Ісус не выдзяляўся нічым надзвычайным, што магло бы казаць аб Яго незвычайнай будучыні. Можа для таго параўнаўча мала мастацкіх твораў прысьвечана жыцьцю Ісуса ў Назарэце? Можна назваць такія творы, як «Сьвяты Язэп-цясьляр» Жоржа дэ Латур, «Разьвітаньне Хрыста з Маткай» Альбрэхта Дзюрэра, «Ісус у доме сваіх бацькоў» (Майстэрня цесьляра) сэра Джона Эверта Мілеса…


У 1979 годзе пошта Брытанскай калёніі Сэнт-Крыстофер Нэвіс і Ангілья надрукавала прыгожы блёк з выявай карціны сэра Джона Эверта Мілеса «Ісус у доме сваіх бацькоў» (Майстэрня цесьляра)


Апошняя карціна напісана ў 1849—50 гады. Захоўваецца ў Tate Britain, Лёндан. Мастак намаляваў сцэну ў майстэрні цесьляра. Цясьляр – Сьв. Язэп робіць дзьверы. Маленькі Ісус парэзаў руку. Гэты парэз напамінае знак стыгмату, правобраз расьпяцьця. Маці Сьв. Марыя цалуе Сынка ў шчаку пакуль Язэп разглядае параненую руку. Малады Ян Хрысьціцель нясе ваду, каб прамыць рану, што сымбалізуе пазьнейшае Вадохрышча. Сьвятая Ганна выдаляе цьвік абцугамі. Памочнік Язэпа, які прадстаўляе патэнцыйных будучых апосталаў, назірае за гэтай падзеяй. Тут яшчэ многа зашыфраваных сымбаляў. Лесьвіца напамінае пра лесьвіцу Якава; голуб сымбалізуе Сьвяты дух. Авечкі ў загоне на заднім пляне ўяўляюць будучыню хрысьціянскай паствы. Затое тэма Сьвятога сямейства з ІсусамДзіцяткам была самай каханай тэмай мастацтва Высокага Адраджэньня. Найбольш выбітныя мастакі ахвотна і многа малявалі Марыю з Немаўлём і Сьвятым Язэпам, часта дадаючы хлапечую постаць Сьвятога Яна Хрысьціцеля.


Карціна Жоржа дэ Ля Тур: «Цясьляр Сьвяты Язэп» (1840—1845, Музэй Люўр, Парыж). Паштовая марка Манака (1993г.) У сямейных абставінах маленькі Хрыстос на марцы Аману.


Тэма Сьвятога сямейства цалкам адпавядала попыту на прыватныя рэлігійныя карціны, якія асьвячалі хатні ачаг, ідэю шлюбу і бацькоўства.


У 1975 г. пошта Сан Марына выпусьціла марачны ланцужок, дзе ў цэнтры разьмешчана рэпрадукцыя карціны «Сьвятое сямейства» пэндзьля Мікеланджэла, якую ён намаляваў каля 1503 г. для сям’і Доні


Марыя, якая сядзіць на траве, прымае ад Язэпа Дзіцятка, якое ставіць ножку на Яе плячо, а ручкамі абапіраецца на галаву. Ззаду з-за мурку высоўваецца малы пуцаваты хлопец у вярблюджай шкуры, які трымае ў руцэ невялікі крыж. Гэтыя рэквізыты інфармуюць, што гэта маленькі Сьвяты Ян Хрысьціцель.


Пошта ГДР зрабіла ў 1957 годзе цудоўны падарунак філятэлістам, якія зьбіраюць картмаксімумы. На паштоўцы і марцы рэпрадукцыя карціны Андрэа Мантэньі (1431—1506), «Сьвятое сямейства з Елісаветай і маленькім Янам Хрысьціцелем»


Андрэа Мантэнья у сваёй карціне, як і большасьць майстроў эпохі Адраджэньня, зьвяртаецца да выявы Мадонны з Немаўлём, якія ўвасабляюць уяўленьне зямной прыгажосьці і глыбіні найпрыгажэйшага з чалавечых пачуцьцяў – мацярынства. Мадонна глядзіць на Немаўля сур'ёзна, са стрыманай пяшчотай, Твары Язэпа і Елісаветы, якія зьдзіўляюць сваёй жыцьцёвай сілай, нясуць на сабе адбітак пражытых гадоў і перажытых пакут. Яны адцяняюць квітнеючую юнацкасьць Марыі. Язэп і Елісавета як бы ахоўваюць Мадонну і яе каханьне да Дзіцяці.

Сюжэт мірны, а карціна сумная. Пранізьлівыя колеры, замкнёнасьць кампазыцыі. Позіркі старэйшых зьвернутыя на Хрыста і толькі маленькі Ян, якога ў будучыні назавуць Хрысьціцель, адвёў вочы і заклікае да маўчаньня, нібы прадракаючы лёс Немаўляткі Хрыста. Дарэчы, а што ў кошыку, які як бы ў руцэ ў Хрысьціцеля? Можа хто-небудзь ведае?

Альбрэхт Дзюрэр, як ніхто другі, сваімі работамі ілюстраваў цэлыя тэмы Бібліі. Ім створаны сэрыі гравюр: «Страсьці Храстовы», «Жыцьцё Марыі», «Апакаліпсіс», «Сем Жахаў Марыі»…