– У сэнсе? – туга даходзіла да мяне, што, зрэшты, даравальна, бо ЧМТ.
– У перспектыве, – падсунулася Насця бліжэй і чамусьці пакратала мае вушы, якія тырчалі, бы лакатары. – Вушасты які! – адзначыла, але не здзекліва, а неяк задуменна. – Ці ты супраць? – зноў нечакана агаломшыла пытаннем.
– Я? – перапытаў.
– Не, я, – выдыхнула паветра ўбок дзяўчына, быццам дым пасля зацяжкі цыгарэтай. – Рада бачыць цябе, кажу, у добрым здравіі. На вось, – палезла ў сумачку, дастала пропуск у Дом друку і працягнула мне, – гэта тваё. Газету занесла, у рэдакцыю патэлефанавала, паведаміла пра цябе, – адчыталася. – Супрацоўнікі табе спачуваюць і жадаюць хутчэйшага адужвання і вяртання ў калектыў. – Памаўчала і дадала: – Я таксама.
– Ты – цуд, – інакшых словаў, каб аддзячыць, не знайшоў.
– Я ведаю, – задаволена ўсміхнулася дзяўчына. Затым твар яе спахмурнеў і яна сказала паўшэптам: – Тут чуткі да мяне дайшлі, што ў цябе было сэрца спынілася. Што бачыў, не падзелішся?
– Ды нічога, – неахвотна адказаў я, бо сапраўды нічога не бачыў, а мо проста не памятаў.
– Зусім нічога? Ніякіх тунэляў ці белага святла?.. – не верыла Насця.
– Не, – расчароўваў я яе на роўным месцы. – Хаця, – трэба было нечым здзівіць дзяўчыну і я вырашыў здзівіць, – штосьці альбо кагосьці, хутчэй, бачыў.
Сказаў і замоўк. Нагнятаў паўзу і нецярпенне пачуць працяг.
– Ну і каго… Бога? – зрабіла Насця спробу ўгадаць.
– Не, – адказаў я адмоўна, – лепш.
– І каго ж?
– Цябе.
– Мяне?! – не паверыла Насця, але ёй, напэўна, хацелася, паверыць у тое, што я казаў. – І што я рабіла?
– Клікала мяне за сабой.
– Праўда?
– Праўда. І яшчэ рукой махала, каб паказаць шлях, куды мне рухацца, каб не застацца там, дзе цябе няма.
– Гэта… я… магу, – мовіла Насця марудна праз інтэрвалы. А затым выпаліла: – Ды хлусіш ты ўсё! У вас, журналістаў, у крыві хлусіць.
– Я не журналіст, – рашуча запярэчыў.
– А хто ж тады?
– Паэт.
– Хто?
– Вершы пішу.
– Тады тым больш.
Узнікла нялоўкая паўза, бы прусак прабег паміж намі.
– Але добра, што ты вершы пішаш, – прамовіла затым дзяўчына. – Пачытаеш?
– Цяпер? – спалохаўся чагосьці я.
– Не, не цяпер, – адмовіла Насця і з заклапочаным выглядам зірнула на гадзіннік. – Цяпер мне трэба па справах. Але іншым разам абавязкова! – абнадзеіла.
– Ты яшчэ прыйдзеш? – дакрануўся я да яе далоні з замерлым сэрцам.
– Ну канешне! – супакоіла дзяўчына. – Нават не сумнявайся!
Яна паднялася з ложка, наблізілася да мяне ўсутыч, нахілілася і пацалавала ў губы, доўга і соладка.
– Гэта каб ты не сумняваўся, – патлумачыла пасля. – Лопай пакуль вітаміны. І да сустрэчы!
Насця наблізілася да дзвярэй, падміргнула, як піратка, і сышла, а ў маёй галаве адразу ж успыхнулі вогнішчам рыфмаваныя словы:
Дыягназ кахання паставіла восень
Пячаткаю вуснаў на аркушы зносін:
Дэфект спаткання на свежае ране
Адкрытага пералому кахання.
У поліэтыленавым пакунку з абліччам Курта Кабэйна па баках, прынесеным Насцяй, я выявіў гронку бананаў, пяць вялікіх насычаных чырванню яблыкаў, якіх з’есці, здавалася, тое самае, што ўчыніць злачынства, бо выглядалі яны як шэдэўры сусветнага мастацтва, і літровую каробку апельсінавага соку. З бананамі адбылася цэлая гісторыя ці, лепш, спецаперацыя. Калі б не сусед, які са свайго ложка ва ўсе вочы пазіраў на гасцінцы, што я выклаў з пакунку на тумбачку, напэўна, шляхам памылак і спроб я б неяк зладзіў з экзатычнымі фруктамі: разабраўся б пакрысе, якім чынам іх ядуць. Зразумела, я ведаў, што такое бананы, але ніколі раней блізка з імі не сутыкаўся, тым больш не каштаваў. А выглядаць ідыётам у вачах суседа, як баяры Пятроўскіх часоў, калі ён прывёз з-за мяжы ў Расію бульбу, і тыя елі яе сырую ды неачышчаную ад шалупіння, не хацелася. Я прапанаваў суседу пачаставацца і працягнуў гронку з бананамі. Ён ахвотна адламаў адзін з іх, самы вялікі, заціснуў паміж ног і здаровай рукой спрытна распячатаў плод, бы абабраў кукурузу. Усё ж ідыётам пабыць я паспеў, бо, паўтараючы за суседам, упэўнены, што ўсё раблю правільна, таксама заціснуў адзін з бананаў паміж ног. Сусед рагатаў гэдак, што ледзь паўторна не зламаў шыю пад бандажом. Спачатку я пакрыўдзіўся на яго смех, мяне нават кінула ў чырвань, як рака ў кіпені, аднак у выніку рассмяяўся таксама. Сам жа вінаваты. Лепш бы запытаў проста, язык не адняўся б.