Нінка прыслухалася. На двары сонна гаўкаў Тузік. Пятро прывалок сабаку ад сваяка ў той жа дзень, калі купілі машыну. Сабака быў ладны, пародзісты. Пятру не раз прапанавалі прадаць сабаку. Грошы немалыя давалі. Той толькі аднеківаўся. Такі сабака і самаму патрэбны. Вялікі, амаль з цяля, чорны, мардасты Тузік нікога, акрамя Пятра да сабе не падпускаў. Нават на Нінку рычаў і пазіраў коса. У такога не тое што машыну з пад носу, травіну ля дарогі не адарвеш. Толькі вось назвалі яго смешна – Тузік. Для такой тварыны самае імя было б Д’ябал, альбо Чорт.

Нінка яшчэ раз прыслухалася. Тузік заціх.

– Заснуў пэўна, – падумала Нінка і пазіхнула.

Пятро перавярнуўся на другі бок і перастаў храпець.

– Слава богу! – Нінка падбіла падушку. – Заўтра нікуды яго не пушчу. Ні на якую рыбу, ні ў якія грыбы. Хай гараж будуе. Хутка дажды пачнуцца, што з машынай станецца? Такія ж грошы плочаны!

Нінка яшчэ раз салодка пазіхнула і не заўважыла, як заснула.

Прачнулася яна ад лязгату ў карыдоры і мацюкання Пятра.

– Тваю макаўку! – абураўся мужык. – Не, ты толькі паглядзі! Паразіты! Рукі, ногі ім паабрываць!

– Што здарылася? – Нінка перапалохана ўскачыла з ложку. – Ніяк машыну ўкралі?

– Ды не! – Пятро кінуўся камусьці названіваць. – З машынай усе ў парадку. Тузіка сперлі!

– Як гэта сперлі? – не зразумела Нінка.

– А вось так! – Пятро нярвова круціў тэлефонны дыск. – Далі яму напэўна нейкай трасцы, каб ен заснуў і сперлі. Паразіты!

– Мо сам адарваўся?

– Адарваўся! З такога ланцугу не адарвешся. Ды і ашэйнік ля будкi валяецца. Сам жа ен не мог яго зняць.

– Не мог, – пагадзілася Нінка.

– Каб ім павылазіла ўсім! – не сціхаў Пятро. – Такія грошы – кату пад хвост.

– Якія грошы? – здзівілася Нінка.

– А ты думаеш сваяк мне дарма такога сабаку аддаў? Зараз табе! Ведаеш, колькі такія шчанюкі ў горадзе каштуюць?

Нінка нічога на гэта не адказала. Галоўнае, што машына была ў сахраннасц,. а Тузік яе нісколечкі не турбаваў.

– А каму гэта ты названіваеш? – пацікавілася Нінка, прыймаючыся гатаваць снеданак.

– Новаму ўчастковаму. Як яго там? Камарову.

– Найшоў каму званіць! – усміхнулася Нінка. – Ды і што ты яму скажаш? Што ў цябе сабаку сперлі? На смех толькі сябе падымеш. Людзі прападаюць і нікому справы няма. А тут сабака!

Пятро паразважаў хвілінку і паклаў трубку на месца. Потым устаў, пашоргаў у шафе і накіраваўся на вуліцу.

– Куды ты? А есці?

– Потым! – адмахнуўся Пятро і выйшаў з хаты.

З«явіўся пад вечар. Хмуры і злы.

– Ну і дзе ты шастаў? – накінулася Нінка на мужыка. – Я ўжо і не ведала што думаць. Падаўся кудысьці, ні слова не сказаў.

– Па справах хадзіў, – незадаволена прабурчэў Пятро.

– Па якіх яшчэ справах? – не зразумела Нінка.

– Там, на двары… – Пятро махнуў рукой. – Сама ўбачыш.

Нінка выскачыла на двор. Хвілін праз пяць яна ўскачыла ў хату і залямантавала:

– Табе што рабіць больш няма чаго? Табе грошы дзяваць некуды? Навошта ты гэтага шчанюка прыпер? Табе аднаго мала было? Хочаш, каб і гэтага сперлі?

– Не сапруць, – Пятро прапускаў міма вушэй жонкін лямант.

– Не сапруць! – не сцiхала Нiнка. – Калі Тузіка сперлі, гэтага і падаўна сапруць.

– Ну гэта мы яшчэ паглядзім, – Пятро хітра пасмейваўся.

Нінка плюнула і не жадаючы больш спрачацца, занялася хатнімі справамі.

– Ведаеш, што, – толькі і сказала яна, – калі заўтра за гараж не прыймешся, сам напару са сваім сабакам будзеш машыну пільнаваць! Зразумела табе?

Пятро прамаўчаў.

Ноч зноў не спалі. Прыслухоўваліся. Пятро на гэты раз запіхнуў сабаку ў аўтамабiль. Калі хто спакусіцца на жывеліну – не дастане, а калі хто пазарыцца на машыну – сабака падыме гвалт. Але на двары было ціха.