Пошта Народнай Рэспублікі Конга ў 1979 г. выдала блёк з рэпрадукцыяй гравюры Альбрэхта Дзюрэра «Сьвятое сямейства з пяцьцю анёламі»
Гравюра «Сьвятое сямейства з пяцьцю анёламі» створана ў 1503 годзе. У цэнтры ліста постаць Марыі з немаўлём на каленах. Над імі – Бог-бацька і знак Сьвятога Духа (голуб, які выпраменьвае Сьвятло). За Багародзіцай анёлы сваімі крыламі агароджваюць яе і Язэпа. Зьлева – частка прасёлкавай дарогі, ля ног Марыі сьцелюцца палявыя кветкі. Выява Марыі займае асноўную частку ліста. Яна сядзіць на ўзвышэньні. Край спадніцы драпіруецца на пярэднім пляне. Шыракаполы плашч атачае яе постаць і хавае ўзгорачак і камень, на якім яна сядзіць. Галава Марыі не пакрытая, пышныя валасы хвалямі спадаюць на плечы. Постаць Язэпа таксама намалявана ў поўны рост. На яго галаве манаскі капялюшык, у руках ён трымае свой капялюш, як знак пакланеньня і служэньня, у руцэ ў яго дарожны кій. Марыя, Ісус і Язэп – асноўныя выявы гравюры. Анёлы намаляваны дзьвюма групамі. Яны аддаюць хвалу Немаўлю. Тэма мацярынства, закладу неўміручасьці роду чалавечага – аснова задумы мастака.
Пошта Гішпаніі ў 1979 годзе пусьціла ў абарот сэрыю марак з рэпрадукцыямі карцін Вісэнтэ Хуана Масіпа – вядомага пераважна пад імем Хуана дэ Хуанэса, гішпанскага жывапісца. На адной зь іх выява карціны «Сьвятое сямейства» (1540—1545. Музэй сабора Уэскі.)
Марку з рэпрадукцыяй карціны Эль Грэка «Сьвятое сямейства» выпусьціла пошта Экватэрыяльнай Гвінэі ў 1972 г.
Найбольш выбітныя мастакі ахвотна і многа малявалі Марыю з Немаўлём і Сьвятым Язэпам, часта дадаючы хлапечую постаць Сьвятога Яна Хрысьціцеля. Гэтая сцэна цалкам адпавядала попыту на прыватныя рэлігійныя карціны, якія асьвячалі хатні ачаг, ідэю шлюбу і бацькоўства. Дазваляла паказаць цяпло ўзаемных адносін, важнасьць сям’і ў фарміраваньні дзіцяці і ўкараняла ўвасобленага Бога ў звычайным чалавечым Сьвеце.
Блёк Парагваю (1982 г.) «Сьвятое сямейства Францыска І» (Люўр, Парыж). Дзева Марыя з Немаўлём Хрыстом, Сьвяты Язэп, Сьвятая Елісавета з сынам Янам Хрысьціцелем. Ззаду фігуры двух анёлаў
«Мадонна з ружай» (Музэй Прада, Мадрыд, Гішпанія). Сьвяты Язэп, Сьвятая Марыя, немаўлята Ісус і Ян Хрысьціцель, у якога ў руцэ палоска паперы з надпісам «Ecce Agnus Dei» (Вось Ягня Божае). Блёк пошты Парагваю (1983 г.)
«Мадонна з Дзіцём і Сьвятой Ганнай» – адна з самых прыгожых карцін Караваджа (1605—1606) Багародзіцы для свайго часу. Маці Божая маладая і прыгожая вучыць свайго сына, якога яна трымае, зьнішчыць зьмяю, сымбаль зла або першароднага граху. Сьвятая Ганна, у гонар якой прызначалася карціна, маршчыністая старая бабуля, сьведка падзеі.
Выяву карціны адлюстравала на блёку ў 2004 г. пошта краіны Сэнт-Вінсэнт і Грэнадыны
Ісус, азораны залатым Сьвятлом, якое сыходзіць з неба, параніў сябе, робячы цярновы вянок. Маці з сумам назірае за сынам, ведаючы, якія пакуты Яго чакаюць. Сцэна поўная сымбаляў. Фіялетавая туніка – вопратка, якую насілі Сьвятары падчас Адвэнту, шыцьцё і кнігі спасылаюць на каханьне да працы, садавіна на стале намякае на выкуп, галубы – на ахвяру…
«Дом у Назарэце» (Марыя, якая разважае пра будучыню Хрыста) так называецца карціна Франсіска Сурбарана, выява якой адлюстравана на блёку пошты Эмірату Рас-эль-Хайма (1970 г.).
Марыя ведае, што яна ў бліжэйшы час будзе сузіраць, як Ён, яе Сын, мучыцца на крыжы. Яго цела паламаюць, пакрыюць ранамі.
«Мая каханая Маці», кажа Ісус ёй: «Ты павінна прыгатаваць сябе. Такая воля Айца Майго. І адкупленьне чалавецтва можа быць дасягнута толькі за кошт кожнай кроплі Крыві Сына Твайго.»
На марцы пошты Лаосу (1984 г.) выява карціны Антоніа да Карэджа. Самы ласкавы з сыноў чалавечых, разьвітваецца з каханай маці