– Добра было б, – незадаволена буркнуў Бусел, – са мной развiтацца прыйдуць не толькi сябры. Дарэчы, хто заказаў маё забойства?

– Я клiентаў адразу выкрэслiваю з памяцi, але ў тваiм выпадку можна зрабiць выключэнне. Жанчына пажадала бачыць цябе мерцвяком. Шэршэ ля фам, як кажуць французы.

– Ты з ёй сустракаўся? Што за яна, як выглядае?

– Перамовы вёў пасрэднiк, я толькi аднойчы гаварыў па тэлефоне.

– А пасрэднiк?

– Пра яго не пытайся, да тваёй гiсторыi чалавек не мае анiякага дачынення, нi пры чым ён.

– Нiчога сабе, нi пры чым! – узбуджана ўскрыкнуў Бусел. – Дапамагаў у забойстве – i нi пры чым!

– Мы па-рознаму глядзiм на адно i тое. Сказаў, яго не здам, значыць, не здам, – Фiлiн рэзка павярнуўся i, нацягваючы кашулю, пайшоў да расчыненых дзвярэй хлява; праз хвiлiну вярнуўся, уваткнуў каля ног Бусла ржавую рыдлёўку. – Пайшлi капаць.

– Што капаць? – Бусел здзiўлена паглядзеў на Фiлiна.

– Яму…

– Нам што, няма чаго больш рабiць?

– Трэба пакiнуць магiлу, каб упэўнiць Прышча, што ты… – Фiлiн зацяўся, шукаючы патрэбнае слова.

– Цяпер зразумела, – засмяяўся Бусел. – Да гэтай магiлы ты будзеш прыносiць кветкi… Але вернемся да жанчыны, яна, пэўна, не такая засакрэчаная, як пасрэднiк? Пра што ты з ёй гаварыў?

– Яна толькi паведамiла месца сустрэчы з Гнiлым i пароль.

Бусел задумаўся. Нiхто не ведаў, што ён iдзе на сустрэчу ў парк, тым больш пра пароль, значыць, iнфармацыя пайшла ад чалавека, з якiм ён дамовiўся пра спатканне. Калi гаварылi апошнi раз, той быў нечым усхваляваны, нават напалоханы. Як ён сказаў? «…Мяне хтосьцi здаў!..» Цяпер зразумелыя ягоныя нервознасць i трывога: «добраахвотнiк» выклiкаў яго, каб знайсцi абарону, а выйшла наадварот. Калi гэта i сапраўды так, то вестка пра ранейшыя гутаркi з» добраахвотнiкам» магла прасачыцца i ад нас, ад таго, хто меў дачыненне да справы… I ўсё ж, што хацеў паведамiць Гнiлы, як яго заве Фiлiн, што не даверыў тэлефону?

– А што за чалавек Гнiлы? – Бусел разлiчваў выцягнуць з Фiлiна як мага больш iнфармацыi.

– Нiколi не бачыў i не чуў, – неахвотна азваўся Фiлiн i, збочыўшы да густога ельнiку, спынiўся, утыкнуў рыдлёўку ў зямлю. – Я называю так усiх, на каго атрымлiваю заказ. Будзем капаць тут…

– Мне ўсё роўна, дзе магiлу капаць, абы ў ёй не ляжаць, – паспрабаваў пажартаваць Бусел.

– Ёсць фотаздымак Гнiлога, усучылi праз пасрэднiка, – не падтрымаў капiтанаў жарт Фiлiн, – ён у Прышча, вернецца – забяру, хаця малаверагодна, што ён пакiнуў фота нябожчыка, калекцыянiраваннем мы не займаемся…

Фiлiн папляваў на далонi i, уваткнуўшы рыдлёўку ў зямлю, заклапочана спытаў:

– Выходзiць, ты не сустракаўся з Гнiлым?

– Учора ўпершыню iшоў на сустрэчу, – адказаў Бусел, – да гэтага звязвалiся толькi па тэлефоне, а калi дакладней, ён некалькi разоў тэлефанаваў мне на кватэру.

– Цяпер зразумела паспешлiвасць заказчыка, вы не павiнны былi сустрэцца…

– Хутчэй за ўсё, – пагадзiўся Бусел. – Гнiлы, мяркую, хацеў перадаць нешта вельмi важнае.

– Ужо не перадасць i не скажа, – прабурчэў Фiлiн i, адкiдваючы спарахнелае бервяно, цяжка выдыхнуў: – Я так зразумеў, што ты сам будзеш шукаць адказы?

Бусел прамаўчаў. Ён засяроджана лупiў рыдлёўкай, сiлячыся перасячы таўставаты корань.

Капалi доўга, зямля, перавiтая вялiкiмi i малымi пакручастымi карэннямi, не хацела паддавацца. Праз паўгадзiны Фiлiн не вытрымаў, зласлiва кiнуў рыдлёўку на зямлю, выцер рукавом кашулi спатнелы лоб:

– Адпачнi, пайду пашукаю ў хаце сякеру, а то да вечара правалэндаемся.

– Мне i сапраўды няма куды спяшацца, – сеў на свежы пясок Бусел. – Пакуль барада ды вусы вырастуць, яма будзе што трэба.