– Нінка праўду кажа, – разважаў Пятро, – трэба гараж будаваць. Колькі машыне на двары стаяць? Ды і інструмент будзе куды скласці. Нінка колькі разоў намагалася яго з кладоўцы выкінуць. Усе! Заўтра пайду да Міколы, калі той будзе цвярозы, і пачнем. Дня за тры, думаю, збудуем. Галоўнае дах навесці, а там…

Пятро павярнуўся да сцяны і ціха захрапеў.

Нінка таксама ціха пасапывала на вуха мужыку. Гэтая гульня з сабакамі, з незбудаваным гаражом і начнымі вартамі ей парадкам надакучыла. Заўтра, вырашыла яна, Пятру прадыхнуць не дам, пакуль не збудуе гараж і не пазбавіцца ад сабакі. Заўтра. А пакуль спаць.

Ранкам лямантаваў Пятро. Сонная Нінка нават не зразумела, што здарылася. Накінуўшы халат, яна выскачыла на двор. Пятро насіўся кругамі вакол машыны і равеў:

– Ды што гэта за трасца такая? Не, ты паглядзі на яго! Мала таго, што ен у машыне нагадзіў, дык ен і аббіўку ўсю падрапаў! Чорт бы пабраў сваяка з яго сабакамі!

Зразумеўшы ў чым справа, Нінка адразу кінулася ў атаку:

– Вось што, Пятро, мне гэта ўжо папярок горла стаіць. Цягні гэтага сабаку адкуль прыпер! Каб я яго больш не бачыла! І больш ніякіх сабак! Ты мяне чуеш? Ніякіх! А наконт машыны… Як хочаш, але каб сення ж к вечару гараж стаяў! А то ты сам замест сабакі будзеш…

І Нінка прыпомніла яшчэ з пару-тройку мужніных грахоў. Выгаварылася, выліла ўсе, што набалела і вярнулася ў хату.

Пятро тужліва пагледзеў на падраную аббіўку, на ласціўшагася ля ног сабаку і нехаця накіраваўся да Міколы.

Увечары ўсе было гатова. Сабака адправіўся назад да сваяка, а новая машына стаяла ў новым гаражы. Пра тое, каб абмыць справу Пятро нават і не заікаўся. З Міколай расплаціліся бутэлькай гарэлкі. Грошы браць ен не стаў, затое не адмовіўся ад вядра мінулагодняй бульбы і трохлітровага слоіка з саленымі гуркамі.

Пакуль ішло будаўніцтва, Нінка носу на двор не паказвала. Корчыла з сябе пакрыўджаную. Толькі позна вечарам, выносячы смецце, яна, нібы ненацкам, абыйшла гараж з усіх бакоў, прыймаючы работу.

– Можа, калі хоча! – задаволена бухцела яна. – Вунь які ладны гараж атрымаўся. Нават жыць можна. А ўсе рукі не даходзілі! Каб не гэтыя сабакі, то і невядома колькі б яшчэ чакаць давялося.

Нінка памацала замок, правяраючы ці закрыты, і вярнулася ў хату.

У гэтую ноч яны з Пятром спалі спакойна.

Цюльпаны

Верка корпалася ў гародзе. Нарэшце зацвiталi модныя галандскiя цюльпаны, па якiх яна даўно млела. Яна калiсьцi выгледзела iх у нейкiм каталозе, але доўга не рашалася заказаць. Палохала цана, ды i, наслухаўшысь розных баек пра несур’езных таргашоў, не рызыкавала выкiнуць грошы на вецер. Потым плюнула на ўсе i выпiсала тры цыбулiнкi. Доўга чакала. Ужо нават пачала сумнявацца, што ейная мара здейснiцца. Папракала сябе, што адправiла грошы, i не малыя, ў мiнкiн мех. Але не прайшло i месяца, як прыйшла бандэролька з доўгачаканымi цыбулiнкамi. I Верка супакоiлася.

Месца для новых кветак выбрала самае сонечнае, якраз насупраць дарогi. Хай усе глядзяць, якiя ў яе кветкi. Глядзяць i зайздросцяць. Але замежныя кветкi анiяк не жадалi ўзыходзiць. Верка зноў пачала турбавацца. Мо, цыбулiнкi дрэнныя? Мо, папсавалiся ў дарозе? Мо, гэты зусiм не цюльпаны? Але ўсе сумненнi аказалiся дарэмнымi. Цыбулiнкi хутка выпусцiлi першыя лiсточкi, а следам за iмi i стрэлкi. Якiх-небудзь яшчэ пару дзен i Верка ўбачыць сваю мару ў поўнай красе. Па некалькi раз на дню яна бегала да сваiх кветачак – палiвала, рыхлiла зямельку, вырывала пустазелле, накрывала ад ветру i туманоў. Новые кветкi так захапiлi яе, што яна нават забылася пра ўсе астатнiя, запаланiўшыя амаль увесь гарод.