдвардавіч Карповіч, 2019


ISBN 978-5-4496-1958-7

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Біблія і філятэлія

Наказваю вам: любіце адзін аднаго.

(Яна 15:17)

Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,

каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны. (Другое да Цімафея 3:16,17)

Сьвятое пісьмо зьмяшчае праўду пра Бога і праўду пра чалавека і паказвае дзеі чалавецтва праз адносіны з Богам. Кнігі Сьвятога Пісаньня, якое складаецца з Старога і Новага Запаветаў, маюць агульную назву «Біблія». Назва паходзіць з грэцкай мовы і азначае ў перакладзе «кніга», якая зьяўляецца найбольш важнай з усіх кніг, проста «Кніга Кніг». Сапраўды, Біблія зьяўляецца адной з найважнейшых кніг у гісторыі сьвету, і не толькі ў сэнсе духоўным, але і літаратурным, гістарычным і сацыяльным. Няма ніякіх сумневаў, што для многіх людзей Біблія зьяўляецца свайго роду жыцьцёвай інструкцыяй, своеасаблівай кнігай псыхалягічнай, філязофскай, унівэрсальнай. Для мільёнаў Біблія была і застаецца крыніцай вечнай ісьціны і мудрасьці, вучыць любіць і дараваць.

Паводле дадзеных Уікліф Глябальны Альянс Біблія даступная для чытаньня ў 471 мове – гэта родная мова прыкладна 4,8 мільярдаў чалавек. Біблія перакладалася ўжо ў далёкай старажытнасьці. Першы пераклад Старога Запавету, зроблены ў трэцім стагодзьдзі да нашай эры. Пасьля ўзьнікненьня хрысьціянства стандартным перакладам Бібліі на лацінскую мову, якая выкарыстоўвалася ў набажэнстве, стала Вульгата, пераклад, зроблены Сьвятым Еранімам у 382—406 гадах.


Рэпрадукцыя карціны мастака Мэрызі да Караваджа Мікеланджэла «Сьвяты Еранім» на марцы пошта Мальты (2007 г.)


У 1970 годзе пошта Парагваю выпусьціла ў карыстаньне марку з відарысам карціны Альбрэхта Дзюрэра «Сьвяты Еранім у пустыні». Таксама быў зроблены прыгожы картмаксімум


На сёньняшні дзень Новы Запавет перакладзены на 1223 мовы, а часткі Бібліі – яшчэ на 1002.

Першая друкаваная Біблія – гэта Біблія Гутэнбэрга надрукавана ў 1452—1455 гады ў Майнцы Іяганам Гутэнбэргам.


Марка пошты Злучаных Штатаў (1952 г.) да 500-годзьдзя Бібліі Гутэнбэрга


Наш знакаміты зямляк Францыск Скарына з Полацку ў 1517 г. у Празе арганізаваў друкарню, пераклаў на тагачасную беларускую мову, напісаў прадмовы і на працягу 1517 -1519 г. надрукаваў 22 кнігі Старога Запавету. Скарына друкаваў Біблію як з рэлігійнымі так і з асьветніцкімі мэтамі, пра што піша ў прадмове: «дедтем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце, мужем моцное утверьжение». Сваё выданьне Скарына ўпрыгожыў 52 гравюрамі, выкананымі ім.


Таму вельмі слушна Беларуская пошта выдала ў 1997 годзе сэрыю з чатырох марак, прысьвечаную Францыску Скарыне і яго Бібліі


Слушна было б, каб да 500 – гадовага юбілею было зроблена паштовае выданьне з усімі Скарынаўскімі гравюрамі. Гэта быў бы ня толькі знак павагі, але і сьветны падарунак філятэлістам усяго сьвету.

Дарэчы, першы поўны пераклад Бібліі з арыгінальных моў на польскую мову гэта Біблія Брэсцкая з 1563 г.

Як па перакладах так і па тыражы Біблія, сярод іншых кніг, ня мае сабе роўных. Таму Біблія аказвала і аказвае вялізарны ўплыў на чалавечую гісторыю, культуру і мастацтва.


На марцы пошты Славеніі (2007 г.) выява Далматынавай Бібліі – першага поўнага перакладу Бібліі на славенскую мову (1584 г.)


На пачатку было Слова. Слова запісана ў Кнігу, а Кніга была супраць выяваў: «Не рабеце сабе куміраў і выяваў, і слупоў ня стаўце ў сябе, і камянёў з выявамі не кладзеце ў зямлі вашай, каб кланяцца перад імі, бо Я Гасподзь, Бог ваш». (Лявіт 26:1).

Не магло быць іначай сярод паганцаў, якія пакланяліся ідалам і прыносілі ім ахвяры. Абраны народ павінен быў быць верным Нябачнаму. І яўрэі не стварылі ніводнай выявы Бога. Першыя сцэны біблейныя паўсталі ў Рымскай імпэрыі. Гэта былі ілюстрацыі Септуагінты – грэцкага перакладу Старога Запавету. Стары Запавет забараняў тварыць выявы, а Новы Запавет не зьнімаў гэтай забароны. Але зьявіўся Бог-чалавек, Ісус, «выява Бога Нябачнага». Гэта выклікала мажлівасьць стварэньня вобраза Бога. Яшчэ доўга цягнуліся споры, хоць многія казалі аб вялікім пажытку ад выяваў біблейных. «Што чытаньне дае вушам, тое маўклівае малярства ставіць перад вачамі» казаў Сьвяты Базыль у 379 годзе, а ягоны брат Сьвяты Георгій з Нысы скажа, што абразы замяняюць кніжкі, прыносячы гледачу тыя самыя карысьці. Але яшчэ доўгі час Кніга і выява не знаходзілі шляху да паяднаньня. Яно зьявілася пасьля Нікейскага і Халкедонскага царкоўных сабораў і расквітнела ў Італіі эпохі Адраджэньня.


Першая марка, прысьвечаная Божаму Нараджэньню, зьявілася 7 сьнежня 1898 года. Пошта Канады выпусьціла марку (Мі. 74) з картай сьвету і надпісам CHRISTMAS (XMAS 1898)


Матывы Біблейныя можна распазнаць у творах знакамітых мастакоў і скульптараў, паэтаў і пісьменьнікаў, творах, якія сабраныя ў знакамітых музэях, галерэях і бібліятэках усяго сьвету. Біблія аказала вялікі ўплыў на мову, якой размаўляем, на творчасьць музычную. Мы жывём у сьвеце, які ў значнай ступені стаў упарадкаваны праз культуру Біблійную.

Выдадзена шэраг кніг, дзе сабраныя самыя знакамітыя творы мастакоў, ілюструючых Біблію. Здавалася б, навошта займацца зьбіраньнем і апісаньнем, як паштовая марка ілюструе Біблейскія сюжэты. Але з дапамогай паштовых марак кожны жадаючы можа «напісаць сваю кнігу» з біблейскімі сюжэтамі, якая будзе рукатворнай і непаўторнай, бо немагчыма сабраць усе паштовыя маркі на Біблейскую тэму. Што дня паяўляюцца ўсё новыя экзэмпляры, а самыя першыя становяцца ўсё больш недаступнымі для многіх жадаючых іх мець. Праца пакліча ў пошук, паспрыяе новым знаёмствам і сяброўствам, паспрыяе пазнаваньню зьместу Кнігі, яго асэнсаваньню, прывядзе да веры або ўмацуе ў ёй.


Энтані Ван Дэйк, «Святы Еранім». Блёк пошты Гранады (1999 г.)


Давайце зробім спробу паказаць дзеі вызваленьня чалавецтва праз паштовыя выданьні. Марка, уведзеная да штодзённага ўжываньня ў 19 ст., гэта доказ выкананьня паштовай аплаты. Разам з тым гэта наклееная на пісьмо мініяцюра, якая разам з пісьмом і яго зьместам пераадольвае граніцы моў і культур, злучаючы людзей і народы.

Пакажам з дапамогай паштовых марак доўгія дзеі збаўленьня, якія папярэдзілі нараджэньне, жыцьцё, дзейнасьць, сьмерць і паўстаньне зь мёртвых Ісуса Хрыста. Для таго, каб ня толькі разгледзець мініяцюрныя малюнкі, але як мага больш даведацца аб тым, што яны паказваюць. Толькі тады марка вучыць, забаўляе і выхоўвае.

Лявон Карповіч

Мястэчка Луна-Воля

Падзеі перад Нараджэньнем Ісуса. Нараджэньне, дзяцінства і юнацтва Ісуса Хрыста

Нараджэньне Маці Божай

Незадоўга да Нараджэньня Хрыста ў невялікім горадзе Галілейскім Назарэце жылі праведныя Ёакім з роду прарока і цара Давіда і Ганна з роду першасьвятара Аарона. Яны ня мелі дзяцей. А гэта ў тыя часы лічылася пакараньнем за грахі, так успрымалі іх стан суайчыньнікі. Аднак яны не гублялі надзеі на літасьць Божую і далі абяцаньне прысьвяціць Богу для служэньня ў храме дзіця, калі яго пашле ім Гасподзь. Аднойчы старац Ёакім прыйшоў у Ерусалімскі храм, каб прынесьці Богу ахвяру. Але першасьвятар не прыняў ахвяру, бо лічыў Ёакіма нявартым гэтага з-за бязьдзетнасьці. У вялікім смутку Ёакім пайшоў у пустэльню, дзе са слязьмі маліўся Богу аб дараваньні яму дзіцяці. Ганна, даведаўшыся што здарылася з мужам, таксама шмат і шчыра малілася. «Усё на зямлі прыносіць плод свой Богу; калі б у мяне было дзіця, я таксама прысьвяціла б яго Богу». Не паспела яна так падумаць, як зьявіўся перад ёй анёл і сказаў: «Ганна, твая малітва пачута Богам. У цябе скора народзіцца дачка; цераз яе будзе дадзена выратаваньне усяму сьвету і назавеш ты яе Марыяй. Імя гэта азначае «Ўзвышаная».

Анёл зьявіўся і Ёакіму і сказаў: «Бог прыняў малітву тваю і яўляе табе сваю мілату – жонка твая скора народзіць дачку Марыю, і народзінамі яе ўзрадуецца ўся зямля. І вось табе знаменьне: ідзі да храма Ерусалімскага і там, ля Залатых варот, сустрэнеш жонку тваю, каторай павядомлена тое, што і табе»


У 1999 годзе пошта Ізраіля паказала на сваёй марцы рэпрадукцыю малюнка Дэвіда Робертса, на якім ён намаляваў Калодзеж Дзевы Марыі, што знаходзіцца ў цэнтры Назарэту. Сюды магчыма прыходзілі па ваду бацькі Марыі і Марыя


Ёакім паспяшаў у Ерусалім і сустрэў жонку ля Залатых варот.


У 1992 годзе пошты Швецыі і Расіі ажыцьцявілі сумесны выпуск марак з рэпрадукцыямі ікон «Cустрэча Ганны і Ёакіма»


Падзея знайшла адлюстраваньне на іконах і карцінах. У хрысьціянскай рэлігіі (праваслаўі, каталіцызьме, уніяцтве) абраз, ікона – гэта выявы Ісуса Хрыста, Богамаці і сьвятых, якія маюць культавае прызначэньне).

Гісторыі Ганны і Ёакіма прысьвяціў свае творы Джота ды Бандонэ (італ. Giotto di Bondone, каля 1267—1337). «Сцэны з жыцьця Ёакіма і Ганны», ён намаляваў на сьценах капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі ў 1305 годзе. Пачынаецца апавяданьне ў левым верхнім куце правай сьцяны і ўвесь гэты ярус прысвечаны падзеям, якія напаткалі Ёакіма і Ганну – бацькоў Марыі, Маці Хрыста. Фрэскі цыклу «Жыцьцё Ёакіма і Ганны» уключаюць наступныя падзеі:

– 1. Выгнаньне бязьдзетнага Ёакіма з храма.

– 2. Ёакім сярод пастухоў.

– 3. Зьвеставаньне Сьвятой Ганне.