– Выбiрай, якое прозвiшча падабаецца больш, тое тваё.

– Не трэба мне такой дапамогi, – адштурхнуў руку з пашпартамi Бусел, – як-небудзь сам…

Фiлiн адвёў вочы, плёснуў гарэлкi ў двухсотграмовiк, ажно разлiлася, пацякла праз берагi на стол. На шчоках ходырам захадзiлi нервовыя жаўлакi, твар счырванеў, рукi па-здраднiцку задрыжэлi. Ён каўтануў палову двухсотграмовiка i, унiкаючы глядзець на Бусла, цяжка ўздыхнуў:

– Скажы шчыра, ты прынцыпова грэбуеш маёй дапамогай цi баiшся запэцкацца?

– Прынцыпова.

– Калi так, то я абавязаны дапамагчы, хочаш ты гэтага цi не. Памятаеш, з чаго пачалося наша вайсковае сяброўства? Ты мне жыццё выратаваў.

– Ты б зрабiў тое самае.

– Не ведаю. Дзесяць гадоў дапякае гэтае пытанне, а адказу няма… Калi шчыра, мне б смеласцi не хапiла на вышынi тысяча метраў ухапiць падаючага дэсантнiка, у якога не раскрыўся парашут. Кiшка была слабаватая…

– А цяпер кiшка твая стала моцная? – здзеклiва ўпiкнуў Бусел.

– Я проста вяртаю доўг, – ледзь стрымлiваючы гнеў, прасiпеў Фiлiн i сцiснуў вялiзныя кулакi-кувалды так, ажно пабялелi пальцы.

– А цi добра падумаў? Я ведаю, хто ты i чым займаешся, для кагосьцi ты Фiлiн, а для мяне Васiль Мароз, i адразу папярэджваю: цябе будуць шукаць i знойдуць. Магчыма, гэтым прыйдзецца заняцца мне самому.

– Пакуль капiтан Бусел вырашыць асабiстыя праблемы, кiлеру Фiлiну хопiць часу спалiць за сабой усе масты i жыць там, дзе яго не знойдуць. Я буду пачуваць сябе спакойна, мы квiты: ты выратаваў мяне дзесяць год таму, я цябе – учора. Вось такая мая фiласофiя, таварыш iнспектар крымiнальнага вышуку, – Фiлiн з цяжкасцю ўзняўся i, хiстаючыся, пакрочыў да выхаду; у дзвярах прыпынiўся i, чакаючы Бусла, дадаў: – Я б хацеў сустрэцца пры iншых абставiнах, але што маем, тое маем, жыццё мацнейшае за нас.

– Цiкавая фiласофiя, ты, пэўна, сабой ганарышся, – праходзячы мiма Фiлiна, насмешлiва прагаварыў Бусел. – А што тычыцца доўгу, дык ледзь слязу не выцiснуў, такi ты дабрадзей… Куды iдзём? – стоячы на ганку, на поўныя грудзi ўздыхнуў капiтан i не адчуў тупога болю ў правым баку, што яшчэ гадзiну таму выклiкаў прыступы ўдушлiвага кашлю.

– Кiруй да студнi, – падштурхнуў Бусла ў спiну Фiлiн.

– Што шукае Прышч у сталiцы? – апускаючы ў студню рыпучы журавель з iржавым вядром, спытаў Бусел. – Пэўна, грошы? I ўсё ж колькi я каштую?

– Камерцыйная тайна, – неахвотна прабурчэў Фiлiн, скiнуў з сябе кашулю i падхапiў вядро празрыстай вады. – Плеханi, а то нешта на сон хiлiць.

– Баiшся, што задам лататы? – перахапiўшы вядро, Бусел зрабiў некалькi глыткоў. – Ого, халодная, ажно скiвiцы зводзiць!

– Вада i сапраўды што трэба, сiлу дае… А наконт уцёкаў я спакойны, ранавата табе на людзях з’яўляцца, пазнаюць…

– То i добра, я не збiраюся гуляць у тваю гульню.

– Мая, як ты кажаш, гульня, праз пару-тройку дзён скончыцца, i ты, даражэнькi, будзеш выблытвацца сам, iнакш не паспееш аб’явiцца, як хтосьцi лупяне манцiроўкай па галаве, i памiнай як звалi.

Бусел незадаволена перасмыкнуў плячыма, спадылба зiрнуў на Фiлiна i рэзка плёхнуў ваду на ягонае мускулiстае цела. Злачынец ад нечаканасцi ажно падскокнуў, з грудзiны вырваўся мiжвольны крык, больш падобны на конскае ржанне, ён зафыркаў, зачмыхаў носам i пачаў iмпэтна расцiраць цела.

– Плiснi яшчэ! – узбуджана крыкнуў Фiлiн, але, убачыўшы, што Бусел быццам аслупянеў з вядром у руках, думаючы пра штосьцi сваё, выхапiў журавель, апусцiў у студню.

Наступнае паўнюткае вядро сцюдзёнай вады Фiлiн выплеснуў сабе на галаву i, не зважаючы на задумлiвага капiтана, подбегам пашкандыбаў у хату, пакiдаючы на зямлi добры дзесятак ручайкоў.