У адзiным на ўсю хату пакоi было чатыры акны, у два з якiх, што выходзiлi на панадворак, праз бруднае шкло нясмела прабiвалася залацiста-жоўтымi пыльнымi промнямi сонца. Справа ад капiтана да сцяны, калiсьцi паклеенай прама па бярвеннях зялёнымi шпалерамi, цяпер абшарпанымi i ледзь не напалову абгрызенымi мышамi ды пацукамi, была прытулена вялiкая трохдзверная самаробная шафа са зжаўцелым люстэркам. Непадалёк высiлася зялёнага колеру драўляная скрыня, абабiтая жалезам.

«Вiдаць, ёй прыцiскалi крышку склепа», – падумаў капiтан i перавёў позiрк на круглую печ, металiчны ложак, стол, каля якога спiнай да яго стаяў крыху ссутулены чалавек i налiваў у шклянку гарэлку. Бусла нудзiла і ад холаду бiла дрыготка. Якраз праз гэта яму не хацелася ўставаць, каб бандыт не бачыў ягоную слабасць.

– Выпi, палягчэе, – прагаварыў чалавек i сам зрабiў некалькi глыткоў з рыльца бутэлькi.

Бусел зразумеў, што перад iм Фiлiн. Рызыкоўныя паводзiны бандыта выклiкалi недавер i насцярожанасць. Як-нiяк, а ў пакоi яны былi ўдвух, рукi, ногi ў Бусла вольныя, i Фiлiн, выкраўшы капiтана, павiнен быў ведаць, што ён валодае баявымi прыёмамi самба i каратэ.

– Завязваць бойку не раю, – быццам прачытаўшы Буславы думкi, прабасiў Фiлiн i, закусваючы, захрабусцеў агурком.

– Пакуль што вып’ю, – цяжка ўзняўся на ногi капiтан, – толькi за што?

– За сустрэчу, – здрыгануўся голас у Фiлiна, ён павярнуўся да Бусла.

– Ты?! – ашалела вылупiўшы вочы, ускрыкнуў аслупянелы капiтан.

– Я, – абыякава адказаў Фiлiн.

У пакоi надоўга запанавала цiшыня.

Бусел i Фiлiн знешне былi падобныя: аднолькава высокiя, шырокiя ў плячах, не абдзеленыя прыродай фiзiчнай сiлай i спрытам, толькi капiтан бялёсы, а Фiлiн чарнявы. Яны глядзелi адзiн аднаму ў вочы: Фiлiн спакойна, з адценнем абыякавасцi, Бусел разгублена-вiнаватым позiркам, здавалася, праглынаў злачынцу.

– Фантастыка! – напружана варухнулiся вусны капiтана, ён зрабiў крок уперад, быццам збiраючыся абняць злачынцу. – Вось гэта сустрэча!..

– Ты выпi, – працягнуў Фiлiн шклянку Буслу, – нiчога неверагоднага ў нашай сустрэчы няма.

– Ну, не скажы! – капiтан узяў прапанаваны двухсотграмовiк. – За гэта i сапраўды варта выпiць, – ён каўтануў гарэлку адным глытком, панюхаў хлебную скарынку i, цяжка ўздыхнуўшы, роспачна выдыхнуў: – Мой аднапалчанiн, сябрук Васiль Мароз – кiлер… Наёмны забойца! Цi, можа, я памыляюся?

– Лiчы, што табе пашэнцiла, – прабасiў Фiлiн i зноў прыклаўся да бутэлькi. – Нанялi б iншага – не сустрэлiся б.

– Ды ўжо ж дзякуй табе, – з’едлiва i п’янавата адказаў Бусел, – удружыў дык удружыў!..

У Бусла ад выпiтай гарэлкi закружылася галава, але адчуў ён сябе i сапраўды лепей. Куды падзелася ламота ў касцях! Сцiх боль у патылiцы, прыемнае цяпло хвалямi расцякалася па стомленым целе, мышцы зноў налiлiся сiлай. I толькi душу рвала на часткi крыўда, не праходзiла злосць на самога сябе, што так проста даўся ў рукi злачынцам, як малое дзiця, дазволiў абвесцi сябе вакол пальца. Ён вылiў рэшткi з бутэлькi ў сваю шклянку.

– Колькi ж табе заплацiлi? – Бусел узняў на Фiлiна калючыя, халодныя ў сваёй рашучасцi вочы.

– Добра, – незласлiва кiнуў Фiлiн i, адкаркаваўшы новую бутэльку, таксама выпiў.

– А дзе памагаты, Прышч, здаецца? – п’янавата дапытваўся Бусел.

Фiлiн не адказаў: ён тупаватым, асалавелым позiркам утаропiўся ў акно i, не зважаючы на Бусла, павольна соўгаў скiвiцамi, жуючы хлеб з салам.

– Цi, можа, яму адправiў капаць? Ён з задавальненнем мяне жывога зямлёй закiдае.

– Прышч паехаў у Мiнск, – не паварочваючы галавы i не мяняючы паставы, буркнуў Фiлiн. – А ты не кiпяцiся, лепш закусвай i слухай, што скажу.