Ён пасля пакепліваў з мяне. Распавёў пра здарэнне жонцы, якая наведвала яго штодня. Яна не смяялася, усміхалася куткамі вуснаў, з-за чаго на шчоках гарэзавалі ямачкі, азараючы яе твар незямным святлом. Здавалася, перажывала яна за мужа больш, чым ён за сябе, уздыхала цяжка, праўда, так, каб ён не пачуў. Прыносіла больш хатняй ежы, баршчы ў судках, катлеты. Што з ім потым сталася, я не ведаў. Наступным днём мяне перавялі ў агульную палату, бо загойвалася ўсё як на сабаку (малады здаровы арганізм, бла-бла-бла, ніводнага сур’ёзнага пашкоджання ўнутраных ворганаў і ўсе косткі цэлыя: біць не ўмееце, рахіты. А за дзірку ў галаве адкажаце! Памяць у мяне фатаграфічная, таму я памятаў твар кожнага), і больш яго не бачыў.

Апынуўся я ў палаце на восем чалавек. У ва ўсіх чмт, усе як партызаны з перабінтаванымі галовамі, у некаторых складаныя пераломы рук ці ног. Зрэшты, нейрахірургічны паверх, калі пройдзеш ім уздоўж і ўпоперак, чым я скарыстаўся адразу ж, каб размяць ногі, цалкам складаўся з падобных бедалаг, улічваючы некалькі жаночых палат.

Праваруч ад майго ложка, пад акном, ляжаў вахцёр Купалаўскага тэатра, хударлявы паважанага веку стары, якога збілі гопнікі на бязлюднай чыгуначнай станцыі Гай, калі ён чакаў апошнюю электрычку, каб вярнуцца з лецішча ў Мінск. Папрасілі закурыць па кананічным законе імбецылаў, далей па сцэнару, таксама ўсім вядомым. Забралі грошы, прадукты, параілі хутчэй здохнуць, бо да старасці жыць – сябе не паважаць. Ён не разумеў, чаму так сталася, за што яго збілі, бо ніколі за ўсё жыццё не сутыкаўся з гвалтам у свой бок. А тут падлеткі… Сілу няма куды дзяваць, дык выпрабоўвайце яе на сабе падобных… Ён распавядаў пра тэатр, актораў з такой далікатнасцю, нібы тыя з’яўляліся недатыкальнымі небажыхарамі і нагадваў мне чамусьці, чым больш распавядаў, дварэцкага ў заможным арыстакратычным катэджы дзе-небудзь на поўдні ЗША.

Леваруч суседнічаў з кіроўцам маршрутнага аўтобуса з Серабранкі ў Малінаўку і назад, прычым па дарозе аб’язджаў яшчэ купу мясцін, уключаючы Трактарны. Ён быў, што называецца, свой хлопец, душа кампаніі і ўлюбёнец дзяўчат. Яны бегалі за ім табунамі. І ён не маніў. На свае вочы бачыў, як да яго штодня прыходзілі дзяўчаты, увесь час розныя. З-за адной з іх і перакуліўся апошнім рэйсам перад тым, як трапіць у бальніцу. Думаў, хоць тут адпачне ад залішняй жаночай увагі, ды дзе там.. Але відавочна яна, увага жаночая, яму падабалася. І да кожнай жанчыны ён знаходзіў патрэбныя словы, і кожную ашчасліўліваў. Гэтаксама часта, як дзяўчаты, да яго прыходзілі міліцыянты. Усё марылі зрабіць вінаватым у наўмыснай шкодзе дзяржаўнай маёмасці. Ён нічога не падпісваў і адмаўляў сваю віну катэгарычна. «Хай паходзяць, – казаў, – ім карысна». Менавіта ён пасля абеду наступнага дня паведаміў, што гэтым разам міліцыянты да мяне. Яго нават падкідала ад узрушэння, што міліцыя цікавіцца не адно ім.

Следчы прыйшоў адзін, без аховы. Такі ж прыгожы, упэўнены ў сабе валадар свету і сваёй правасці, з чорнай тэчкай пад пахай. Прапанаваў спусціцца ўніз у фае, бо мне ўжо было можна, каб без лішніх вушэй абмеркаваць нашу агульную справу.

Фае, прасторнае і вялікае, як ладная спартовая зала, сустрэла нас халоднай абыякавасцю. З большай цікавасцю, але, думаю, не на шмат, яно пазірала ў шкляныя сцены з уваходнымі параднымі дзвярыма, што аддзялялі яго ад вулічных шумоў і руху. Пад шклом на адмыслова пастаўленых туды крэслах варушыліся нешматлікія наведнікі ды тыя, да каго яны прыйшлі. Леваруч ад уваходных дзвярэй і ўсутыч да супрацьлеглай сцяны месцаваліся некалькі шапікаў, у якіх прадавалі фрукты, сокі, печыва, слодычы, беляшы і чабурэкі, а таксама кнігі з латка. Праваруч ад уваходных дзвярэй на сцяне збоку віселі таксафоны, якія займалі яе амаль усю. Шапік белдруку, адзінае месца, дзе можна было набыць тэлефонную картку, каб праз яе скарыстацца гэтымі таксафонамі, знаходзіўся за межамі бальніцы на тэрыторыі транспартнага прыпынку, на якім таксама гандлявалі фруктамі і гароднінай.