– Есць, – Верка накiравалася да шафы. – Табе казкi, альбо яшчэ што?

– Не. – Лiзка закруцiла носам. – Казкi не трэба. Я iх не люблю.

– Першы раз бачу чалавека, якi не любiць казкi, – Верка зачынiла шафу i падыйшла да дзеўчыны. – А што ты тады любiш?

– Мне лепш што-небудзь з кветкамi. Дзе малюнкаў многа.

– Добра. Вось табе з кветкамi, – Верка падала малой некалькi часопiсаў. – Тут глядзець будеш, цi дома?

– Тут пагляджу, – дзеўчына ўзлезла на стул i пачала гартаць часопiсы. – А тут няма такiх, якiя ў цябе растуць. Твае цюльпаны ўжо цвiтуць. Я бачыла. Прыгожыя. Ты iх у вазачку пастаў – будзе яшчэ прыгажэй.

– Навошта? – здiвiлася Верка. – У вазе яны хутка завянуць. А так будуць доўга цвiсцi.

– Цэлы год?

– Ну не год, а тыдзень. Мо i боле.

– I ўсе? – Лiзка насупiлася.

– I ўсе. Кветкi доўга не цвiтуць.

– Цукерку хочаш? – малая забылася пра часопiсы, дастала з кiшэнi дзве пакамячаныя шакаладныя цукеркi i працянула iх Верцы.

– Еш сама, – пачала аднекiвацца тая.

– Я ўжо наелася. У бабы iх многа, – Лiзка запiхнула цукеркi назад у кiшэню i зноў пачала гортаць старонкi. – А ты ў госцi любiш хадзiць?

– У госцi? – здзiўлена пераспрасiла Верка.

– Ну. У госцi.

– Не ведаю. Я пра гэта нiколi не думала.

– Якая ты смешная! Усе любяць хадзiць у госцi. Хочаш, я да цябе ў госцi прыйду? Ты не хвалюйся. Я ведаю, як у госцi ходзяць. Канфеты ў мяне есць, а кветак я знайду. Ты кветкi любiш?

– Люблю.

– Ну, ўсе! – малая паклала часопiсы на месца, злезла са стула i накiравалася да выхаду. – Чакай мяне у госцi.

– А часопiсы? Ты iх з сабой браць не будзеш?

– Некалi мне! – зусiм па даросламу адказала дзяўчына i знiкла за дзвярамi.

– Ну i дзiце! – Верка паклала часопiсы на месца. – Бедная Iванаўна! I як яна з ей спраўляецца? Даў бог на старасцi гадоў падарунак.

Верка села на месца i прынялася лiстаць новы каталог кветак, прыкiдваючы на якiя яшчэ цуды прыроды i айчыннай цi замежнай селекцыi яна адшкадуе грошай. Ейны позiрк зноў прыцягнулi цюльпаны. На гэты раз яны былi нейкага непаразумелага сiняга колеру.

– Няўжо такiя бываюць на самой справе? – падумала Верка i штосьцi екнула ўнутры. Яна адклала каталог у бок, зачынiла бiблiятэку i бягом кiнулася дадому. Пачуцце яе не падманула. На месцы, дзе ранiцой квiтнелi дзiвосныя галандскiя цюльпаны зараз былi адны тычкi.

– А божачкi мой! – залямантавала Верка. – А што ж гэта такое робiцца? А каму гэта рукi дзяваць некуды?

Верка кiнулася да хаты. Адшукаўшы ключ, што хавала пад ганкам, адчынiл замок, куляй уляцела на кухню i абамлела.

На стале ляжалi цемна-чырвоныя, амаль чорныя з белымi пражылкамi i махровымi краямi цюльпаны. А побач з iмi дзве пакамячаныя шакаладныя цукеркi.

Суперцэмент

Пад вечар Пятроўна вазiлася з дравамi i лаяла Дразда.

– А каб табе пуста было! Казала ж – хай на вулiцы ляжаць. Дык не! Змокнуць, кажа! У хляўчук iх запер. Змокнуць не змоклi, а сапрэць – сапрэлi! Цэльную машыну дроў спаганiў. Куды iх цяпер? Не дровы – адно гнiлле!

Пятроўна шпарка выкiдвала дровы з хляўчука на вулiцу i паглядала на неба. Па небе беглi хмаркi, збiваючыся ў кучу, прадвяшчая неўзабаве дождж.

– А што гэта ты на ноч гледзячы з дравамi гуляеш? – на двары з’явiлася старая Дуся. Ледзь перастаўляючы ногi, яна дакуляла да ганку i цяжка апусцiлася на лавачку.

– А цябе чаго на ноч гледзячы носiць? – у тон старой запытала Пятроўна.

– Прайшi тыя гадочкi, – сумна прасiпела Дуся, – калi я насiлася. Зараз больш поўзаю.

– Памiраць не збiраешся? – пажартавала Пятроўна.

– Ды дзе там! – адмахнулася старая. – Бог пра мяне забыўся, а чорт не бярэ. Вось i капчу неба.

– Ну-ну! – Пятроўна зноўку накiнулася на дровы.